Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэзкае падвышэньне коштаў на беларускія санаторыі прывяло да таго, што ў шэрагу выпадкаў адпачынак у Турцыі ці Грэцыі абыдзецца таньней, чым у Місхоры ці Сочы.

Яшчэ нядаўна трапіць у летнія месяцы ў санаторыі «Беларусь» на ўзьбярэжжа Чорнага мора было надзвычай складана: амаль усе месцы загадзя былі выкуплены чыноўнікамі. Цяпер Цэнтар санаторна-курортнага лячэньня Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта «Цэнтракурорт» прапаноўвае пуцёўкі ўсім ахвотным: ніякага ажыятажу на іх няма.

У «Цэнтракурорце» сёлета прапаноўваюць пуцёўкі ў шэраг санаторыяў «Беларусь»: у Сочы, Туапсэ, Юрмале і Друскеніках. Яшчэ некалькі год таму летніх пуцёвак у свабодным продажы амаль не было:

«Можна заехаць у „Беларусь“ у Юрмале з 3 жніўня на любую колькасьць дзён. Двухмесныя і аднамесныя аднапакаёвыя нумары. На кожнага дарослага 53 эўра ў суткі, на дзіця — 50% зьніжка. У Туапсэ з 1 жніўня можна заехаць і з 14 жніўня. Для дзіцяці — 59% зьніжка, і суткі на траіх выходзіць — 5 900 расейскіх рублёў. Калі разглядаць „Беларусь“ у Сочы, то там 3 100 расейскіх рублёў на аднаго чалавека за суткі, для дзяцей — 70% зьніжка, і выходзіць на сям’ю з трох чалавек — 8 тысяч 370 расейскіх рублёў».

Жыхарка Менску Валянціна Міхнік — частая наведніца беларускіх санаторыяў за мяжой. Кажа, што пуцёўку ў санаторый «Беларусь» у Сочы здабывала раней зь цяжкасьцю. А сёлета ад паездкі адмовілася сама:

«Каб трапіць у «Беларусь» у «Сочы — першы раз за мяне дамаўляліся. А сёлета я нават не спрабавала, бо з улікам усіх перадалімпійскіх падзеяў гэта будзе вельмі дорага. Сёлета еду ў Крым, дзе была і летась — і ўмовы неблагія, і па коштах прымальна».

Рэдактар выдавецтва «Рыф-тур» Натальля Плыткевіч мяркуе, што турыстычныя плыні зараз цалкам залежаць ад коштаў на адпачынак. І беларускія турысты выбіраюць замежныя курорты, якія часта таньнейшыя, чым беларускія за мяжой:

«Я не магу сказаць, што ў беларускія санаторыі былі такія вялікія плыні, бо іх усяго 3–4 — гэта нават нельга назваць плынямі. Так, яны былі загружаныя, але калі гэта ўсё было дзяржаўнае і чыноўнікі езьдзілі па нейкіх датацыях і ільготных коштах. А зараз для ўсіх умовы роўныя, а таму колькасьць ахвотных зьменшылася. А цяперашнія турыстычныя трэнды — Турцыя, Баўгарыя, Грэцыя, Харватыя, Крым. Адпачынак там ёсьць вышэйшы па коштах, чым у беларускіх санаторыях за мяжой, ёсьць роўны, а ёсьць нават таньнейшы. У каго ёсьць сродкі, той едзе за мяжу, а ў каго няма — едзе на лецішча ці да бабулі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG