Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Утылізацыйны збор на аўто абмінуў Беларусь. Часова?


Дзяржаўная дума Расеі ўсё ж прыняла спрэчны закон аб утылізацыйным зборы на імпартаваныя транспартныя сродкі. Дакумэнт набывае моц 1 жніўня 2012 году. Экспэрты называюць яго цалкам лабісцкім.

Паводле заканадаўцаў, збор будзе спаганяцца дзеля «забесьпячэньня экалягічнай бясьпекі за кожны аўтамабіль, які ўвозіцца на тэрыторыю Расеі». Новаўводзіны ня тычацца транспартных сродкаў, вырабленых на расейскіх аўтазаводах.

Адпачатку меркавалася, што ўтылізацыйны збор будзе распаўсюджвацца і на іншых сябраў Мытнага зьвязу — Беларусь і Казахстан. Аднак у чэрвені кіраўнікі ўрадаў трох краінаў пастанавілі: да ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю Менск і Астана ад збору будуць вызваленыя.

Аднак няма ніякай гарантыі, што ўніфікаваць нормы не давядзецца ўжо ў бліжэйшай пэрспэктыве. А гэта азначае, што пры такім раскладзе і без таго нятанныя аўтамабілі зноў падаражэюць. Калі на новыя аўто гаворка пра сумы ад 1500 эўра ў залежнасьці ад аб’ёму рухавіка, то на ўжываныя машыны стаўкі будуць мець падвышальны каэфіцыент. Прыкладам, на машыну, старэйшую за 5 гадоў, збор будзе стартаваць ад 3000 эўра. Гаворыць юрыст-праваабаронца па аўтамабільнай тэматыцы Алег Маркевіч:

«Гарантыяў ніякіх няма. Мяркуючы па ўсім, плаціць усё ж давядзецца. Расейскае лобі моцнае, так што ўрэшце праціснуць. Практыка сьведчыць: як бы Беларусь нешта доўга ні адцягвала, яна прымае тыя ўмовы, якія, магчыма, крыху зьмякчаныя, але ўсё адно дыктуюцца расейскім бокам. Таму ня выключана, што да цяжару ў выглядзе ранейшай уніфікацыі пад расейскае мыта дадасца і гэты ўтылізацыйны збор. Няхай сабе не ў найбліжэйшай будучыні, але што ў пэрспэктыве — амаль не сумняюся. Калі ўзьнікне торг за нешта іншае, будуць меркаваць так: штосьці перакласьці на фізычных асобаў, каб ад прэфэрэнцыяў Расеі выйгралі дзяржаўныя структуры. Такім чынам, прыярытэт будзе аддавацца дзяржаве, але ніяк не асобна ўзятаму беларускаму грамадзяніну».

Пакуль невядома, як на пратэкцыянісцкія захады расейскага ўраду адрэагуюць іншыя сябры Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Незалежныя экспэрты ў Расеі не выключаюць, што загараджальны збор выкліча незадавальненьне ў іншых краінах — аж да таго, што такі крок Масквы можа быць апратэставаны праз судовы орган арганізацыі.
XS
SM
MD
LG