Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У актывісткі «Гавары праўду» арыштавалі машыну за няcплачаныя штрафы


Аксана Самуйлава

Аксана Самуйлава

У магілёўскай актывісткі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Аксаны Самуйлавай арыштавалі машыну на той падставе, што Аксана не сплаціла два штрафы паводле двух судовых выракаў 2010 й 2011 гадоў.

Пра гэта актывістка даведалася 12 ліпеня ў Кастрычніцкім судзе Магілёва. Машыну арыштавалі 11 ліпеня.

Самуйлава: «У 2010 годзе мне прысудзілі штраф за тое, што я нібыта пабіла супрацоўніка аховы заводу „Ліфтмаш“, а ў 2011 годзе — за друкаваную прадукцыю, якую канфіскавалі ў мяне супрацоўнікі міліцыі. Артыкул быў „Распаўсюд друкаванай прадукцыі“, хоць я яе толькі везла. Вось за гэтыя штрафы вырашылі арыштаваць мой аўтамабіль. Агульная сума штрафу — 1 мільён 175 тысяч рублёў. Спагнаць гэтыя штрафы чамусьці вырашылі менавіта пасьля таго, як я заявіла пра свой удзел у выбарчай кампаніі. Мне так патлумачылі, што яны могуць забраць машыну, а потым вярнуць розьніцу».

Як сьцьвярджае Аксана Самуйлава, ніякіх патрабаваньняў выплаціць штраф яна не атрымлівалі ані праз пошту, ані праз тэлефон. Пра тое, што суд пастанавіў арыштаваць транспартны сродак, яна даведалася ўчора ад супрацоўнікаў дзяржаўтаінспэкцыі, якія спынілі яе ў Магілёве. Кастрычніцкі суд вынес пастанову пра гэта 18 чэрвеня. Цяпер машына актывісткі на штрафстаянцы.

Судовыя выканаўцы абяцаюць вярнуць машыну пасьля таго, як Самуйлава сплаціць штраф. Але не тлумачаць працэдуру, як гэта будзе зроблена.

Самуйлава таксама ня можа атрымаць копію пастановы суду Кастрычніцкага раёну Магілёва, дзе гаворыцца пра канфіскацыю машыны.

Арышт машыны, настойвае Аксана Самуйлава, зьвязаны зь яе намерамі балятавацца ў Палату прадстаўнікоў па Бабруйскай 79-й выбарчай акрузе. Аўтамабіль ёй неабходны, каб езьдзіць з Магілёва ў Бабруйск.

Самуйлава: «Усё гэта дзіўна. Два гады яны маўчалі, а цяпер выплата штрафаў стала раптам актуальная. У судзе сказалі, што мяне не маглі знайсьці, таму й вырашылі арыштаваць машыну».
XS
SM
MD
LG