Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карняенку ня выпусьцілі зь Беларусі


Віктар Карняенка
Віктар Карняенка

Улады ня выпусьцілі з краіны сустаршыню кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктара Карняенку.

Карняенка зьбіраўся вылецець у Вену на сэмінар АБСЭ па пытаньнях выбараў. На нарадзе зьбіраецца прысутнічаць старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

У аэрапорце «Менска-2» яму паведамілі, што ён невыязны і паставілі ў пашпарт адпаведную пячатку.

«Мне нічога не патлумачылі. Я атрымаў пасадачны талён, усё прайшоў. А на пашпартным кантролі памежнікі мне сказалі, што ёсьць забарона на мой выезд. І тлумачэньняў больш не было. Я нават сфатаграфаваў: побач мой пасадачны талён і штамп „У выезьдзе адмоўлена“, усё добра бачна», — заявіў Карняенка карэспандэнту Свабоды. - Я зьбіраўся ў Вену на гэтую канфэрэнцыю, якая там адбываецца цягам двух дзён і ў якім бярэ ўдзел старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. На гэтае мерапрыемства ў мяне таксама было запрашэньне, якое мне ўчора даслалі, каб я сёньня раніцай мог прыляцець і ўзяць удзел у другім працоўным дні. Але гэтага, відаць, не захацелі беларускія ўлады».

Як ставіцца Карняенка да ўдзелу Ярмошынай у гэтым сэмінары ў Вене?

"Неабачліва паступілі тыя палітыкі, якія лічаць, што яшчэ ёсьць нейкія спадзяваньні на тое, што гэта каманда, якая робіць выбары ў Беларусі, можа наблізіцца да дэмакратычных стандартаў у галіне іх правядзеньня. Гэта марныя спадзяваньні. І таму лічу гэта памылкай".

11 ліпеня ў доме сустаршыні кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктара Карняенкі ў Фаніпалі прайшоў ператрус паводле санкцыі пракурора.

Карняенкі канфіскавалі наклад бюлетэняў «За справядлівыя выбары».

10 сакавіка беларускія памежнікі ня выпусьцілі з краіны каардынатара кампаніі «За свабодныя выбары» Віктара Карняенку і старшыню партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна. Палітыкі накіроўваліся ў Літву.

Пра забарону на выезд зь Беларусі Карняенку і Калякіну паведамілі на памежным пункце «Каменны Лог» беларуска-літоўскай мяжы.


Два дзясяткі невыязных

У сакавіку, гаворачы пра сьпіс невыязных, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «А мы зрабілі. І то мы яго яшчэ не ўвялі. На поўную моц яшчэ не ўвялі. Але ўвядзем».

Пасьля гэтага за мяжу ў розны час не змаглі выехаць два дзясяткі палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў і журналістаў.

Сярод іх:

  • рэдактар тыднёвіка «Наша Ніва» Андрэй Дынько
  • старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жана Літвіна
  • старшыня «Беларускага Хэльсынскага камітэту» Алег Гулак
  • праваабаронца Валянцін Стэфановіч
  • старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька
  • старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін
  • ягоны намесьнік Валеры Ўхналёў
  • намесьнік кіраўніка руху «За свабоду» Віктар Карняенка
  • старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Станіслаў Шушкевіч
  • палітык Вінцук Вячорка
  • сябра аргкамітэту партыі «Беларускі рух» Віктар Івашкевіч


22 чэрвеня суд Маскоўскага раёну Менску загадаў Міністэрству ўнутраных спраў выбачыцца перад праваабаронцам Гары Паганяйлам за «памылковае» ўключэньне яго ў сьпіс невыязных.

Скарга дырэктара інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Андрэя Бандарэнкі на ўключэньне яго ў сьпіс невыязных будзе разглядацца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску 16 ліпеня.

А 17-га суд разгледзіць аналягічныя скаргі праваабаронца Валянціна Стэфановіча і кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі.

Указам ад 4 ліпеня Аляксандар Лукашэнка даў КДБ права не пускаць за мяжу беларусаў, якія знаходзяцца на прафіляктычным уліку ў ворганах дзяржбясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG