Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трохі палітінфармацыі напярэдадні рамазану


Аятала Алі Хамэнэі

Аятала Алі Хамэнэі

Заявы духоўнага лідэра Ірану аяталы Алі Хамэнэі пра набліжэньне канца сьвету мы папрасілі пракамэнтаваць Сяргея Богдана, экспэрта ў справах мусульманскага сьвету.

Сяргей Богдан

Сяргей Богдан

Богдан: Пасланьне правадыра ісламскай рэвалюцыі Алі Хамэнэі не нясе нейкай новай інфармацыі ў параўнаньні з стандартнымі казанямі шыіцкіх мулаў. Хіба трохі палітінфармацыі ў зьвязку з актуальнымі міжнароднымі праблемамі краіны напярэдадні пачатку месяца рамазан (20 ліпеня), але і такая палітінфармацыя ня ёсьць чымсьці надзвычайным, гэта зусім стандартная завядзёнка пасьля ісламскай рэвалюцыі 1979 году. Такія самыя выступы можна было пачуць і год, і дзесяць, і дваццаць таму.

Прыход Магдзі – «чаканага», «схаванага» імама альбо «Імама Часу» – сапраўды будзе азначаць канец сьвету і надыход Суднага дня. Паводле шыіцкага вучэньня гэты імам – дванаццаты нашчадак Прарока Мухамада – зьнік у падвале свайго дому ў Іраку ў 9 стагодзьдзі, але невідочна прысутнічае дагэтуль дзесьці ў сьвеце, бо сьвет ня можа быць пазбаўлены кіраваньня імама. І вось ужо больш як тысячу гадоў мулы заклікаюць вернікаў чакаць і быць гатовымі да яго прыходу. Чакаць, адначасова тлумачаць яны, азначае быць гатовымі да астатняга змаганьня супраць зла, якое распачнецца пасьля прыходу Магдзі, такі сабе Армагедон, у якім задзейнічаныя вядомыя хрысьціянам постаці – Хрыстос і Антыхрыст (Даджал).

Таму вучэньне пра надыход Магдзі ёсьць звычайным кампанэнтам шыізму, хочаш быць шыітам – мусіш трымацца гэтага перакананьня. Уяўленьні пра Судны дзень – літаральна дзень паўстаньня (кыямат) – у мусульманаў-сунітаў троху адрозьніваюцца (прыкладам, яны, у адрозьненьне ад шыітаў, не настойваюць на тым, што гэта – ужо існуючы дзесьці нашчадак Прарока Мухамада). Суніты пад уплывам гістарычных акалічнасьцяў увогуле надавалі такой драматычнай эсхаталёгіі менш увагі, бо сунізм збольшага заўжды быў на баку кіроўных элітаў, зацікаўленых хутчэй у захаваньні сьвету і свайго панаваньня ў ім.

Што ж да адкрыцьця за часамі Хамэнэі ў Іране цэнтраў па вывучэньні і зборы інфармацыі аб прыходзе Магдзі, дык гэта хутчэй спробы ўзяць пад кантроль шалёныя і дэструкцыйныя містычныя вучэньні і ўтаймаваць пэўныя колы фанатычных вернікаў. Гэта яўна ня спробы распаліць агонь чаканьняў Суднага дня.

Духавенства і сам Хамэнэі адразу ж зрэагавалі на спробы прэзыдэнта Ахмадзінэжада спэкуляваць на народным містыцызьме – чаканьні Магдзі – калі колькі гадоў таму ў Іране распаўсюдзілася відэа, дзе Ахмадзінэжад распавядае пра зьяўленьне ў яго арэола і іншыя містычныя перажываньні ў часе расповеду пра Магдзі ў Генэральнай Асамблеі ААН. У выніку Ахмадзінэжад у апошнія гады трансфармаваўся ў іранскага нацыяналіста.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG