Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Славянскі базар»: падрыхтоўка з затрыманьнямі


Урачыстае адкрыцьцё 21-га міжнароднага фэстывалю «Славянскі базар» у Віцебску адбудзецца ўвечары 12-га ліпеня.

Цяпер ідзе апошняя падрыхтоўка — ня столькі да самога фэстывалю, колькі да прыезду на ўрачыстае адкрыцьцё Аляксандра Лукашэнкі.

Самая галоўная прыкмета набліжэньня «Славянскага базару» — гэта сьпешнае асфальтаваньне вуліц, брукаваньне ходнікаў пліткаю і падрыхтоўка да адкрыцьця новых гарадзкіх аб’ектаў. Сёлета рыхтуюць чарговы супэрмаркет сеткі «Эўраопт» на Маскоўскім праспэкце.
Супермаркет — таксама фэстывальны аб’ект.

Супермаркет — таксама фэстывальны аб’ект.


А вось здаць падземны пераход да летняга амфітэатру, падобна, так і не пасьпеюць. Гэты пераход мае злучыць галоўную канцэртную пляцоўку фэстывалю і гарадзкія аб’екты на супрацьлеглым баку вуліцы Леніна — там прыпынак грамадзкага транспарту і культурна-дзелавы комплекс «Марка-сіці». За колькі мэтраў адсюль месьціцца так званы «сіні дом» — жылы будынак з крамай на першым паверсе, каля якой распаўсюджвае незалежную прэсу віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда.
Барыс Хамайда

Барыс Хамайда

Спадар Хамайда назірае за падрыхтоўкай да фэстывалю штогод. Цікаўлюся, ці заўважыў ён сёлета нешта адметнае.

«Звычайны „Славянскі базар“. Ай, ён такі будзённы. Мне падаецца, што людзі на той „базар“ і ўвагі не зьвяртаюць! Ва ўсіх свой клопат, усе займаюцца сваімі справамі... Я во гляджу, дзе ў касах квіткі прадаюцца, — там ні чэргаў няма, ні ажыятажу нейкага. Такое ўсё будзённае, рутына нейкая!»

Каля касаў і праўда няма чэргаў. Касірка кажа, што яшчэ ў чэрвені разабралі ўсе квіткі на канцэрт зорак расейскага шансону і «на Верку Сярдзючку». Кошт квіткоў на гэтыя канцэрты сярэдні — ад 60 да 300 тысяч рублёў.

Самыя дарагія квіткі — на адкрыцьцё фэстывалю, куды чакаюць Аляксандра Лукашэнку. Гледачы ўбачаць на ім таксама пераможцу сёлетняга Эўрабачаньня, швэдзкую сьпявачку Loreen, знакамітых «Буранаўскіх бабуль», што прадстаўлялі на Эўрабачаньні Расею, іншых вядомых выканаўцаў. Квіткі на гэтае шоў каштуюць ад 460 да 750 тысяч рублёў. Іх у продажы таксама няма, але разьбіраюць іх звычайна не прыватныя асобы, а ўстановы ды арганізацыі — па разнарадцы. Таму ў першых шэрагах падчас тэлетрансьляцыі адкрыцьця можна ўбачыць старшыняў райвыканкамаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і гэтак далей.
Доўгіх чэргаў каля касаў не відаць.

Доўгіх чэргаў каля касаў не відаць.


На канцэрты беларускіх зорак квіткі яшчэ ёсьць, але яны ня дужа карыстаюцца попытам. А ўвогуле амаль нічога нацыянальна адметнага на «Славянскім базары» і няма, кажа Барыс Хамайда:

«Хіба тое, што будзе Дзень Беларусі, як Дзень Украіны і Дзень Расеі. А так — няма тут нічога такога. Я, вядома, мару, каб гэты „славянскі базар“ некалі ператварыўся ў „беларускі кірмаш“ і каб сюды прыяжджала шмат гасьцей...»

Зрэшты, у нейкі кірмаш «Славянскі базар» паціху і ператвараецца: на цэнтральных вуліцах стаяць гандлёвыя рады з таварамі беларускіх вытворцаў. Без гандлёвых надбавак некаторыя вырабы карыстаюцца попытам. А яшчэ на вуліцах зьявілася шмат ядальняў, у тым ліку і з алькагольнымі напоямі. Каля самага амфітэатру выставіў свае шапікі віцебскі лікёра-гарэлачны завод...
«Кропка» віцебскага лікёра-гарэлачнага — адна з найбліжэйшых да амфітэатру.

«Кропка» віцебскага лікёра-гарэлачнага — адна з найбліжэйшых да амфітэатру.


Утаймоўваць ня дужа цьвярозых аматараў сьпеўнага мастацтва будзе міліцыя: яна ўжо працуе ў надзвычайным рэжыме. Учора міліцэйскі патруль ужо цікавіўся ў Барыса Хамайды, ці мае той дазвол на распаўсюд незалежнай прэсы. Сёньня міліцыянты падышлі ізноў, і нашу размову пра «Славянскі базар» давялося працягваць ужо праз тэлефон — бо апазыцыянэра затрымалі і завезьлі ў Чыгуначны РАУС.

«Кіраўнік РАУС, намесьнік, два падпалкоўнікі мяне затрымалі. Пад’ехаў мікрааўтобус, усё маё туды загрузілі... Яны патрабуюць, каб я там не стаяў. Я адказаў: «Буду стаяць, хоць каменьне зь неба! Альбо буду стаяць, альбо сядзець у ІЧУ!»

У мінулыя гады на пачатку фэстывалю «Славянскі базар» Барыса Хамайду затрымлівалі і давалі «суткі» за несанкцыянаванае пікетаваньне. Ягоны бел-чырвона-белы парасон і незалежныя выданьні, якія распаўсюджвае актывіст, лічацца небясьпечнымі ў гэтыя дні. Затое насупраць у шапіку пад шыльдай «Фестивальный Витебск» гасьцям сьвята прапануюць набыць магніты або майкі з надпісамі «Бабло побеждает зло» і «Я отвечаю за базар».
XS
SM
MD
LG