Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазавік: «Заклікі да каляровай рэвалюцыі будуць выдаляцца з эфіру»


Паводле сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, дэбаты на парлямэнцкіх выбарах будуць праводзіцца ўпершыню, і як яны пройдуць — невядома.

«Гэта цёмны лес для нас і для тэлекампаніяў», — адзначыў Лазавік.

«Цяпер 110 выбарчых акругаў, і, напрыклад, вам у Менску зусім нецікава, што будуць казаць у Гомелі ці Берасьці. Таму, па-першае, паўстала пытаньне — разьвесьці па тэлестудыях, каб менчукі ня слухалі гамельчукоў, берасьцейцы — віцяблян. Па-другое, у Менску 20 акругаў, і ня зробіш так, каб у Партызанскім раёне працавала адна тэлекампанія, а ў Ленінскім — іншая. Таму жыхарам усіх 20-ці акругаў давядзецца слухаць усіх кандыдатаў».

Падчас рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты будзе праведзена лёсаваньне эфірнага часу для праграмных выступаў. Таксама кандыдаты пададуць заяўкі на ўдзел у дэбатах.

«Колькі будзе ахвотных, невядома. Разьлічваем, што ўсе зарэгістраваныя кандыдаты. Па рэгіёнах іх будзе чалавек пяць, у Менску — сем на акругу. Кожнаму кандыдату будзе дадзена на ўдзел у дэбатах 5 хвілін і 5 хвілін вядоўцу».

Паводле Лазавіка, дэбаты будуць трансьлявацца ў запісе, «афіцыйнага цэнзара ня будзе»:

«Будзе адсочвацца, што выступы павінны адпавядаць закону аб СМІ. За выкананьне закону аб СМІ адказвае рэдакцыя СМІ. Таму ніводзін кіраўнік не захоча, каб з экрана заклікалі да нейкай „каляровай рэвалюцыі“. Калі такое будзе, то, натуральна, будзе запрашацца кандыдат і яму будзе ўказана, што гэта не адпавядае закону аб СМІ і давайце гэта выдаляць з эфіру».
XS
SM
MD
LG