Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абітурыентам журфаку — дадатковы бал за дзяржаўныя СМІ


Абітурыентам журфаку БДУ даюць дадатковыя балы за сачыненьні са спасылкамі на дзяржаўныя СМІ і не рэкамэндуюць узгадваць незалежныя мэдыі.

Пра тое, што абітурыентам журфаку БДУ ня раяць спасылацца на незалежныя газэты, радыё і інтэрнэт-рэсурсы на ўступных іспытах, адна з будучых студэнтак распавяла журналістам «Салідарнасьці». Зараз размаўляць на гэтую тэму дзяўчына адмаўляецца, асьцерагаючыся за сваё паступленьне. Але ў прыёмнай камісіі БДУ гэтую інфармацыю пацьвердзілі:

«Напярэдадні іспыту па сачыненьні праводзіцца кансультацыя. Я заўсёды, да прыкладу, кажу пра такую тэму: дапусьцім, ёсьць тэма зьнікненьня людзей. І спасылка на артыкулы па гэтай тэме, калі пра яе дзесьці ўжо гаварылася ў нашых друкаваных дзяржаўных выданьнях, — за гэта плюс у працы ставіцца, дадатковы бал. А недзяржаўныя — яны ўвогуле нідзе ня ўлічваюцца, і вашы друкаваныя працы, апублікаваныя ў недзяржаўных СМІ, ня будуць прымацца. Бо ў правілах напісана: друкаваныя СМІ — дзяржаўныя. Я не чытала ніводнага разу, каб была забарона зь пералічэньнем „Народнай волі“, „Нашай нівы“ і гэтак далей, але я разумею, што адэкватны чалавек сам будзе пісаць сачыненьне адэкватна, каб паступіць у ВНУ».

Гэткім чынам абітурыентам БДУ ў неафіцыйнай форме не рэкамэндуюць спасылацца на інтэрнэт-сайт «Хартыя-97», «Салідарнасьць», газэту «Наша Ніва», Радыё Свабода і іншыя. Рэдактар «Салідарнасьці» і намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандар Старыкевіч гэтак пракамэнтаваў сытуацыю:

«Стаўленьне дзяржаўных установаў, у тым ліку ВНУ, да недзяржаўных мэдыяў даўно не сакрэт. На тым жа журфаку сыстэматычна зьяўляюцца праблемы ў тых, хто хацеў бы разьмеркавацца ў незалежныя СМІ. Таму гэтая гісторыя мала чаго дадае да агульнавядомай сытуацыі. Хіба што ўражвае адкрытасьць, зь якой прадстаўнікі ўлады дзеляць прэсу на вышэйшы і ніжэйшы гатунак. Гэта сёньняшняя рэальнасьць, але я ўсё ж спадзяюся, што гэтае глупства скончыцца разам з тым глупствам, якое ёсьць у краіне наогул».
XS
SM
MD
LG