Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбаркамы пачалі прымаць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп


Патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў могуць падаваць дакумэнты ў акруговыя выбарчыя камісіі на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра гэта заявіў 11 ліпеня журналістам сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. Ён адзначыў, што «дэмакратычныя, лібэральныя навацыі, якія прымяняліся падчас прэзыдэнцкіх выбараў, у поўным аб’ёме будуць прымяняцца і цяпер».

«Правядзеньне пікетаў па зборы подпісаў ужо выведзена з-пад дзеяньня закону аб масавых мерапрыемствах, і ў выбарчым кодэксе выразна прапісана, што пікеты праводзяцца нават без узгадненьня зь мясцовымі ўладамі. Адзінае, што павінны былі зрабіць мясцовыя ўлады да 10 ліпеня, — гэта сваім рашэньнем вызначыць тыя месцы, дзе забаронена праводзіць пікеты. Такіх месцаў нямнога».

Паводле Лазавіка, Менгарвыканкам прыняў «даволі лібэральнае» рашэньне. Правядзеньне пікетаў у Менску забаронена на чатырох плошчах — Прывакзальнай, Кастрычніцкай, Перамогі і Незалежнасьці. А таксама каля адміністратыўных будынкаў прэзыдэнцкай адміністрацыі, Нацыянальнага сходу і Менгарвыканкаму і раённых адміністрацыяў.
Пікеты трэба ўстанаўліваць там, дзе ходзяць людзі, каб яны бачылі.

«У астатніх месцах — калі ласка. На мінулых выбарах некаторыя спрабавалі забараніць пікеты там, дзе гэта перашкаджае руху пешаходаў. Мы жорстка крытыкавалі такую пазыцыю. Прабачце, дык а дзе ўсталёўваць такія пікеты — там, дзе людзі ня ходзяць? Пікеты трэба ўстанаўліваць там, дзе ходзяць людзі, каб яны бачылі. Хаця, зь іншага боку, форма збору подпісаў у выглядзе пікетаў ня вельмі эфэктыўная. Бо подпісы трэба сабраць ад выбарцаў толькі сваёй акругі. А дзе гарантыя, што па гэтым ходніку будуць хадзіць выбарцы толькі тваёй акругі? Дый ня ў кожнага ў кішэні пашпарт. Таму самы надзейны спосаб збору подпісаў — гэта ад дзьвярэй да дзьвярэй. І гэтым спосабам будуць карыстацца практычна ўсе, хто жадае рэальна вылучыцца».

Лазавік адзначыў, што існуюць тры спосабы вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты: ад палітычных партыяў, працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам збору подпісаў.

«Тыя, хто хоча рэальна абрацца, найбольш актыўна будуць выкарыстоўваць спосаб збору подпісаў. Бо гэта вельмі эфэктыўны спосаб агітацыі яшчэ да пачатку агітацыйнай кампаніі».

Паводле Лазавіка, партыі на сваім зьезьдзе могуць вылучыць 110 кандыдатаў, то бок — у кожную акругу. Прычым не абавязкова, каб гэты кандыдат пражываў на тэрыторыі выбарчай акругі.

«То бок палітычная партыя знаходзіцца ў самых прывілеяваных умовах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG