Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал Сівакоў пра швэдзкі самалёт: складана стварыць такую віртуальную карцінку


Беларускія вайскоўцы працягваюць настойваць на тым, што, паколькі 4 ліпеня парушэньня паветранай прасторы наземныя службы не зафіксавалі, то, адпаведна, ніякі замежны самалёт-парушальнік на тэрыторыю краіны не залятаў.

Такім чынам, гісторыя са швэдзкім самалётам, які паўтары гадзіны кружляў над беларускімі гарадамі і вёскамі, скінуўшы блізу 800 цацачных мядзьведзікаў з прычэпленымі цыдулкамі ў абарону свабоды слова, падаецца як цалкам прыдуманая правакацыя замежных спэцслужбаў.

Сёньня ў Кіргізстане пачалося паседжаньне каардынацыйнага камітэту ў пытаньнях супрацьпаветранай абароны краін СНД. Да Беларусі ўвага асаблівая: тыдзень таму, ігнаруючы радары войскаў супрацьпаветранай абароны, на тэрыторыю краіны зь Літвы бесьперашкодна ўляцеў лёгкаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам і гэтак жа беспраблемна вярнуўся назад. Тым часам кіраўнік беларускай дэлегацыі, камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Дзьмітрый Пахмелкін спрабуе падаць пракол у паветраным шчыце як пачатак шырокамаштабнай кампаніі супраць Беларусі.

Зыходзячы зь лёгікі генэрал-маёра, паколькі 4 ліпеня сродкі сачэньня за паветранымі аб’ектамі не фіксавалі парушэньня дзяржаўнай мяжы невядомым самалётам, то ўсё, пра што зараз пішуць у прэсе — «стопрацэнтная правакацыя супраць Беларусі пры падтрымцы замежных спэцслужбаў». Вайсковы чын запэўніў калегаў, што ў выпадку фіксацыі паветранага судна былі б зробленыя неадкладныя захады для яго пасадкі і затрыманьня — маўляў, паводле беларускіх законаў нельга адкрываць агонь на паражэньне па цывільных самалётах. Праўда, у сярэдзіне 1990-х беларускія законы не перашкодзілі ваенным расстраляць паветраны шар з амэрыканскімі паветраплавальнікамі.

У сеціве зьявіліся відэаматэрыялы, зьнятыя як з кабіны самалёта, так і зь зямлі. Яны пацьвярджаюць факт пралёту швэдзкага экіпажу над Івянцом і ўскраінай Менску. Нягледзячы на гэта, зьвязаныя ўзаемнымі абавязаньнямі ваенныя саюзьнікі Беларусі гэтаксама намагаюцца падаць інцыдэнт як «фантазію» «ўяўных» арганізатараў плюшавага дэсанту ды несумленных сродкаў масавай інфармацыі. Гаворыць старшыня Грамадзкай рады пры Міністэрстве абароны Расеі, вайсковы экспэрт Ігар Каротчанка:

«У Беларусі вельмі эфэктыўная сыстэма супрацьпаветранай абароны, у тым ліку забясьпечваецца кантроль радарамі цэляў на звышнізкіх вышынях. Таму я ўсё ж схіляюся да думкі, што парушэньня паветранай прасторы не было, а ўсё гэта сплянаваная правакацыя дзеля таго, каб інтэнсыфікаваць браджэньне ў грамадзтве, дзе ёсьць пэўныя людзі і палітычныя структуры, якія жадаюць зьмяніць існуючы рэжым. Гэта чыста піяр-ход, які адносіцца да шэрагу так званых „актыўных мерапрыемстваў“. Патлумачу, што „актыўнымі мерапрыемствамі“ ў часы СССР называлі апэрацыі спэцслужбаў, нацэленыя на дасягненьне пэўных інфармацыйных задачаў у мэдыйнай прасторы».

Карэспандэнт: «Але ж існуе дастаткова відэаматэрыялаў, якія сьведчаць пра рэальны пралёт самалёта над тэрыторыяй Беларусі...»

«Любыя відэаматэрыялы ня могуць насіць праўдзівы характар, бо, падкрэсьлю
Беларуская армія пасьля расейскай — самая боегатовая на ўсёй постсавецкай прасторы ...

яшчэ раз, у Беларусі вельмі эфэктыўная сыстэма супрацьпаветранай абароны. Беларуская армія пасьля расейскай — самая боегатовая на ўсёй постсавецкай прасторы. Таму я схільны лічыць, што інцыдэнт, пра які мы сёньня з вамі гаворым, — гэта ўсё ж інфармацыйная акцыя. Сыстэма кантролю за любымі цэлямі, якія могуць парушыць паветраную прастору Беларусі, асабліва з боку сумежных краінаў НАТО, пастаўленая надзвычай эфэктыўна».

Генэрал-лейтэнант Юрый Сівакоў у бытнасьць начальнікам аддзелу апэратыўнага рэагаваньня Савету бясьпекі ўзначальваў Дзяржаўную камісію па высьвятленьні абставінаў гібелі амэрыканскіх паветраплавальнікаў, чый паветраны шар быў зьбіты ваеннай авіяцыяй у небе над Бярозай. Многія перакананыя: калі б радарам удалося запэленгаваць 4 ліпеня самалёт-парушальнік, наступствы для швэдаў маглі б быць такія ж трагічныя. Праўда, адрозна ад падзеяў 17-гадовай даўнасьці, цяпер вышэйшае камандаваньне запэўнівае: ніякага перасячэньня паветранай мяжы не было, а распаўсюджанае ў сеціве відэа — фальшыўка. Дык ці насамрэч яно падроблена?

«Вельмі складана стварыць такую віртуальную карцінку, калі ўласна факту
павінна быць больш аргумэнтаванае абвяржэньне — гэтага не магло быць, таму што быць не магло ...

на самой справе не было. Па ўсёй верагоднасьці, з боку адпаведных структур павінна быць больш аргумэнтаванае абвяржэньне — гэтага не магло быць, таму што быць не магло. А зацягнутае маўчаньне толькі стварае навокал аўру загадкавасьці. Усе чакаюць, калі паляцяць галовы, як пасьля прызямленьня Руста на Краснай плошчы. То бок — народ у чаканьні: калі кагосьці з пасады здымуць ці камусьці штосьці абрэжуць, значыць, на самой справе было. Сытуацыя непрыемна зацягнулася ўва ўсіх адносінах. Але ў прынцыпе, вядома, для дзяржавы нават узьнікненьне самой такой інфармацыі — з улікам усіх сёньняшніх складнікаў сацыяльна-эканамічнай сытуацыі — не зусім прыемнае. І для кіраўніцтва, і ў цэлым для ўсяго. Тут аспэктаў надзвычай шмат — ад таго, што здарылася адразу на другі дзень пасьля гэтага параду, і г.д. Адным словам, падставаў да развагаў больш, чым хацелася б».

Паводле некаторых зьвестак, у структуры Савету бясьпекі створаная спэцыяльная камісія, якая распачала шырокамаштабную праверку ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны. У Міністэрстве абароны і Дзяржаўным памежным камітэце на ўсе журналісцкія запыты ўжо тыдзень паўтараюць адно і тое ж: парушэньняў мяжы ў паветранай прасторы Беларусі не фіксавалася, а наяўная інфармацыя пра гэта ў СМІ вывучаецца і правяраецца. Паказальна, што абароннае ведамства Літвы 5 ліпеня пацьвердзіла, што днём раней быў зафіксаваны несанкцыянаваны пралёт у беларускім напрамку паветранага судна, але там адмовіліся ўдакладніць, ці быў гэта менавіта швэдзкі самалёт з цацачнымі мішкамі на борце. У інтэрвію «Свабодзе» ў Міністэрстве абароны Літвы сказалі, што для літоўскага боку гэтая тэма ўжо вычарпаная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG