Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Славянскі базар» бароняць ад Барыса Хамайды


Барыс Хамайда
Барыс Хамайда

Віцебскага распаўсюдніка незалежнай прэсы затрымалі ў цэнтры гораду — калі так званага «сіняга дома», што насупраць амфітэатру, дзе будуць праходзіць канцэрты.

Затрымліваць апазыцыянэра прыехалі высокія міліцэйскія чыны.

«Начальнік Чыгуначнага РАУС, два падпалкоўнікі — усе прыехалі. Пагрузілі мае рэчы ў машыну, завезьлі ў пастарунак. Там праводзілі прафіляктычную гутарку: каб не стаяў у цэнтры гораду зь незалежнымі выданьнямі. Я сказаў: „Стаяў і стаяць буду, хоць каменьне зь неба“. На тым пакуль разышліся — мяне адпусьцілі, пратрымаўшы з гадзіну і ня склаўшы ніякіх дакумэнтаў», — апавёў Барыс Хамайда.

Апазыцыянэр кажа, што 10 і 11 ліпеня да яго двойчы падыходзілі міліцыянты — спачатку проста пацікавіцца, ці ёсьць у яго дазвол на распаўсюд газэт і часопісаў. Спадар Хамайда адказваў, што выходзіць сюды не адзін год і яму не патрэбна ні ў кога пытацца дазволу. Пад сваім бел-чырвона-белым парасонам ён стаіць каля дома № 28 па вуліцы Леніна штодня, апрача выходных. І мінакі падыходзяць да яго ня толькі па незалежны друк, але й каб проста паразмаўляць пра палітыку.

Мінулыя гады на пачатку фэстывалю «Славянскі базар» Барыса Хамайду затрымлівалі і давалі «суткі» за несанкцыянаванае пікетаваньне. Што будзе сёлета, пакуль невядома. Адкрыцьцё сёлетняга фэстывалю з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца заўтра, 12-га ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG