Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

9 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў Закон аб амністыі. Ці ёсьць спадзевы на датэрміновае вызваленьне ў палітвязьняў і іх родных?

Павал Севярынец, які адбывае пакараньне на «хіміі» у вёсцы Куплін Пружанскага раёну, выказаў такое меркаваньне:

«Па той інфармацыі, якая ўчора прайшла, Лукашэнка падпісаў бязь зьменаў тое, што было падрыхтавана Міністэрствам унутраных спраў і праштампавана абедзьвюма палатамі парлямэнту. А гэта азначае, што ніводзін палітвязень паводле тых крытэраў, якія прапісаныя ў гэтай амністыі — адмыслова прапісаных, у ранейшых законах аб амністыі такога не было — дык вось, ніводзін палітвязень не выходзіць. Так што ніякіх спадзеваў няма, усё ясна, усё зразумела.

Штучна зробленыя парушэньні ў палітвязьняў, там ёсьць абмежаваньні па 342-м артыкуле, па тым, у дачыненьні да каго прымянялася амністыя ў 2005–2012 годзе. То бок усё гэта „рагаткі“ менавіта для гэтых 14 чалавек.

Што тычыцца мяне — я не падыходжу па абодвух гэтых крытэрах. Цяпер чарговая частка марлезонскага балету будзе вакол выбараў. Таргавацца будуць вакол выбараў. Напэўна, так».

Паўлу Севярынцу засталося працаваць «на хіміі» да кастрычніка 2013 году.

Маці палітвязьня Аляксандра Францкевіча, які асуджаны на 3 гады па справе так званых анархістаў, спадарыня Тацяна выказала такое меркаваньне наконт амністыі:

«Няма надзеі, няма. Таму што Лукашэнка адразу казаў, што палітыку сюды ня трэба прымешваць. З 14 палітвязьняў амаль усе раптам сталі злоснымі парушальнікамі, а да гэтага не былі, падвялі іх так. Так што ілюзій няма.

Будзем чакаць восені. Там можа быць гандаль напярэдадні выбараў. Я так разумею, палітвязьні ў Лукашэнкі як разьменная манэта».
XS
SM
MD
LG