Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На месцы, дзе была фэрма — цяпер рэстаран „Парыж“...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 11 ліпеня 2012 году

Нягледзячы на тое, што ў Беларусі ўжо некалькі тыдняў як пачалася выбарчая кампанія, допісаў у нашай пошце на гэтую тэму фактычна няма. Затое шмат і ахвотна многія пішуць пра неўладкаванасьць свайго побыту, пра грамадзкую апатыю і ліхвярства бескантрольных мясцовых начальнікаў... З выбарамі і будучым складам Палаты прадстаўнікоў аўтары такіх лістоў свае праблемы, як правіла, ня зьвязваюць.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з такіх допісаў. Наша слухачка Вольга Дуброўская зь вёскі Ляскоўка Менскага раёну піша:

«Грамадзтва наша ў сваёй бальшыні абыякавае да таго, што адбываецца наўкол. Калі чалавек мае ўласную думку і наважваецца адкрыта выказваць яе — гэта разглядаецца як выклік.

Сама я — з
40-х гадоў. Бачыла, як прыніжалі маіх родных, якія перамаглі фашызм...

І цяпер таксама пры ўладзе жорсткія прыстасаванцы. Адраджэньне маральнасьці ўсяляк тармозіцца. Чыноўнікі, судзьдзі робяць што хочуць. А простыя людзі выжываюць як умеюць. Таемна раскрадаюць тое, што яшчэ засталося, адгароджваюцца высокімі платамі ад рэчаіснасьці.

Хачу расказаць пра сваю вёску Ляскоўка, што ля Бараўлянаў. Раней тут быў саўгас. А цяпер усё разрабавана, разбурана, расьцягнута. На месцы колішняй жывёлагадоўчай фэрмы — рэстаран „Парыж“.

Па вуліцы Цэнтральнай у былым дзіцячым садку разьмясьцілася пошта. Астатнія грамадзкія пабудовы пустуюць. Пры гэтым патрэба ў дзіцячай дашкольнай установе абвастраецца. Паблізу будуюцца два вялікія шматкватэрныя дамы. У канцы вёскі на 800 зямельных участках інтэнсіўна вядзецца індывідуальная забудова. І пры гэтым жанчыны цяжараюць таксама інтэнсіўна: думаюць, што пры шматдзетнасьці іхнае сацыяльнае становішча значна палепшыцца. Між тым будынак дзіцячага садку прадаецца. Людзі пішуць, просяць захаваць гатовы і прыстасаваны будынак — але ніхто іх ня чуе... Лёзунг „Дзяржава для народу“ ў нас — пусты гук. Прыгожы будынак і маляўнічая мясьціна, дзе ён разьмешчаны, неўзабаве стане асабістым валоданьнем якога-небудзь набліжанага да ўлады алігарха».


Далей у сваім лісьце Вольга Дуброўская піша пра небясьпечнае суседзтва вёскі з сухотным дыспансэрам. Яшчэ адна цытата зь ліста:

«Колькі гадоў насельніцтва вёскі просіць, каб хворыя не расьсейвалі сухотную палачку па навакольлі. Пры бачнасьці аховы хворыя ходзяць наўкол свабодна. Прылеглы да дыспансэра лес забруджаны сьмецьцем і фэкаліямі. У звалку ператвораны лясны заказьнік. Самасьвядомасьць у хворых нізкая: у асноўным тут людзі з асацыяльнымі паводзінамі і страчанай цікавасьцю да жыцьця. Усё — ад галечы і ўбоства.

Распаўсюд сухотаў расьце і сярод абслуговага пэрсаналу, але гэтыя зьвесткі трымаюцца ў сакрэце.

У заказьніку будуюць свае шматпавярховыя даражэзныя катэджы „новыя беларусы“. Але ці схаваюцца яны за сваімі высокімі платамі ад навакольнага жабрацтва, п’янства, безвыходнасьці?.. А галоўнае — ад сухотнай палачкі? Пагаворваюць, што сухотны дыспансэр будуць кудысьці пераносіць. Але ці забяруць тады ж і палачку Коха, якая асемяніла ўсю вёску — бо менавіта ў гэтым лесе гадамі захоўваліся адкіды зь мясцовага сухотнага дыспансэру?..

Яшчэ цепліцца надзея на нармальнае чалавечае жыцьцё, хоць з часам яе ўсё меней. Выбачайце, што не падпісваюся сапраўдным прозьвішчам: гэта не ад страху, а ад вельмі верагоднага прыніжэньня»
.

У нашай пошце часта сустракаюцца падобныя лісты — са шматлікімі скаргамі на неўладкаванасьць жыцьця, на самаўпраўства чыноўнікаў, на абыякавасьць людзей. Ведаю, што дзясяткі і сотні тысяч такіх скаргаў атрымліваюць разнастайныя дзяржаўныя кантрольныя органы ў раённых і абласных цэнтрах, у сталіцы. Абвешчаная ўладай «дзяржава для народу» пакідае гэтаму народу магчымасьць куды заўгодна скардзіцца і чакаць, што аднекуль «зьверху» прыедуць і навядуць парадак, але фактычна адхіліла яго ад магчымасьці самастойна ўладкоўваць уласнае жыцьцё. Хто вінаваты, што ў вёсцы Ляскоўка развалілі і раскралі саўгас; што хочуць прадаць будынак дзіцячага садку; што ня сочаць як сьлед за бясьпекай сухотнага дыспансэру? Чаму людзі не выбіраюць з уласнага асяродзьдзя такіх дэпутатаў, якія здольныя агучыць і разьвязаць гэтыя праблемы? А калі мясцовы «вэртыкальны» начальнік ігнаруе просьбы і скаргі — то чаму дэпутаты зацьвярджаюць яго на чарговы тэрмін?

Зразумела, што, адказваючы на гэтыя пытаньні, трэба рабіць папраўку на добра ўсім вядомыя беларускія палітычныя рэаліі. І тым ня менш сёньня, за некалькі месяцаў да парлямэнцкіх выбараў, многім беларусам варта над гэтымі пытаньнямі паразважаць...

Новы ліст ад нашага даўняга сябра Кастуся Сырэля з Ушачаў — водгук на нядаўняе турнэ Аляксандра Лукашэнкі па трох краінах Лацінскай Амэрыкі, дзе з прыхільнасьцю ставяцца да ягоных аўтарытарных мэтадаў кіраваньня. (Гэта, нагадаю, Куба, Вэнэсуэла і Эквадор). Спадар Кастусь, паназіраўшы за гэтымі заакіянскімі ваяжамі, піша:

«Каб я пісаў раман пра апошні візыт Рыгоравіча ў Вэнэсуэлу, я пачаў бы яго эпіграфам з раману Міхаіла Булгакава „Майстар і Маргарыта“ — а менавіта з цытаты пра тое, што „Ганначка ўжо разьліла алей“ і з гэтай прычыны паседжаньне МАССАЛІТу, на якім цьвёрда зьбіраўся старшыняваць Бэрліёз, не адбудзецца.

... Бадай, усім дыктатарам уласьціва надзяляць сябе незвычайнымі ўяўнымі якасьцямі, у тым ліку несьмяротнасьцю і дарам прадказваць будучыню. Яны няздольныя цьвяроза ацэньваць рэчаіснасьць. Інакш Гітлер не згарэў бы на сьметніку рэйхсканцылярыі, Кадафі і Хусэйна не забілі б уласныя падданыя, а Мубарак не апынуўся напрыканцы жыцьця за кратамі.

Нічым не адрозьніваецца ад узгаданых асобаў і наш гарант. Знаходзячыся на выбарнай пасадзе, упэўнена прызначыў ня толькі дакладны тэрмін свайго кіраваньня — дваццаць пяць год, але і свайго пераемніка праз узгаданыя чвэрць стагодзьдзя. Ніяк ня ўлічвае ўсенароднаабраны, што, магчыма, ёсьць і ў яго свая Ганначка, якая плюхне і яму пад ногі крыху алею, і ўсе ягоныя пражэкты, як кажуць у народзе, накрыюцца мядзянай місай. Уся розьніца толькі ў тым, што алей той можа быць не сланечнікавы, а аліўкавы. У адпаведнасьці з займанай пасадай, так бы мовіць.

Ёсьць тут, праўда, і іншы варыянт: уся гэтая балбатня пра пераемніка — ня больш чым дэзынфармацыя, каб схаваць сапраўдныя намеры і мэты візыту да лацінаамэрыканцаў. Што, калі ідзе падрыхтоўка „запаснога аэрадрому“ на выпадак магчымых уцёкаў зь Беларусі? Вядома ж, што многія дзеячы Трэцяга Рэйху ды іншых дыктатарскіх рэжымаў, памяняўшы прозьвішчы і зьнешні выгляд, бязь сьледу зьнікалі ў Паўднёвай Амэрыцы ад справядлівай кары і гневу сваіх народаў»
.

Удакладню, што ў працытаваным вышэй допісе ідзе размова пра некалькі не зусім пэўных фраз Лукашэнкі падчас размовы з вэнэсуэльскім лідэрам Уга Чавэсам. Сказана было літаральна наступнае (цытую): «Некаторыя пачалі сумнявацца ў сур’ёзных пэрспэктывах супрацы Беларусі ды Вэнэсуэлы. Тут мой сын Мікалай, і гэта кажа пра тое, што мы сур’ёзна і надоўга заклалі асновы супрацы і ёсьць каму пераняць эстафэту гадоў праз 20–25» (канец цытаваньня).

Празь некалькі дзён пасьля гэтага, даведаўшыся, што многія ўспрынялі ягоныя словы як намер кіраваць яшчэ чвэрць стагодзьдзя і потым перадаць уладу свайму пазашлюбнаму сыну Мікалаю, кіраўнік Беларусі зноў вярнуўся да гэтай тэмы. Падчас перадсьвяточнага ліпеньскага сходу ён заявіў, што дзеці атрымліваць ад яго ў спадчыну ўладу ня будуць і што яны, маўляў, «наеліся прэзыдэнцтва» пры сваім бацьку.

Зрэшты, ці можа гэтае сьцьвярджэньне служыць гарантыяй таго, што Лукашэнка ня будзе спрабаваць дынастычна захаваць уладу за сваімі нашчадкамі — сказаць цяжка. Многія памятаюць, як у 2007 годзе, калі пра Мікалая ў Беларусі гаварыць адкрыта яшчэ ўсе баяліся (хоць многія ведалі), у адказ на пытаньне пра пераемніка Лукашэнка адказаў зусім пэўна: маўляў, «буду рыхтаваць самага маленькага, унікальны расьце чалавек».

Пра новыя кнігі, якія выйшлі ў «Бібліятэцы Свабоды», выказваецца ў сваім лісьце Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну. Слухач піша:

«Цікавыя выданьні — асабліва па гісторыі. Я сам быў настаўнікам гісторыі: адпрацаваў 39 гадоў. Цяпер на пэнсіі. Займаюся краязнаўствам. Асноўны напрамак маіх дасьледаваньняў — родная вёска Доўгае ля Пружанаў, уладальнікамі якой з канца 18-га стагодзьдзя былі Крашэўскія. У 2004 годзе ў суаўтарстве з Кажадубам мы падрыхтавалі вялікі артыкул для івацэвіцкай газэты „Для вас“. Было супрацоўніцтва з „Глосам з-над Немна“. Але тое ўсё ў мінулым. Івацэвіцкая газэта ўжо не існуе, а „Глос“ улады перайначылі на свой капыл...

Раблю прыватныя экскурсіі для цікаўных у ваколіцы вёсак Доўгае і Стары Купнін. Дый іншую дапамогу аказваю: школе — па краязнаўстве, а зацікаўленым асобам — у падрыхтоўцы да іспыту па гісторыі дзеля атрыманьня „Карты паляка“. Мне прыемна, што людзі вельмі ўдзячныя за дапамогу. Я так лічу: сьвятая гэта справа — адраджэньне нашай Бацькаўшчыны»
.

Сапраўды, спадар Мікалай, з захапленьня праўдзівай гісторыяй роднага краю для многіх пачынаецца шлях да Беларушчыны. Без адчуваньня ўласных каранёў уявіць сапраўднага патрыёта сваёй краіны наўрад ці магчыма. У гэтым сэнсе тая справа, якой вы займаецеся, — высакародная і надзвычай патрэбная ў сёньняшняй Беларусі. Посьпехаў вам на гэтай ніве!

І на заканчэньне — кароткі ліст-падзяка ад Тамары Маханёк зь Менску. Слухачка піша:

«Кожны дзень чакаю вечара, каб слухаць Беларускую Свабоду — даведацца, што новага адбылося ў сьвеце і ў Беларусі. Слухаю ўсе перадачы, і ўсе па-свойму цікавыя.

Вы, журналісты „Свабоды“, даносіце да народу праўду, змагаецеся за беларускую Беларусь, за дэмакратыю, распавядаеце пра гісторыю Бацькаўшчыны, пра неабыякавых людзей, цікавыя мясьціны і падзеі.

Пахвальна, што выходзяць у сьвет друкаваныя выданьні „Свабоды“. Я таксама маю некалькі кніг зь Бібліятэкі Свабоды, каторыя час ад часу перачытваю з задавальненьнем і даю чытаць сваім знаёмым»
.

Дзякуй, спадарыня Тамара, вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG