Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: На заводзе, дзе пратэстуюць працоўныя, звольніўся ідэоляг


З бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў звольніўся намесьнік дырэктара па кадрах, сацыяльным разьвіцьці і ідэалягічных пытаньнях Пётра Слабадчук.

Пра гэта паведаміў ён сам, адказваючы на пытаньне пра сытуацыю на прадпрыемстве ў сувязі з пратэстам працаўнікоў.

«Вы мяне выбачайце, я не магу вам даць ніякай інфармацыі, таму што я больш там не працую. Усё, да пабачэньня, хлопцы. Больш мне не тэлефануйце з вашымі пытаньнямі», — заявіў Пётра Слабадчук.

Тым часам на тэрыторыю заводу зноў ня можа трапіць старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіл Кавалькоў. Учора ён атрымаў новы сталы пропуск. Па ім прайшоў на завод. Але сёньня, як сьцьвярджае актывіст, пропуск заблякавалі. Кавалькоў зьбіраецца ісьці ў суд, каб на завод прыйшлі судовыя выканаўцы і дамагліся выкананьня пастановы суду ад 8 чэрвеня. Паводле пастановы адміністрацыя прадпрыемства павінна была разблякаваць пропуск і забясьпечыць бесьперашкодны праход актывіста на завод.

На заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў пратэстуюць дзьве брыгады цэху зборкі трактароў. Нагодай для выступу працоўных сталася, як яны сьцьвярджаюць, недаплата.
XS
SM
MD
LG