Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злотнікаў: Усясьветны банк пацьвердзіў тое, што даўно казалі незалежныя экспэрты


Усясьветны банк канстатуе, што Беларусь страціла дынаміку традыцыйных рухаючых сіл эканомікі, і прапануе альтэрнатыву ў выглядзе пасьлядоўнага пляну структурных рэформаў на кароткатэрміновую і сярэднетэрміновую пэрспэктыву. Адпаведныя рэкамэндацыі прадстаўленыя ў мэмарандуме «Эканамічная трансфармацыя для росту», які апублікаваны 10 ліпеня.

Як ставяцца да гэтай высновы беларускія эканамісты? Ці пойдзе кіраўніцтва Беларусі на эканамічныя рэформы?

Камэнтуючы высновы Ўсясьветнага банку, што беларускую мадэль эканомікі напаткаў крызіс і неабходна пачынаць рэформы, эканаміст Георгі Грыц адзначыў, што ісьціна пасярэдзіне:
Працэс лібэралізацыі — тое, пра што гаворыць Усясьветны банк — ператварыўся ў незваротны.

«Тут да месца згадаць цытату аднаго амэрыканскага клясыка, што чуткі пра маю сьмерць моцна перабольшаныя. Але гэта не азначае, што ўсё добра. То бок рэфармаваньне эканомікі патрэбнае. Мы бачым, што паказчыкі росту ў многім тлумачацца ўсяго дзьвюма-трыма таварнымі пазыцыямі, то бок нафтахіміяй. Іншая справа, што ісьціна Ўсясьветнага банку — не скажу сумнеўная, але ня першай сьвежасьці. Бо сам працэс уступленьня Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору і ўступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю сьведчыць пра тое, што працэс лібэралізацыі — тое, пра што гаворыць Усясьветны банк — ператварыўся ў незваротны. Рэфармаваньне — гэта цяжкі і неабходны шлях, бо насамрэч праблемы ёсьць».

Эканаміст Леанід Злотнікаў заявіў: тое, што беларуская мадэль сябе вычарпала, незалежным назіральнікам даўно вядома. Добра, што нарэшце гэта пацьвердзіў і Ўсясьветны банк. Аднак Злотнікаў мяркуе, што ў Беларусі рэформаў ня будзе, пакуль улады будуць падтрымліваць гэтую сваю мадэль:
Цяжка разьлічваць, што будуць нейкія рэформы, якія выведуць краіну з тупіку.

«А падтрымлівацца яна будзе, бо цяжка будзе ўтрымаць палітычную ўладу прэзыдэнту, калі гэтая мадэль зьменіцца. І ёсьць эканамічныя інтарэсы групоўкі, якая знаходзіцца пры ўладзе і жыве добра і ў гэтай мадэлі. І няма дастатковай палітычнай падтрымкі для тых рэформаў, якія патрэбныя. Так што цяжка разьлічваць, што будуць нейкія рэформы, якія выведуць краіну з тупіку. Зараз бальшыня людзей адчувае, што крыху пагоршылася становішча, але крызісу няма. Значная частка працоўных атрымлівае свае грошы і чакае,што заробкі павысяцца. Калі здарыцца такі крызіс, як у мінулым годзе, — а напрыканцы гэтага году ці ў наступным годзе гэта больш чым верагодна, — калі працоўныя зноў адчуюць, што іх заробкі рэальна зьнізіліся, што жыцьцё пагоршылася, тады яны, магчыма, і падтрымаюць перамены ў краіне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG