Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскія амбіцыі Лукашэнкі


Адбыліся ўрачыстыя праводзіны беларускай спартовай дэлегацыі ў Лёндан, дзе ад 27 ліпеня да 12 жніўня будуць праходзіць ХХХ Алімпійскія гульні.

Усяго ў Вялікую Брытанію выправяцца 166 беларускіх атлетаў, якія выступяць у 25 дысцыплінах. Амаль у такой жа колькасьці прадстаўленыя трэнэры, лекары ды іншыя спэцыялісты. На асьвятленьне галоўных стартаў чатырохгодзьдзя Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) акрэдытаваў 10 журналістаў, прычым незалежным мэдыям дасталося толькі адно месца — газэце «Прессбол». Вызначаны і мэдалёвы плян: дзяржава чакае, што з Алімпіяды беларусы прывязуць 25 мэдалёў, і сама меней 5 зь іх павінны быць найвышэйшай вартасьці.

А 8-й раніцы ўдзельнікі цырымоніі сабраліся ў Міністэрстве спорту і турызму, дзе кіраўніцтва ведамства нагадала, як пачэсна абараняць на Алімпіядзе гонар краіны. Пасьля гэтага ўсе перабраліся ў Палац рэспублікі, дзе іх ужо чакаў кіраўнік НАК Аляксандар Лукашэнка. Стоячы за трыбунай у форме нацыянальнай зборнай, ён перайначыў алімпійскі прынцып, заявіўшы, што галоўнае на падобных стартах — ня ўдзел, а перамога. Таксама Лукашэнка выказаў ускоснае спадзяваньне, што Беларусь, якая за 18 гадоў ягонага прэзыдэнцтва апынулася ў ізаляцыі ад дэмакратычнага сьвету, дзякуючы спартоўцам выправіць сапсаваны імідж:

«Спартовыя перамогі на Алімпійскіх гульнях дэманструюць посьпехі разьвіцьця дзяржавы. Трыюмф спартоўца пераўвасабляе краіну ў вачох усясьветнай супольнасьці, фармуючы яе станоўчы імідж. Гэта дэманстрацыя посьпехаў разьвіцьця самой дзяржавы. Памятайце пра тое, што вы куяце славу роднай Беларусі. Да Алімпійскіх гульняў чалавек рыхтуе ўсе рэзэрвы, якія ў яго ёсьць. Так, удзельнічаць добра. Але галоўнае — ня ўдзел, а перамога. Вось вам мой наказ — ад імя беларускага народу».
Так, удзельнічаць добра. Але галоўнае — ня ўдзел, а перамога. Вось вам мой наказ — ад імя беларускага народу.

Завяршаючы сустрэчу, Лукашэнка запэўніў: для ўладальнікаў алімпійскіх узнагародаў дзяржава зробіць усё магчымае: «Заваюеце мэдалі — перад вамі будуць адчыненыя ўсе дзьверы, у тым ліку і прэзыдэнта». А ў якасьці пацьверджаньня ўзнагародзіў ордэнам Айчыны ІІІ ступені Вікторыю Азаранку — № 1 усясьветнага тэніснага рэйтынгу і спадзяваньне на прызавое месца ў Лёндане. Тая ў адказ падаравала Лукашэнку сваю тэнісную ракетку.

За першае месца памер прэміяльных у Беларусі падвышаны са 100 тысяч даляраў да 150 тысяч, за другое — з 50 тысяч да 75 тысяч, за трэцяе — з 30 тысяч да 50 тысяч. Але, як паказвае ранейшы досьвед, атрыманьне ганарараў часта пераўтвараецца ў іх нялёгкае «выбіваньне», а некаторыя абяцанкі не выконваюцца гадамі. Так, алімпійская чэмпіёнка Пэкіну ў кіданьні молата Аксана Мянькова вось ужо чатыры гады ня можа дачакацца ў Магілёве абяцанай кватэры. А ўлады, не расплаціўшыся з чэмпіёнкай, чакаюць ад яе новых подзьвігаў.

Выканаць мэдалёвы плян, лічаць адмыслоўцы, будзе складана. На папярэдняй Алімпіядзе ў Кітаі беларуская каманда ў сваім аптымальным складзе здабыла 19 узнагародаў. Але сёлета ў алімпійскіх шэрагах істотныя страты — некалькі прызэраў Пэкіну ня здолелі адабрацца ў Лёндан з прычыны нізкіх вынікаў. Да таго ж многія з тых, на каго чыноўнікі ўскладаюць мэдалёвыя спадзяваньні, маюць немалы як для спартоўца ўзрост, і змагацца з маладзейшымі канкурэнтамі ім будзе няпроста.

Так, капітан нацыянальнай каманды, алімпійская чэмпіёнка ў веславаньні Кацярына Карстэн ня так даўно адзначыла 40-гадовы юбілей. Сьцяганосцу зборнай, наймацнейшаму тэнісісту Беларусі Максіму Мірнаму днямі споўнілася 35. Такога ж веку кідальнікі молата Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі, за 30 — штурхальнікам ядра Надзеі Астапчук, Андрэю і Натальлі Міхневічам.

А некаторыя славутыя прадстаўнікі беларускага спорту рыхтуюць канкурэнтаў у замежжы. Не знайшоўшы за свае апазыцыйныя погляды працы ў Беларусі, падаўся ў Расею трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні Ўладзімер Парфяновіч. Цяпер ён — старшы трэнэр расейскай зборнай па байдарцы. Але лічыць, што проста працягвае запачаткаваную некалі справу:

Уладзімер Парфяновіч
Уладзімер Парфяновіч
«Няправільна казаць, што я рыхтую нейкіх канкурэнтаў беларусам. Гэта не зусім так. Калі мы былі і жылі ў адной краіне, мелі адну спартовую школу, то як можна казаць, што ты выйшаў зь нейкай іншай школы? Школа не зьмянілася, настрой не зьмяніўся, таму ўсё лягічна. Калі хто думае, што сёньня мы зьмянілі школу, парвалі нашы стасункі, якія дагэтуль мелі, то гэта няпраўда. Бо ніхто лепшай школы веславаньня, чым тая школа, якая была створаная ў Савецкім Саюзе, яшчэ не зрабіў».

Карэспандэнт: «Як самі лічыце, магчымае вяртаньне ў беларускую каманду?»

«Я зь беларускай камандай не расставаўся, вось у чым справа. Пра гэта я ўжо неаднаразова казаў і буду казаць. Таму што я заўсёды душой і целам быў зь беларускай камандай і ніколі зь ёй не разьвітваўся. Калі беларуская каманда разьвіталася са мной — гэта адно. Я ж не забываўся на яе ніколі...»

Апошні этап праводзінаў алімпійцаў у Лёндан скончыўся пад адкрытым небам. Як за савецкім часам арганізаваныя групы везьлі на разьвітаньне ў маўзалей да Леніна, так сёньня быў наладжаны ідэалягічны паход алімпійцаў на сталічную плошчу Перамогі, дзе яны ўсклалі кветкі да Вечнага агню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG