Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дашкевіч напісаў «яўку з павіннаю»


Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, суд

Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, суд

10 ліпеня палітвязень Зьміцер Дашкевіч напісаў начальніку глыбоцкай калёніі, дзе адбывае пакараньне, заяву, якую зьдзекліва назваў «яўка з павіннаю».


Паводле нявесты Зьмітра Насты Палажанкі, 6-га ліпеня адміністрацыя калёніі № 13 падала матэрыялы на ўзбуджэньне крымінальнай справы супраць палітвязьня за «невыкананьне рэжыму калёніі» ў Сьледчы камітэт. Пра гэта Наста даведалася сёньня, прыехаўшы ў калёнію ў Глыбокім.

Зьміцер Дашкевіч амаль адразу пасьля выхаду ў атрад быў зьмешчаны ў штрафны ізалятар на 13 сутак. Пазьней Дашкевіч даведаўся, што яму дадалі некалькі сутак зьняволеньня ў ізалятары нібыта за парушэньні, зьдзейсьненыя раней. У адказ на магчымае завядзеньне новай крымінальнай справы Дашкевіч напісаў адміністрацыі калёніі дакумэнт пад назвай «Яўка з павіннаю». У ім палітвязень піша, што прызнае сябе вінаватым у тым, што сьвядома адмаўляецца выконваць некаторыя патрабаваньні адміністрацыі калёніі, якія лічыць незаконнымі.

«Каб спрасьціць працу правакатарам, агентам і Сьледчаму камітэту, я адмаўляюся выконваць любыя патрабаваньні адміністрацыі любой калёніі, у якой я буду знаходзіцца. Раю беларускім спэцслужбам асудзіць мяне на максымальны тэрмін, прадугледжаны арт. 411 КК РБ, пры гэтым рыхтуючы на мяне новыя крымінальныя справы ў кожнай новай калёніі», — напісаў Зьміцер Дашкевіч.

Наста Палажанка распавяла карэспандэнту «Свабоды» пасьля наведваньня адміністрацыі калёніі ў Глыбокім:

«Толькі сёньня мне стала вядома, што ў пятніцу былі пададзеныя адміністрацыяй калёніі дакумэнты ў Сьледчы камітэт на пачатак справы паводле першай часткі 411 артыкула адносна Дашкевіча. Гэта значыць,што цягам недзе 10 дзён можа прымацца рашэньне.
Бачачы, што на яго заводзяць іншыя крымінальныя справы далей і далей, ён паказвае, што не спрабуйце нас ламаць у турме.

Я думаю, што падзеі могуць разгортвацца даволі хутка. Калі ўжо дакумэнты ўсе перададзеныя, то справу пачнуць. Пытаньне ў тым, якое рашэньне яны могуць прыняць.

Але Зьміцер разумее, што сытуацыя ўскладняецца ў разы, і не жадае гуляць у гэтыя гульні з тымі, хто задумвае правакацыі. Ён напісаў начальніку калёніі, што прызнае сябе вінаватым, бо сьвядома адмаўляецца выконваць тыя патрабаваньні, якія лічыць незаконнымі. Прызнае сябе вінаватым, і зразумела, што ў дадзенай сытуацыі гэта гучыць са зьдзекам.

Бачачы, што на яго заводзяць іншыя крымінальныя справы далей і далей, ён паказвае, што не спрабуйце нас ламаць у турме. І таму ідзе на такую дастаткова радыкальную абарону».

Калі Зьмітра Дашкевіча прызнаюць вінаватым, яму могуць дадаць да турэмнага тэрміну яшчэ год зьняволеньня і перавесьці ў іншую калёнію. Зьмітра Дашкевіча затрымалі напярэдадні падзеяў Плошчы-2010 і асудзілі на 2 гады. Ён мае выйсьці на свабоду 18 сьнежня 2012 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG