Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыдарожны гандаль па-беларуску: у пыле ды брудзе


Амаль ля кожнай вялікай дарогі ў Беларусі можна ўбачыць гандляроў, якія выставілі на імправізаваныя прылаўкі, а то і наўпрост на пыльную ўзбочыну свой няхітры тавар — грыбы, ягады, яблыкі, бульбу...

Нярэдка нелегальных гандляроў можна ўбачыць і на вуліцах ў малых і вялікіх гарадах і мястэчках. Што прымушае людзей насуперак правілам і забаронам займацца гэтай справай? І наколькі небясьпечныя прадукты, выстаўленыя на продаж у прыдарожным пыле, без належнага санітарнага кантролю?

ВІЦЕБШЧЫНА

Настаўніка Георгія Станкевіча засьпела ў лесе: ён зьбірае грыбы-лісічкі ля сваёй вёскі Старыя Ранчыцы, што ў Бешанковіцкім раёне. Зьбірае для сябе. Але шмат хто зь ягоных аднавяскоўцаў і знаёмых зарабляе, зьбіраючы ягады і грыбы, на жыцьцё, кажа спадар Георгі:

«Вядома, гэта пякельная праца, але — сабе на заробак!»

«Выйшаў у лес сёньня першы раз, на пробу. Ну, ужо на суп назьбіраў... А нашы настаўніцы рэгулярна штодня з мужыкамі, зь дзецьмі часам ходзяць у ягады. І цягам сэзону яны зарабляюць тры-пяць, а то й сем мільёнаў рублёў, каму як пашэнціць. Вядома, гэта пякельная праца! Але зарабіць тыя самыя грошы ў школе ці на іншым прадпрыемстве не лягчэй — пры гэтай матаніне нэрваў, боязі страціць працу... А так — людзі разьнявольваюцца ў лесе. Ведаюць, што гэта ўсё — іхнае, няхай і баліць сьпіна!»
Людзі разьнявольваюцца ў лесе. Ведаюць, што гэта ўсё — іхнае, няхай і баліць сьпіна!

Кошты ля дарогі: чарніцы — ад 16 000 рублёў за літровы слоік, чарэшні — 6 000 за паўлітровы слоік, суніцы зь лесу — 12 000 за шклянку...

Грыбы і ягады вяскоўцы прадаюць хто нарыхтоўшчыкам, а хто — саматужна, выстаўляючы вёдры і слоікі з чарніцамі ўздоўж буйных аўтадарог. Спадарыня Вольга выносіць на ўзбочча трасы Полацак — Менск трускалкі з уласнага гароду, побач гандлююць «лясным таварам»:

«Тут, як на Менск едзеш з Полацку, лісічкі прадаюць. Суніцы прадаюць — тут жа ў лесе зьбіраюць і адразу прадаюць! І дорага прадаюць — рознага калібру вядзерцамі, слоікамі... Ну, і купляюць людзі, купляюць! Чарніцы — ад 16 да 18 тысяч за літар, клубніцы буйныя — 20, дробныя — 15–16 тысяч, чарэшні вось у нас свойскія — 6 тысяч за паўлітровы слоік, а суніцы зь лесу — 12 тысяч за шклянку!»

Спадарыня Вольга і яе сяброўкі-гандляркі пэўныя, што ягады і грыбы з бліжэйшага лесу «чыстыя» — што тут няма ні радыяцыі, ні яшчэ чаго шкоднага.

Пэнсіянэрка Любоў Рыгораўна: «Перад прыездам Лукашэнкі на «Славянскі базар» мясцовыя ўлады ваююць са стыхійным гандлем «зь зямлі»

У абласным Віцебску гандаль «зь зямлі» ўжо даўно прызнаны «антысанітарным». Таму бабулям-пэнсіянэркам, якія каля буйных крамаў прыгандлёўваюць тымі ж чарніцамі, сабранымі ў лесе, чарговы раз абвясьцілі вайну.

Гарвыканкам праводзіць месячнік па барацьбе з вулічным гандлем: у транспарце будуць трансьляваць абвесткі пра небясьпеку набыцьця ягад і грыбоў у «нелегалаў», а гандлярам пагражаюць штрафамі.

Пэнсіянэрка Любоў Рыгораўна перажыла ўжо не адну хвалю такога «адміністрацыйнага змаганьня»:
А цяпер, вядома, вайна будзе сур’ёзная, бо „Славянскі базар“ на носе.

«Гэтая вайна ідзе ўжо даўно — усё нас папярэджваюць... А цяпер, вядома, вайна будзе сур’ёзная, бо „Славянскі базар“ на носе. І на адкрыцьцё прыедзе Лукашэнка. Потым ён, вядома, зьедзе, але на адкрыцьцё паедзе. Калі ўбачыць, то нашаму губэрнатару будзе мінус, прэміі яго пазбавяць. Так што тут — пытаньне палітычнае. Ну дык няхай бы ўлады дапамаглі нам чым-небудзь! Хоць у сэзон!»

Адзінае, што раяць чыноўнікі саматужным гандляркам, — гэта везьці свой тавар на Смаленскі кірмаш, плаціць арэнду за месцы ды прадаваць ягады-грыбы там. Але вольных месцаў, каб іх арандаваць, на кірмашы ўжо даўно няма.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

У Горадні несанкцыянаваны гандаль побач з рынкамі надалей квітнее, нягледзячы на тое, што ўлады сёлета змагаюцца з гандлярамі ўжо на працягу трох месяцаў.

З аўтавакзалу ў Горадні можна наўпрост па вуліцы Антонава альбо паралельнай ёй — Паліграфістаў — трапіць на рынак «Цэнтральны». Ходнікі ўздоўж гэтых вуліц ад самае раніцы занятыя гандлярамі. Пераважна гэта людзі сталага веку, якія гандлююць тым, што вырасьцілі на лецішчы альбо прывезьлі з навакольных вёсак.

Штрафы гэты гандаль ня спыняць...

Старшыня ўпраўленьня гандлю і паслуг Гарадзенскага гарвыканкаму Сьвятлана Сівірчукова ў адной зь мясцовых газэт распавяла, што барацьба з такімі гандлярамі вядзецца на працягу трох месяцаў. Некаторых нават штрафавалі, але вынік той самы — гандаль на ходніках працягваецца.

Пытаюся ў гандляроў: чаму яны ня хочуць ісьці на цывілізаваны рынак, а стаяць на ходніках?

Спадарыня: «А народ туды не заходзіць...»

Карэспандэнт: «Ці ўдаецца вам тут дарабіць капейчыну да пэнсіі?»

Спадарыня: «Цяжкавата, але нешта прадаецца. Вось толькі дарога дарагаватая...»

«На асфальце месца бясплатнае, а на рынку — 8 тысяч рублёў»

Іншая спадарыня: «А я туды, на рынак, нават не дайду. Ногі мне баляць. Ведаеце, як гэта цяжка. У хаце рабіць няма чаго, а тут хоць паўдня прасяджу — і нават калі нічога не прадасі, то праседзіш...»

Спадарыня прадае на ходніку адзеньне. Распавядае, што ня можа ісьці на рынак, бо за месца трэба плаціць — за адзін дзень 8 тысяч. Пытаюся: ці зарабляе яна з свае камэрцыі ў дзень 8 тысяч?

Спадарыня: «Вось у нядзелю я прадала адну старую рэч, і што? Вядома, я не зараблю кожны дзень такіх грошай. Гэта хіба калі нехта новым гандлюе, а так...»
Ах, божа, каб хоць на нейкія лекі зарабіць.

Іншая спадарыня прадае з свайго лецішча бульбу, цыбулю, салату, гуркі. Цікаўлюся ў яе — ці дае гандаль прыбытак?

Спадарыня: «Ах, божа, каб хоць на нейкія лекі зарабіць. Яны ж цяпер такія дарагія, а мне ўжо пад 80 гадоў. А паспрабуй гэта ўсё прыцягні. Аўтобус дарагі, заплаціш 8 тысяч — і стаіш тут цэлы дзень».

Як пакупнікі ставяцца да гандлю на ходніках?

Меркаваньні ў людзей розныя:

Спадарыня: «У прынцыпе, я ўсё ж адмоўна стаўлюся. Паколькі, з аднаго боку, парушаюцца правілы гігіены, а з другога — нязручнасьці: усё застаўлена і не прайсьці. Трэба было б зрабіць для іх дармовыя месцы на рынку ў сэзон, і лепш, каб яны там гандлявалі».

Іншая спадарыня: «Ну а куды бабулькам падзецца? Кожны нешта вырошчвае, і трэба неяк прадаць. А там усё запоўнена, з таго боку — таксама, а на той рынак людзі мала ходзяць. Вось яны тут і гандлююць. Затое выбежыш, хуценька ўсё сьвежанькае купіш...»


Экспэрт «Свабоды», эканаміст Міхал Залескі: «Цяперашняя сыстэма ўлады не зарыентаваная на патрэбы грамадзянаў»

Міхась Залескі
Міхась Залескі
«Гандаль пры дарогах — традыцыйны ў Беларусі. Варта нагадаць, што яшчэ ў Вялікім Княстве Літоўскім магістраты паводле Магдэбурскага права прадавалі насельніцтву круглагадовыя ліцэнзіі на такія рэчы. Цяпер бы гэта выглядала, да прыкладу, так: хочаш семкамі гандляваць на прыступках адміністрацыі прэзыдэнта — 500 даляраў. На Камароўскім рынку — 50 даляраў, а ў Зялёным Лузе — 5 даляраў... і гандлюй сабе на здароўе!»

Карэспандэнт: «А калі ў чалавека ёсьць жаданьне прадаваць грыбы, ягады альбо парэчкі дзе-небудзь ля Івацэвічаў ля аўтамагістралі М1 «Берасьце — мяжа Расейскай Фэдэрацыі»?

«Таксама! Гэта ж усё вельмі лёгка робіцца. Аднак абавязкова трэба цывілізаваць, каб людзі не стаялі ўздоўж небясьпечнай дарогі, а сядзелі на прыгожых лаўках, за шклом... Гэта павялічыць таваразварот, гэта дазволіць кантраляваць якасьць прадуктаў...

Карэспандэнт: «Чаму ж гэта не адбываецца цяпер у Беларусі?»

«Таму што ў Беларусі зараз — савецкі сацыялізм пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. Людзі ў нашай краіне — ні тыя, хто прадае, ні тыя, хто купляе, — нікому не патрэбныя! Гэта — адзіная прычына!»

Карэспандэнт: «Нагадаю пра сьвежы прыклад: у вёсцы Дукора, што за 35 кілямэтраў ад Менску ў Пухавіцкім раёне, тутэйшыя людзі часта прадаюць яблыкі. І, як высьвятляецца, гэтыя яблыкі не са свайго саду, а прывезеныя здалёк. Гэта значыць, што нейкія перакупшчыкі выкарыстоўваць паслугі насельніцтва, каб людзі перапрадавалі чужыя яблыкі. Відавочна, што адзін бок у гэтым бізнэсе ўжо варушыцца — прыдарожны гандаль набывае апекуноў з боку стабільнага бізнэсу...»

«Калі людзей не чапаць, то яны займаюцца капіталізмам. Калі рэструктурызацыю не праводзіць, то яна адбываецца сама. Перакананы, што гадоў праз 70–80 ля беларускіх дарог будуць гандлёвыя кропкі. Паціху... А калі мы хочам гэта зрабіць хутчэй, то гэтаму трэба спрыяць і дапамагаць. А пакуль дапамагаць няма каму, бо сама сыстэма цяперашняй улады не зарыентаваная на патрэбы грамадзянаў. Уся сыстэма падпарадкаваная ўтрыманьню ўлады адным чалавекам. Гэта адзіная палітычная, сацыяльная й маральная праблема, якая вырашаецца ў нашай краіне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG