Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у СГА гатовая, засталося ўгаварыць ЗША і ЭЗ


Беларусь, у сувязі з уступленьнем Расеі 1 верасьня 2012 году ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА), актывізуе ўласныя перамовы аб ўступленьні ў гэтую арганізацыю. Пра гэта, як паведамляе Інтэрфакс, заявіў сёньня намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандр Гур’янаў.

«1 верасьня Расея стане паўнапраўным чальцом СГА. Мы рыхтуем зьмены ў мытны тарыф, з улікам першага трэку расейскіх абавязаньняў у межах СГА. Па нашым перамоўным працэсе працу плянуем актывізаваць», — заявіў спадар Гур’янаў, сустракаючыся ў аўторак у Мінску з кіраўнікамі беларускіх дыпляматычных місій .

Закранаючы пытаньне ўнясеньня зьменаў у мытны тарыф, дыплямат сказаў: «Па тарыфных абавязацельствах мы не зможам зьмяняць стаўкі і рабіць нейкую сваю гульню, мы павінны адпрацаваць гэтае пытаньне чыста мэханічна».

Пра складанасьці перамоўнага працэсу наконт уступленьня Беларусі ў СГА паведаміў сёньня ж ў інтэрвію Інтэрфаксу пасол Беларусі ў Расеі, былы віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў.
Ён адзначыў, што адмова краін Эўразьвязу і ЗША ад кантактаў з Беларусьсю тармозіць перамоўны працэс па ўступленьня краіны ў СГА.
«Ёсьць праблема з групай краін, якая не вядзе з намі двухбаковых перамоваў, прынцыпова ад гэтага адмаўляецца. Гэта краіны ЭЗ і ЗША», — сказаў пасол.

Ён заўважыў, што Беларусь вядзе перамовы па ўступленьні ў СГА досыць доўгі час, і з 10-цю краінамі дамоўленасьці ўжо дасягнутыя.

«Нічога асаблівага, ніякіх сваіх пазыцый мы ў гэтых перамовах не саступалі і не саступаем. Таму нашы перамовы і не ідуць досыць хутка», — заўважыў Андрэй Кабякоў.

«Уступленьне ў СГА любой цаной — гэта не наш лёзунг», — падкрэсьліў ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG