Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскамоўная Вікіпэдыя на суткі прыпыніла сваю працу на знак пратэсту супраць разгляду Дзярждумай паправак у закон «Аб інфармацыі».

На сайце ru.wikipedia.org разьмешчаная заява, у якой адзначаецца, што папраўкі «могуць прывесьці да стварэньня пазасудовай цэнзуры ўсяго інтэрнэту на расейскай мове, у тым ліку да закрыцьця доступу да Вікіпэдыі на расейскай мове».

Гаворка ідзе аб законапраекце № 89417-6 «Аб унясеньні зьменаў у Фэдэральны закон „Аб абароне дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю і разьвіцьцю“. Калі ён будзе прыняты, кантрольныя органы атрымаюць права фільтраваць сайты па сыстэме "чорнага сьпісу" і блякаваць забароненыя інтэрнэт-рэсурсы, паведамляе BBC.

«Уявіце сабе сьвет без свабодных ведаў», — такі тэкст адкрываецца пры спробе зайсьці на любую старонку расейскай Вікіпэдыі. За ім зьмяшчаецца невялічкі зварот да карыстальнікаў і заклік падтрымаць свабоду інфармацыі, распаўсюдзіўшы спасылку на старонку з апісаньнем спрэчнага законапраекта або зьвярнуўшыся непасрэдна да дэпутатаў Дзярждумы.

Раней у Вікіпэдыі ўжо праводзілі аналягічную акцыю, калі на суткі зачыніўся доступ да англамоўнага сайту на знак пратэсту супраць амэрыканскага законапраекту аб барацьбе з інтэрнэт-пірацтвам, які абмяркоўваўся тады ў Кангрэсе ЗША.

Пасьля гэтага 8 амэрыканскіх парлямэнтароў — у тым ліку двое сэнатараў, суаўтараў гэтай заканадаўчай ініцыятывы — адмовіліся падтрымліваць законапраект.

Паводле расейскага законапраекту ў РФ плянуецца стварыць адзіную аўтаматызаваную інфармацыйную сыстэму, у якую трапяць інтэрнэт-адрасы ўсіх сайтаў, «дзе месьціцца інфармацыя, забароненая да распаўсюду на тэрыторыі Расеі фэдэральнымі законамі».

Аўтары паправак і прыхільнікі законапраекту кажуць, што ён скіраваны выключна супраць зьместу накшталт дзіцячай парнаграфіі «і таму падобных рэчаў».

Аднак, на думку праваабаронцаў, на практыцы гэта можа прывесьці да ўвядзеньня цэнзуры ў інтэрнэце і стварэньня ў Расеі аналяга «вялікага кітайскага фаерволу», які блякуе доступ да сайтаў, па тых ці іншых прычынах непажаданых уладам.

«Практыка ўжываньня заканадаўства, якая існуе ў Расеі, кажа аб высокай верагоднасьці найгоршага сцэнарыя, пры якім неўзабаве доступ да Вікіпэдыі будзе зачынены па ўсёй краіне», — сьцьвяржаецца ў звароце да карыстальнікаў Вікіпэдыі.

У звароце ўказана, што законапраект будзе разглядацца 10 ліпеня, таму ў гэты дзень доступ да «Свабоднай энцыкляпедыі» для карыстальнікаў будзе закрыты.

На сайце Дзярждумы ў пляне працы на бліжэйшыя дні разгляд гэтага дакумэнта ў другім чытаньні заплянавана на 11 ліпеня.

У Беларусі практыка часовага блякаваньня непажаданых уладам сайтаў існавала даўно, блякаваньне ўжывалася звычайна ў дзень выбараў. Пасьля зьяўленьне прэзыдэнцкага ўказу, а ў студзені гэтага году — адпаведнага закону, пад гэтую практыку быў падведзены юрыдычны грунт. Існуе «чорны сьпіс» сайтаў, якія правайдэры абавязаны блякаваць для інтэрнэт-карыстальнікаў у дзяржаўных установах.
XS
SM
MD
LG