Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дыскрымінацыя цыганоў: МУС ківае на Мінінфарм, Мінінфарм — на МУС


Гомельскія праваабаронцы, сябры БХК Марыя Багдановіч і Алесь Яўсеенка атрымалі зь Міністэрства ўнутраных спраў адказ на зварот наконт дыскрымінацыйных выказваньняў у прэсе на адрас прадстаўнікоў нацыі рома (цыганоў).

«Канчатковая літаратурная апрацоўка матэрыялаў, а таксама фактычных дадзеных, якія выносяцца на абмеркаваньне, ажыцьцяўляюцца рэдакцыяй СМІ», — гаворыцца ў лісьце, атрыманым з МУС.

Што да заклікаў не пазначаць у матэрыялах нацыянальнасьць злачынцаў, начальнік управы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч паведаміў, што «сярод супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пастаянна вядзецца тлумачальная праца ў мэтах недапушчальнасьці канкрэтызацыі ў публічных выступах расавых, этнічных і рэлігійных прыкметаў злачынцаў».

Раней на запыт праваабаронцаў пра факт дыскрымінацыі прадстаўнікоў нацыі рома ў дзяржаўных мэдыях намесьнік міністра інфармацыі Ўладзімір Матусевіч адказаў: «Публікацыі былі падрыхтаваныя на падставе матэрыялаў, прадстаўленых органамі ўнутраных спраў у адносінах да злачынных схемаў дзеяньняў махляроў з прафіляктычнай мэтай — недапушчальнасьці аналягічных дзеяньняў».

Праваабаронца Марыя Багдановіч лічыць тлумачальную працу, якую праводзяць сярод супрацоўнікаў міліцыі, недастатковай. «Інакш бы не зьяўляліся такія матэрыялы ў прэсе, прычым нават у профільнай газэце ведамства. Я буду надалей праводзіць маніторынг сытуацыі і адсочваць выпадкі дыскрымінацыйных матэрыялаў у адносінах да цыганоў у прэсе», — заявіла Багдановіч у інтэрвію сайту праваабарончага цэнтру «Вясна».

Праваабаронцы заклікаюць усіх супрацоўнікаў міліцыі не пазначаць у публічных выступах нацыянальную прыналежнасьць злачынцаў. «Указаньне на нацыянальнасьць парушальнікаў закону падлівае алею ў вогнішча ксэнафобіі. Калі яно загарыцца, то міліцыянты павінны будуць прыкладаць немалыя высілкі для таго, каб утаймаваць хуліганскія шавіністычныя групоўкі», — падкрэсьлівалі аўтары ў сваім звароце.

Раней Марыя Багдановіч і Алесь Яўсеенка падавалі калектыўны ліст у Міністэрства інфармацыі з заўвагамі да мовы асьвятленьня злачынстваў з удзелам прадстаўнікоў нацыі рома (цыганоў) у дзяржаўных СМІ. Намесьнік міністра інфармацыі Ўладзімер Матусевіч у адказе адзначыў, што з галоўнымі рэдактарамі дадзеных газэт праведзены гутаркі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG