Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстоўцам пагражаюць звальненьнем. Адміністрацыя: страйку не было


Пра пратэст двух дзясяткаў работнікаў цэху стала вядома 9 ліпеня пасьля 22 гадзіны вечара.

Адзін з пратэстоўцаў паведаміў, што на пачатку зьмены работнікам выдалі разьліковыя квіткі, і людзі ўбачылі, што даплаты зьменшыліся. У сярэднім сума недаплаты сягае мільёна рублёў.

«На сорак пяць працэнтаў. Мы паднімаемся да начальніка цэху, каб высьветліць, за што нас пазбавілі, а ён нам кажа: «Я так захацеў, я так і пазбавіў». Ён яшчэ сказаў: «У наступным месяцы я вас пазбаўлю на сто працэнтаў. Я знайду, за што і як. І атрымаеце голую „зьдзелку“. І мы пасьля гэтага адмовіліся працаваць. Вось цяпер сядзім на зьмене, нікуды не сыходзім да канца зьмены, але мы не працуем».

Сёньня раніцай працаўнікі цэху пайшлі да заводзкага начальства. Сваю пазыцыю, як заяўляюць пратэстоўцы, яны выклалі аднаму з намесьнікаў дырэктара заводу:

«Нас абклалі мацюкамі. Пачалі пагражаць, нават да звальненьня. Аднаго чалавека перавялі ў другі цэх. Абстаноўка напружаная. Людзі пакуль настроеныя ісьці да канца. Толку няма ўжо вяртацца назад. Мы больш за ўсіх працуем, а атрымліваем як усе, нават меней. Вось адна брыгада зрабіла семдзесят трактароў — зарабіла чатыры мільёны. Мы ж зрабілі сто сямнаццаць — таксама 4 мільёны атрымалі. І так кожны месяц. Няма ніякай справядлівасьці. Проста ў нас усё накіпела».

Пасьля абмеркаваньня сытуацыі работнікі наважыліся яшчэ раз схадзіць да начальства. Які плён гэта мела?

Працаўнік: «Пачалі расфарміроўваць дзьве самыя моцныя брыгады, якія выцягвалі ўвесь цэх».

Карэспандэнт: «Гэта брыгады, якія ўчора адмовіліся працаваць?»

Працаўнік: «Так, так. Ужо трох чалавек прыбіраюць у іншыя цэхі».

Карэспандэнт: «А ці выйдзеце сёньня на працу?»

Працаўнік: «Пакуль загаду няма аб пераводзе ўсіх у іншыя цэхі, таму ў любым выпадку выйдзем, але зьменнага заданьня мы выконваць ня будзем. Будзем рабіць адну-дзьве машыны».

На заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў дзейнічае суполка Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Як заяўляе старшыня суполкі Міхаіл Кавалькоў, працаўнікі-пратэстоўцы — не сябры гэтага прафсаюзу. Жаданьня ўступаць у яго пакуль не выказвалі. Спадар Кавалькоў зазначае:

«Начальнік цэху й майстры ведаюць, хто там мае ўплыў на калектыў, і будуць імкнуцца іх перавесьці на месяц у іншыя цэхі, каб зьбіць напружаньне. Калі яны нечага хочуць дасягнуць, яны павінны выразна гэта выкласьці. Людзі ж заслугоўваюць гэтых грошай. Яны застаюцца іншым разам да другой гадзіны ночы, трэцяй, каб выканаць тую працу, якую яны пачалі на пачатку зьмены. Лічу, што іх падманулі».

Завод трактарных дэталяў і агрэгатаў — адзін з самых пасьпяховых у Бабруйску. На ім працуюць больш за тры тысячы чалавек.


Намесьнік дырэктара: «Увесь канфлікт вакол прэміяльных»

Намесьнік дырэктара заводу па сацыяльных пытаньнях і кадрах Пётар Слабадчук у размове са «Свабодай» сказаў, што страйку на прадпрыемстве не было і няма:

«Як і на Захадзе, так і на Ўсходзе грошы плацяць толькі тады, калі людзі нармальна працуюць. Чалавек, калі ён выконвае зьменнае заданьне, атрымлівае адпаведны заробак. Калі ж чалавек не выканаў зьменнае заданьне, значыць, ён не атрымлівае заробак, які яму належыць. І гэта прапісана ў калектыўным дагаворы.

Па вызначаным на нашым заводзе канонам і законам, па нарматыўна-лякальным актам гэта брыгада не выканала нормы па прадукцыйнасьці працы. Натуральна, што ўзнагароду, то бок, прэміяльныя яна не атрымала. Заробак людзям выплацілі. Вось і ўвесь канфлікт. Ніякіх страйкаў у нас не было».
XS
SM
MD
LG