Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: шэсьці БХД забаранілі, актывістаў апытвае міліцыя


Берасьцейскі гарвыканкам забараніў правядзеньне двух вулічных шэсьцяў, якія зьбіраліся ладзіць мясцовыя актывісты БХД.

Шэсьці меркавалася правесьці пад лёзунгамі «Свабоду Паўлу Севярынцу», «Свабоду палітвязьням».

Як распавёў берасьцейскі каардынатар БХД Зьміцер Шурхай, забарону шэсьцяў салідарнасьці з палітвязьнямі чыноўнікі патлумачылі тым, што акцыі плянаваліся побач з консульствамі Расеі і Польшчы:

«Патлумачылі, што забараняецца праводзіць масавыя акцыі каля амбасадаў і кансулятаў. Мы ж плянавалі шэсьце па вуліцы Пушкінскай у Берасьці, дзе якраз і знаходзіцца кансулят Расеі і побач кансулят Польшчы. Таму мы вырашылі, што наступным разам будзем улічваць гэтыя асаблівасьці пры падачы заяўкі на масавае шэсьце».

Спадар Шурхай кажа, што для яго забарона шэсьцяў ня стала неспадзяванкаю. Аднак палітык меркаваў, што, магчыма, набліжэньне выбараў можа паўплываць на рашэньне гарвыканкаму аб шэсьцях.

Раней Зьміцер Шурхай казаў «Свабодзе», што тое, ці дазволяць гэтыя акцыі, будзе яшчэ раз сьведчыць, наколькі дэмакратычна пройдуць парлямэнцкія выбары.

Спадар Шурхай кажа, што забарона шэсьцяў «ізноў пераканала, што правільная пазыцыя на гэтых выбарах — байкот».

Палітык распавёў, што, забараняючы шэсьці, улады ў той жа час надалей ціснуць на актывістаў БХД.

«Гэтак, у міліцыю выклікалі актывістаў „Моладзі БХД“ Яўгена Хазiяхметава і Ўладзіслава Бароўскага. Міліцыянты апытвалі хлопцаў пра іх датычнасьць да апазыцыйных рухаў. Мяркую, што нашая пазыцыя адносна палітвязьняў і байкоту выбараў выклікае нэрвовую рэакцыю ўладаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG