Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герой Расеі Талбоеў: Выявіць самалёт можна і на вышыні 10 мэтраў


Беларускія ўлады па-ранейшаму захоўваюць маўчаньне што да гісторыі са швэдзкім лёгкаматорным самалётам, які раніцай 4 ліпеня без перашкод ўварваўся ў паветраную прастору Беларусі і паўтары гадзіны незаўважана для радараў супрацьпаветранай абароны раскідваў над тэрыторыяй краіны цацачных мядзьведзікаў з прычэпленымі цыдулкамі ў абарону свабоды СМІ.

Між тым ёсьць зьвесткі, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі і Беларуская ваенная пракуратура пачалі праверку вайсковай часткі на беларуска-літоўскім памежжы. Нібыта менавіта яна знаходзіцца ў зоне адказнасьці фіксаваньня паветраных аб’ектаў, якія ляцяць у напрамку Беларусі з тэрыторыі Літвы.

Інтэрнэт-сайт «Наш дом» са спасылкай на крыніцы ў вайсковай частцы, раскватараванай у лясах пад Смаргоньню, сьцьвярджае, што там пачаўся «разбор палётаў». Вайскоўцы, якія 4 ліпеня несьлі дзяжурства, пішуць тлумачальныя, ім нібыта нават пагражае трыбунал за правал у абароне паветраных рубяжоў, парушаных швэдзкім самалётам. Дарэчы, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі — родам са Смаргоні.

Аднак мясцовыя жыхары выказваюць сумнеў, што вінаватых трэба шукаць менавіта тут. Кажа адзін са смаргонцаў:

«Учора зь вечара даведаўся, што нібыта смаргонскі памежны атрад у гэтым вінаваты. У любым выпадку разьбірацца ім давядзецца доўга, бо, як казалі, падчас выбараў гэтая частка дае дзесьці 500 выбаршчыкаў. Усіх пакуль праверыш... Што да самалёта, то, як мне падаецца, ён дзесьці далёка ад нас мяжу перасякаў, зусім не над Смаргоньню. Яны дзесьці адразу пад Івянец выляталі...»

Самі швэдзкія пілёты пасьля бесьперашкоднага трапляньня ў Беларусь і пасьпяховага вяртаньня на радзіму расказалі, што ўляцелі з максымальна магчымага «літоўскага кліну», які ўразаецца ў Беларусь — Дзевяніскага выступу. На мапе відаць, што першыя буйныя паселішчы, якія ім трапіліся на беларускай зямлі — Юрацішкі, Іўе, з выхадам далей наўпрост на Івянец і Менск.

У дзяржаўных ведамствах вось ужо пяць дзён робяць выгляд, што інфармацыя, спачатку названая «грубай фальшыўкай», усё яшчэ дасьледуецца. У адсутнасьць начальніка цэнтру грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандра Антановіча, які выправіўся ў адпачынак, сувязь камітэту з прэсай спыненая. У Беларускай ваеннай пракуратуры ляканічна адказалі, што «ня ў курсе дадзенага пытаньня». У Міністэрстве абароны на сёньня «нічога новага для агучваньня» няма. Маўчыць і Сьледчы камітэт.

Тым часам паўтарагадзіннае авіяпадарожжа швэдаў над Беларусьсю не на жарт трывожыць афіцыйную Маскву. І хоць ніякіх заяваў з боку кіраўніцтва Расеі пакуль не прагучала, расейскія экспэрты аднадушныя: расхваленая беларускім кіраўніцтвам адзіная супрацьпаветраная абарона так званай саюзнай дзяржавы трэснула ў самым стратэгічным месцы — на мяжы з НАТО.

Герой Расеі, лётчык-выпрабавальнік Магамэд Талбоеў перакананы, што ўладам Беларусі трэба не замоўчваць інцыдэнт, а рабіць неадкладныя высновы, каб падобнае не паўтарылася:

«Вядома, выглядае ўсё вельмі непрыгожа. Па сутнасьці, гэта паўтарэньне гісторыі
Няхай бы паспрабаваў вакол Вашынгтона ці Нью-Ёрку палятаць такі самалёт, яго б зьбілі адразу ж ...

25-гадовай даўнасьці. Увогуле нейкая безалабернасьць, агульная распушчанасьць у войску. Няхай бы паспрабаваў вакол Вашынгтона ці Нью-Ёрку палятаць такі самалёт, яго б зьбілі адразу ж. У Амэрыцы на гэты конт звышжорсткі закон, яны маюць права зьбіваць нават пасажырскі самалёт, які пралятае над закрытай зонай. Адгаворкі пра нізкія вышыні і г.д. — для дылетантаў. Што гэта за тлумачэньне, калі ўжо на 10 мэтрах сучасныя прыстасаваньні вызначаюць аб’ект? Гэта ж не гарыстая мясцовасьць, каб па цясьнінах хавацца, а раўніна. Беларусь — суцэльная раўніна. Апраўдвацца можна чым заўгодна, але мае месца сам факт — чужы самалёт, якія ня мае пазыўных, уварваўся ў паветраную прастору сувэрэннай дзяржавы. Які б ён ні быў — вялікі, маленькі, якая розьніца? Арганізацыйныя высновы павінны быць зробленыя. Але што ў вас, што ў нас нешта прызнаваць не сьпяшаюцца. Калі б ня прэса, увогуле ніхто б нічога не гаварыў».

Так званы «плюшавы дэсант» арганізавала чацьвёрка швэдаў — усе яны супрацоўнікі рэклямнай кампаніі «Total» са Стакгольму. Два чалавекі складалі экіпаж аднаматорнага самалёта, яшчэ два забясьпечвалі прыкрыцьцё на зямлі — на выпадак, калі паветраных «шпіёнаў» прымусяць зрабіць пасадку ці нават саб’юць.

Аднак, не сустрэўшы ў Беларусі ніякіх перашкодаў, арганізатары незвычайнай акцыі сваю задуму рэалізавалі без наступстваў. Па іх словах, на сваім шляху яны скінулі блізу 800 цацачных мядзьведзікаў, да якіх былі прычэпленыя паперкі з заклікам паважаць свабоду слова ў Беларусі. Самы значны дэсант прыпаў на Івянец, але практычна ўсе «плюшавыя дэсантнікі» адтуль трапілі ў міліцыю. Менчукам пашанцавала болей — некалькі мядзьведзяў знайшлі новых гаспадароў у Сухараве і Малінаўцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG