Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская СПА, як і расейская — у небаяздольным стане»


Пракамэнтаваць сытуацыю з «плюшавым дэсантам» на Беларусь мы папрасілі двух расейскіх вайсковых экспэртаў — Паўла Фэльгенгаўэра і адказнага рэдактара «Независимого военного обозрения» Віктара Літоўкіна.

Кар.: Спадар Фельгенгаўэр, швэдзкія праваабаронцы, якія паведамілі, што праляцелі над Беларусьсю і раскідалі плюшавых мядзьведзікаў, вывесілі ў інтэрнэце відэазапіс палёту. Міністэрства абароны Беларусі назвала відэаролік фальсыфікацыяй і правакацыяй. Паводле вашай ацэнкі — дык было ці не было?

Фэльгенгаўэр: Мяркуючы па відэа, па сьведчаньнях людзей на зямлі — хутчэй было, чым не было.

Кар.: Спадар Літоўкін, мог быць такі палёт незаўважаны беларускай СПА? Наколькі яна моцная і непраніцальная?

Літоўкін: У прынцыпе гэта магчыма, чаму не? Можна не заўважыць. Але я ня думаю, што сур’ёзны самалёт мог перасекчы мяжу, каб яго ніхто не заўважыў. Адназначна казаць тут складана.

Кар.: Спадар Літоўкін, у Беларусі, акрамя ўласнай беларускай СПА, ёсьць і два расейскія ваенныя аб’екты....

Літоўкін: Гэта вельмі сур’ёзныя аб’екты, яны ня маюць ніякага дачыненьня да лёгкіх паветраных апаратаў. Гэта станцыя папярэджаньня аб ракетным нападзе пад Баранавічамі, яе функцыя — выяўленьне пускаў і вызначэньне траекторыяў стратэгічных і апэратыўна-тактычных ракет. Другі аб’ект — станцыя далёкай сувязі «Антэй» для сувязі з падводнымі лодкамі, якія знаходзяцца ў акіяне.
Ні той, ні другі аб’екты ня маюць ніякага дачыненьня да палётаў лёгкіх самалётаў.

Кар.: Спадар Фэльгенгаўэр, а калі інцыдэнт меў месца, то што гэта кажа пра беларускую сыстэму СПА? Тое, што яна вельмі слабая, ці што такія сытуацыі могуць здарыцца дзе заўгодна і гэта па вялікім рахунку нічога ня значыць?

Фэльгенгаўэр: Ну яна, зразумела, зараз у небаяздольным стане. Бо і патрэбы ў гэтым няма — і блізка няма ніякай пагрозы вайны. Таму сілы СПА знаходзяцца ў неразгорнутым стане, шмат што выведзена ў рэзэрв. Нават у часы «халоднай вайны» для лёгкіх самалётаў заставаліся «дзіры» . А зараз ні ў Расеі, ні ў Беларусі няма той сыстэмы, якая была тады. Значная частка расейскіх зэнітна-ракетных брыгадаў і беларускіх палкоў не разгорнутыя. Няма сэнсу разгортваць — толькі тэхніку зношваць. Ну і яна — не для зьбіцьця лёгкіх самалётаў. Так што праляцець на такім самалёціку можна.

У 80-я гады пасьля палёту Руста ва ўсіх палках СПА вакол Масквы паставілі вышкі з цяжкімі кулямётамі ДШК. Бо зэнітнымі ракетамі зьбіваць такія самалёты бессэнсоўна. Хаця калі высока ляціць, то з кулямёта і не дастанеш. Зэнітныя ракеты, якія саманаводзяцца, таксама па іх кепска працуюць. І зьнішчальнікі, бо зьнішчальнік ляціць хутка, а такі самалёт павольна.

Кар.: Дык з таго, што вы гаворыце, вынікае, што тэрарыстычную атаку супраць ЗША 9 верасьня 2001 году можна і паўтарыць, прынамсі лёгкім самалётам?

Фэльгенгаўэр: Можна ня толькі лёгкім. Амэрыканцы з таго часу падрыхтаваліся, хаця ў іх няма зэнітна-ракетных комплексаў на тэрыторыі краіны, хіба што вакол Белага дому. Але там наладжаная сыстэма перахопу зьнішчальнікамі. Тады ў іх нават зьнішчальнікаў у боегатоўнасьці не было, тыя, што ўзьляцелі, былі без боекамплекту. Зараз ёсьць. У нас, калі пасьля 11 верасьня 2001 году разважалі, ці можна абараніць Маскву, то прыйшлі да высновы, што гэта няпроста: пасьпець прыняць рашэньне — зьбіваць ці перахопліваць — у мірны час дастаткова складана.

Кар.: Якое значэньне гэты інцыдэнт будзе мець для ваенных і палітычных стасункаў Беларусі і Расеі? Пры тым, што беларуская СПА — зараз частка супольнай супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі.

Фэльгенгаўэр: Я ня ведаю, што беларусы гавораць нашым наконт боегатоўнасьцм беларускай СПА. Але зразумела, што не ў стане боегатоўнасьці. Але зь іншага боку і ня трэба. Бо пагрозы з Захаду не існуе. Калі зьявіцца, то можна будзе прывесьці ў боегатовы стан. А для перахопу паветраных тэрарыстаў, калі камусьці прыйдзе ў галаву гэта зрабіць, па вялікім рахунку не гатовы ніхто ў сьвеце, акрамя ЗША і Ізраіля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG