Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкага ўганаравалі прэміяй Пэтры Кэлі


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Фундацыя імя Генрыха Бёля ўзнагародзіла віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, праваабаронцу, палітвязьня Алеся Бяляцкага прэміяй Пэтры Кэлі.

Пра ўганараваньне жонцы Бяляцкага Натальлі Пінчук паведаміў у лісьце былы амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Крыстаф Вайль. У лісьце напісана, што прэмія прысуджана на знак прызнаньня дзейнасьці Алеся Бяляцкага ў справе адстойваньня правоў чалавека ў Беларусі.

«Сардэчна віншую яго з гэтай узнагародай, якую ён заслужыў у асаблівай ступені. Імя Алеся Бяляцкага сымбалізуе асабістую прыстойнасьць і самаадданасьць у барацьбе за правы тых, хто зазнае рэпрэсіі», — піша Вайль.

Натальля Пінчук адзначыла ў інтэрвію БелаПАН, што дыплямат выказаў надзею: магчыма, Бяляцкі зможа атрымаць гэтую прэмію ўжо восеньню ў Бэрліне.

Прэмія Пэтры Кэлі прысуджаецца з 1998 году асобам ці групам асобаў за актыўны ўдзел у барацьбе за захаваньне правоў чалавека, негвалтоўнае вырашэньне канфліктаў і абарону навакольнага асяродзьдзя. Прэмія была заснаваная ў памяць вядомай палітычнай дзяячкі Пэтры Кэлі (1947–1992), якая брала ўдзел у стварэньні Партыі зялёных у Нямеччыне.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG