Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 ліпеня Лябедзька будзе судзіцца з МУС і Мін’юстам


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Пазоў кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоля Лябедзькі да МУС і Міністэрства юстыцыі будзе разгледжаны 17 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Справу пачнуць разглядаць а 14.30.

«Пазоў будзе разглядаць судзьдзя Алена Сямак, якая 16 ліпеня будзе разглядаць аналягічныя пазовы праваабаронцаў Алега Гулака і Валянціна Стэфановіча. Як і яны, я тры месяцы чакаў, пакуль будзе прызначаная дата разгляду скаргі, хоць паводле закону на разгляд адводзіцца месяц», — заявіў Лябедзька БелаПАН.

«Рашэньне аб унясеньні ў сьпіс невыязных было прынята на палітычным узроўні. І такое ж палітычнае рашэньне будзе і па пытаньні, ці пакінуць мяне ў гэтым сьпісе, выключыць зь яго ці неяк перафарматаваць маю прысутнасьць у ім», — камэнтуе Лябедзька верагодныя вынікі разгляду справы.

7 сакавіка палітык зьбіраўся выехаць у Літву праз памежны пераход «Каменны Лог». «Я спрабаваў прайсьці мяжу пешшу, аднак мне гэта не ўдалося. У паперы для пераходу мне тройчы паставілі штамп аб ануляваньні майго права на выезд у краіны Еўразьвязу і разьвярнулі мяне на 180 градусаў, у Беларусь. Ніякіх тлумачэньняў, па якой прычыне мне забаронены выезд, не было», — сказаў Лябедзька.

19 сакавіка ён наведаў аддзел грамадзянства і міграцыі Цэнтральнага раёну Менску, дзе яму паведамілі, што на падставе інфармацыі зь Міністэрства юстыцыі яму часова забаранілі выяжджаць за межы Беларусі ў сувязі з «ухіленьнем ад абавязаньняў, накладзеных судом».

Два дзясяткі невыязных

22 чэрвеня суд Маскоўскага раёну Менску загадаў Міністэрству ўнутраных спраў выбачыцца перад праваабаронцам Гары Паганяйлам за «памылковае» ўключэньне яго ў сьпіс невыязных.

У сакавіку, гаворачы пра сьпіс невыязных, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «А мы зрабілі. І то мы яго яшчэ не ўвялі. На поўную моц яшчэ не ўвялі. Але ўвядзем».

Пасьля гэтага за мяжу ў розны час не змаглі выехаць два дзясяткі палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў і журналістаў.

Сярод іх:

  • рэдактар тыднёвіка «Наша Ніва» Андрэй Дынько
  • старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жана Літвіна
  • старшыня «Беларускага Хэльсынскага камітэту» Алег Гулак
  • праваабаронца Валянцін Стэфановіч
  • старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька
  • старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін
  • ягоны намесьнік Валеры Ўхналёў
  • намесьнік кіраўніка руху «За свабоду» Віктар Карняенка
  • старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Станіслаў Шушкевіч
  • палітык Вінцук Вячорка
  • сябра аргкамітэту партыі «Беларускі рух» Віктар Івашкевіч
XS
SM
MD
LG