Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вялічка: улады абмяжоўваюць «магчымасьці мадэрнізацыі і трансфармацыі ў краіне»


Беларусь ня будзе супрацоўнічаць з Эўразьвязам па праграмах, якія распрацаваныя ў аднабаковым парадку.

Пра гэта заявіў журналістам у Менску сталы прадстаўнік Беларусі пры Эўразьвязе Андрэй Еўдачэнка. Ён удзельнічае ў штогадовай вучобе кіраўнікоў замежных установаў Беларусі, якая пачалася 9 ліпеня.

«Мы ня будзем працаваць па тых дакумэнтах Эўразьвязу, якія ён распрацоўвае ў індывідуальным парадку. Мы будзем працаваць толькі ў рамках тых супольных праграм, якія мы будзем разам распрацоўваць і ўзгадняць з усімі зацікаўленымі», — цытуе Еўдачэнку Інтэрфакс.


Старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Беларусі Сяргей Мацкевіч сказаў «Свабодзе», што, на ягоны погляд, выказваньне Андрэя Еўдачэнкі зроблена больш для піяру:

Сяргей Мацкевіч

Сяргей Мацкевіч

«Таму што рэальныя кансультацыі зь беларускімі ўрадоўцамі ідуць. Нічога самастойна Эўразьвяз ня піша. Робяцца спробы, і гэта зразумела, намацаць тыя кропкі, дзе можна наладзіць супрацоўніцтва. А гэтая заява зробленая для таго, каб, калі нешта пойдзе ня так, усё можна было б хутка згарнуць. Насамрэч я думаю, што беларускія ўлады ня будуць адмаўляцца ў тым ліку і ад праграмы мадэрнізацыі. Але адначасова яны ня будуць і прысьпешвацца. Будуць чакаць загаду зьверху, наколькі далёка можна прасоўвацца ў супрацы з Брусэлем. Гэтае выказваньне беларускага дыплямата ў прынцыпе адпавядае лёгіцы папярэдніх афіцыйных выказваньняў. Таму для нас нічога дзіўнага ў ім няма».


З гэтай нагоды Ўлад Вялічка, старшыня міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь», у камэнтары «Свабодзе» адзначыў:

Улад Вялічка

Улад Вялічка

«Мы па-ранейшаму назіраем вельмі аднабаковае разуменьне таго, што такое распрацоўваць праграмы з удзелам Эўразьвязу. То бок, калі беларускі ўрад ня ўдзельнічае ў такіх распрацоўках, гэта не азначае, што Беларусь у гэтым ня ўдзельнічае. Гэта азначае, што беларускі дзяржаўны бок ня ўдзельнічае ў гэтых працэсах з уласнай ініцыятывы. Бо афіцыйны Менск неаднаразова атрымліваў запрашэньні да ўдзелу ў гэтых працэсах. Але з розных прычынаў ён адмаўляўся.

Гэта ня новая пазыцыя. Яна была заяўленая ўжо дастаткова даўно. І гэта, вядома, абмяжоўвае магчымасьці мадэрнізацыі і трансфармацыі ў краіне. Гэта вельмі вузкае бачаньне пэрспэктываў беларуска-эўрапейскага супрацоўніцтва з боку адказных асоб нашай краіны».
XS
SM
MD
LG