Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму не паверылі швэдам?


Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

Людзі, якія сплянавалі ды зьдзейсьнілі дзёрзкую акцыю з парушэньнем беларускай паветранай прасторы на самалёце Jodel, не былі профі ў пілятаваньні. Адзінае, у чым яны былі сапраўднымі профі — гэта піяр, бо менавіта ім яны займаюцца ў паўсядзённым жыцьці, працуючы ў Studio Total.

І вось, гэтыя эўрапейскія спэцыялісты па піяру зь міжнароднай піяр-агенцыі распрацавалі дэталёвы плян піяр-кампаніі, купілі самалёт, навучыліся пілятаваньню і раптам сутыкнуліся з уласнай няздольнасьцю выканаць самае простае. Тое, чым займаліся ўсё жыцьцё: прымусіць людзей паверыць, што яны сапраўды тое зрабілі — што сапраўды праляцелі над Менскам ды раскідалі лялечных мядзьведзікаў.

Чаму так адбылося?

5-га ліпеня, праз 36 гадзін пасьля палёту, Томас Мазэці быў вымушаны адмовіцца ад першапачатковай задумы. Яна палягала ў тым, каб не раскрываць уласныя пэрсаналіі. Бо гэтыя вясёлыя хлопцы з дзяўчатамі зрабілі крымінальнае злачынства нават па лібэральных эўрапейскіх законах: парушылі мяжу, прычым двойчы. Томас запісаў выступ для тэлебачаньня, у якім назваў прозьвішчы ўсіх, хто ўдзельнічаў у палёце ды яго наземным суправаджэньні — адбылося сымбалічнае зрываньне маскі.

Мазэці з прыкрасьцю адзначыў, што вымушаны быў пайсьці на гэта, бо беларускія мэдыі не паверылі ў тое, што акцыя была ня «фэйкам». Веры яму не далі нават пасьля таго, як у сеціве зьявіўся відэаролік, на якім было яўна бачна, што іх Jodel гойсае над Івянцом, скідаючы лялечныя цацкі з прышчэпленымі да іх патрабаваньнямі правоў чалавека. На ягоную думку, мэдыі павінны былі прыцягнуць вайсковых экспэртаў, якія б прызналі сапраўднасьць выкладзеных у інтэрнэт матэрыялаў.


Прафэсійны ды дасьведчаны піяршчык з Швэцыі прадэманстраваў фундамэнтальнае неразуменьне таго, як працуюць мазгі ды масавая сьвядомасьць ў краіне, якую ён зь сябрамі паспрабаваў выратаваць ад адсутнасьці свабоды слова. Ён ня здолеў прадказаць рэакцыю рэдактараў на зьяўленьне такой сэнсацыйнай інфы: нават Сеціва першыя 36 гадзін сустрэла дадзеныя Studio Total зь недаверам. У 9 гадзінаў 5-га ліпеня (прыкладна 24 гадзіны пасьля таго, як пра палёт швэдаў стала вядома) «Хартыя-97» зазначала пра відэа зь Івянца: «У Інтэрнэце зьявіліся відэаролікі, на якіх зь невядомага самалёта скідваюць нейкія рэчы». Сайт дадаваў, што «на некаторых беларускіх сайтах сьцьвярджаецца, што на відэа можна пазнаць горад Івянец Менскай вобласьці».

Здавалася б: вось, усё перад вачыма. Вось яўна бачная Івянецкая царква, вось бачны самалёт, дык адкуль ва ўсіх нас узяліся сумневы? Чаму мы ня верылі — нават пасьля таго, як зьявіліся сьведкі зь Івянца, іх словы былі запісаныя на відэа, як «Наша Ніва» паведаміла пра чалавека з Сухарава, які знайшоў мядзьведзіка на даху сваёй шматпавярхоўкі? Што вымушала сумнявацца?

Здаецца, гэтыя сумневы — такая ж прыкмета сёньняшняй Беларусі, такі ж сымптом яе хваробы, як спартовы парад са «сталінскімі вазамі» ці прынцыповае нежаданьне большасьці людзей размаўляць на камэру, публічна выказвацца. Дык паспрабуем зразумець і вылучыць чыньнікі сумневу.

1. Акцыя надта ж была падобная на акцыі «Зьмены» зь лялечнымі цацкамі. А ў «Гавары праўду» рэпутацыя людзей, якія лёгка могуць наняць швэдзкае піяр-агенцтва для прамоцыі ўласных акцыяў. Да таго ж у першых жа паведамленьнях было ўказана, што акцыя прафінансаваная пры дапамозе Studio Total. А піяршчыкам у народзе (і асабліва сярод медыятызаванай яго часткі) веры няма.

2. Падсьвядомая вера ў непахіснасьць вайсковай моцы, неабмежаваныя, звышчалавечыя здольнасьці беларускай арміі ды спэцслужбаў. Гэтая вера існуе як фізычны рэфлекс нават у тых людзей, якія звычайна абвяргаюць непахіснасьць рэжыму публічна. Уголас мы кажам пра тое, што армія ў Беларусі вымагае мадэрнізацыі, яе матэрыяльна-тэхнічная база састарэла, яе арганізацыя — савецкая па сутнасьці, падсьвядома ж лічым яе звышэфэктыўнай. Міты пра стабільнасьць, абарону рубяжоў ды паветранай прасторы не выклікаюць сумневаў, мы ў гэтых мітах жывем. Калі міты абвяргаюцца групай панкаў на аматарскім самалёце, гэта выклікае кагнітыўны дысананс ды калектыўнае кароткае замыканьне мазгоў.

3. Звычка арыентавацца на паведамленьні афіцыйнага боку. За апошняе дзесяцігодзьдзе мы прызвычаіліся да таго, што галоўным (ды, бадай, адзіным!) ньюзмейкерам Беларусі зьяўляецца ўлада. Калі паведамленьне прыходзіць зь нейкага іншага цэнтру, інфармацыйнае поле замірае ў чаканьні рэакцыі ўлады. І калі ўлада на яго рэагуе, паведамленьне «спраўджваецца». Нават калі гэтая рэакцыя — нэрвовая ці раздражнёная. Калі не рэагуе, узьнікае сумнеў.

У гэтым выпадку інфармацыйную нагоду стварыў прынцыпова іншы суб’ект, да таго ж — замежны. Мы не можам сабе ўявіць, што людзі з-за мяжы могуць быць болей крэатыўнымі, чым мы самі, болей нахабнымі, лепей разумець вартасьць беларускай супрацьпаветранай абароны.

4. Адсутнасьць арыштаў. Зноўку: калі факт парушэньня мяжы быў, відавочна, што зьявіцца крымінальная справа. У Беларусі калі ёсьць нават самая маленькая нагода для распачынаньня крымінальнай справы, яе заўсёды распачынаюць. Павінныя быць арышты, ператрусы, ліхаманкавы пошук памагатых сярод «пятай калёны», бо немагчыма дапусьціць тое, што беларуская сыстэма паверыць, што ў швэдаў сапраўды не было сяброў ды дарадцаў унутры краіны, што фармулёўкі заклікаў, што былі прышчэпленыя да мядзьведзікаў, гэтыя людзі бралі з google translate! Адсутнасьць арыштаў у Беларусі ўспрымаецца як адсутнасьць нагоды для арыштаў. А гэтае значыць, што не было ніякага палёту!

5. Адсутнасьць адставак сярод сілавікоў. Усе памятаюць, як адрэагаваў на зьяўленьне Маціяса Руста на Чырвонай плошчы на Дзень памежніка ў 1987 годзе Міхаіл Гарбачоў: у адстаўцы апынулася ўся супрацьпаветраная абарона СССР. Адсутнасьць кадравых чыстак — лепшая дэзавуацыя. Няма адставак — не было і нагоды.

Напісаў гэта, перачытаў ды зразумеў, што не пакідае дзіўны нэрвовы неспакой: аб тым, што прырода нашай няверы ў падобныя цуды нават яшчэ глыбей за прыведзеныя 5 пунктаў. Яна жыве на цьмяным, татэмным, узроўні, які нават і сфармуляваць немагчыма. А што вы скажаце, паважаныя чытачы?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG