Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Бундэстагу будзе апякаць беларускага анархіста


дэпутатка нямецкага Бундэстагу Марылюіза Бэк

дэпутатка нямецкага Бундэстагу Марылюіза Бэк

Марылюіза Бэк: “Я патрабую вызваленьня Ігара Аліневіча”.

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу ад фракцыі зялёных Марылюіза Бэк заявіла пра сваё апякунства над беларускім палітвязьнем Ігарам Аліневічам у рамках кампаніі "Шэфства над палітвязьнямі". Гэтую кампанію ініцыявала летась нямецка-швайцарская праваабарончая арганізацыя "Libereco — Partnership for Human Rights".

У сваёй заяве аб апякунстве над Аліневічам Марылюіза Бэк указвае, што яе “падшэфны” быў выкрадзены невядомымі асобамі падчас яго знаходжаньня ў Маскве і быў дастаўлены ў КДБ Беларусі, што ў часе допытаў у дачыненьні да падсьледнага злоўжывалі недазволеныя фізычныя і псыхалягічныя захады, што падчас суду, які асудзіў маладога беларуса на 8 гадоў зьняволеньня, назіраліся сур'ёзныя парушэньні канстытуцыйных прынцыпаў.

“Я не падзяляю ідэі "анархістаў" у Беларусі “, – адзначае Марылюіза Бэк.” Тым ня менш, гэтыя людзі маюць права разьлічваць на захаваньне канстытуцыйных прынцыпаў у разглядзе іх справаў. Улічваючы, што гэта ў Беларусі не выконваецца, я вырашыла стаць яго "апекуном". Я патрабую вызваленьня Ігара Аліневіча і справядлівага расьсьледаваньня справы”.

Раней Марылюіза Бэк была апекуном палітвязьня, экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава.

Мэта кампаніі "Шэфства над палітвязьнямі" — забясьпечыць кожнаму палітвязьню ў Беларусі і яго сям’і маральную ды іншую падтрымку з боку эўрапейскіх палітыкаў. Апекуны бяруць на сябе абавязак сачыць за праблемамі таго ці іншага палітвязьня, дапамагаць ягонай сям'і, усяляк распаўсюджваць інфармацыю пра беларускіх палітзьняволеных у сваіх краінах.

Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Ігара Аліневіча вязьнем сумленьня і заклікаюць да яго неадкладнага і безумоўнага вызваленьня.
XS
SM
MD
LG