Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ася Паплаўская — пра любімыя кнігі Янкі Купалы


Ася Паплаўская

Ася Паплаўская

Адныя голасна пяюць «Ня быць скотам», іншыя сумуюць па зноў забароненых «Тутэйшых», трэція спрачаюцца пра прарочую сымболіку радкоў «На Куцьцю», чацьвёртыя вучаць роднай мове каханых па «Явары і каліне», пятыя шукаюць нашчадкаў самога шматкроць закаханага аўтара, шостыя б’юцца за ягоны гонар, а сёмыя знаходзяць забойцаў Паэта. У кожнага ён свой. Ася Паплаўская — пра любімыя кнігі Янкі Купалы.

Янка Купала. Жалейка. Факсымільнае перавыданьне. Менск, «Мастацкая літаратура», 1982

Насамрэч гэты зборнік раньніх твораў паэта называецца «Жалейка Янкі Купалы». У ім вершы паэта, што будуць пераходзіць з адной кнігі ў другую, яны стануць візытнай карткай і самога Янкі Купалы, і беларускай паэзіі. Гэта «Я не паэта», «Я мужык-беларус», «А хто там ідзе?..» Сам паэт пазьней прызнаваўся, што ня мог пісаць пра каханьне, пра прыгоствы зямлі беларускай, «не заглянуўшы спачатку на рэальны быт яе сыноў».

У «Жалейцы» — шмат ЖАЛЮ да беларускага мужыка, да абяздоленага, забытага Богам краю. У 1913 годзе паэт напісаў артыкул «Чаму плача наша песьня?» У ім сярод іншага ён патлумачыў, чаму настрой «Жалейка» такі сумны ды тужлівы, чаму так істотна было годна адказаць на пытаньне «А хто там ідзе?» — «Беларусы!»: «Калі ў памятным 1905 г. зрабілася завіруха, калі ў Расеі ў кожнага чалавека стала будзіцца душа да новага жыцьця, да новага шчасьця, то і ў беларуса будзіцца стала пачуцьцё свайго „я“, стала лунаць доўга дрэмлючая думка, што і мы людзі».

Жалейка — гэта назва-сымбаль, назва-знак для беларускай культуры. Гэты зборнік можна параўнаць з палатном «Едакі бульбы» Ван Гога, якое мастак пісаў пра працоўны люд для свайго часу. А засталося — назаўжды.

Янка Купала. Жыве Беларусь. Менск, Мастацкая літаратура, 1993

Гэтая кніга цікавая тым, што ў яе ўвайшлі вершы Янкі Купалы, што не згадваліся нават у энцыкляпэдычным даведніку «Янка Купала» 1986 году: «Казка аб песьні», «Жыды», «Перад будучыняй» ды іншыя. Але хочацца засяродзіць вашую ўвагу на артыкулах паэта, што апублікаваныя ў кнізе з назвай, якая сёньня на вуснах кожнага сьвядомага беларуса. «Ці маем мы права выракацца роднай мовы»?

Гэты тэкст, напісаны ў 1910 годзе, зусім не заклікавы, аўтар не агітуе чытачоў, ня кліча ратаваць родную мову. Ён паказвае бязглуздую сытуацыю забываньня беларускай мовы праз трапныя прыклады, паралелі, параўнаньні. Цікавая паралель з птушыным сьветам: «А вось глянем яшчэ хоць бы на крылатыя стварэньні: ці ж ня сьмешна б нам паказалася, каб салавейка пачаў кукарэкаць па-пятушынаму, а певень пачаў кукаваць, як зязюля...» І далей: «Адказ на гэта хіба кожнаму прадыктуе свой розум». Праўда, такі спакойны, амаль нэўтральны тон артыкулаў Янкі Купалы паступова становіцца больш эмацыйным, больш імпульсіўным. Ён, разумеючы, што нічога не мяняецца, беларусы як сядзелі пад венікам, так і сядзяць, пераходзіць да прамых заклікаў, агітацыі, клічаў.

Вельмі розныя настроі назіраюцца ў ягоных публіцыстычны тэкстах. Дыямэтральна супрацьлеглыя часам. Напрыклад, артыкулы, напісаныя ў 1914 годзе. «А ўсё ж такі мы жывём!..» і «Вера і нацыянальнасьць». Першы пачынаецца так: «Шчасьлівы край гэта — наша бацькаўшчына Беларусь!» (праўда, далей гутарка вядзецца пра «шчасьце» ад апекуноў), а другі: «Нашай Бацькаўшчыне вечна ні ў чым не шанцавала...»

Вялікая колькасьць артыкулаў песьняра пра самае галоўнае, да чаго ён сваімі тэкстамі сьвядома вёў беларусаў — пра незалежнасьць. «Больш самачыннасьці», «Незалежнасьць», «Незалежная дзяржава і яе народы», «Справа незалежнасьці Беларусі за мінулы год»... Сьпіс можна працягваць бясконца. Але нават у артыкуле «Моладзь ідзе!» 1919 году адчуваецца разуменьне Янкам Купалам безвыходнага становішча беларусаў. Яно і ясна: усё ідзем і ідзем ды ніяк не прыйдзем...

Янка Купала. Паэмы. Менск, «Мастацкая літаратура», 1978

Паэмы пісьменьніка, гэта, мабыць, тыя творы, якія прачыталі ўсе беларусы, якія вучыліся ў беларускіх школах. А тыя, хто не прачытаў, хаця б чуў пра іх на ўроках беларускай літаратуры. Але па вялікім рахунку — клясыкі беларускай літаратуры і сёньня застаюцца непрачытанымі. Я пра глыбокае, удумлівае, асэнсаванае чытаньне для сябе, а не для адзнакі ў школьным журнале.

Кніга «Паэмы» ўтрымлівае дзевяць твораў Янкі Купалы. Гэта «Над ракой Арэсай», «Безназоўнае», «Яна і я», «Магіла льва», «Нікому», «Зімою», «Бандароўна», «Курган», «Адплата каханьня». У сваіх паэмах Купала ўвасобіў шмат народных легенд і паданьняў, у ягоных творах шмат міталёгіі, адчуваецца веданьне жыцьця беларусаў. Паэма «Над ракой Арэсай», напрыклад, цікавая тым, што ў ёй Янка Купала паказаў, як пэрсанажы твора пераадольваюць усе звадкі, усе ўнутраныя перашкоды на шляху да яднаньня. Дзеля адной мэты. Беларусы сёньня — не купалаўскія тыпажы. Яны ніяк ня могуць пазьбегнуць унутраных боек, каб нарэшце вырвацца з палону ўласных незадаволенасьцяў ды ўзаемных абвінавачаньняў. Закамплексаваныя, забітыя, падозрывыя людзі ня здольныя прыйсьці да волі, ня здольныя ажыцьцявіць мару Янкі Купалы.

Янка Купала. Санэты. Менск, «Мастацкая літаратура», 2002

Гэтая кніга — сапраўдны падарунак як беларусам, так і замежнікам на 130-годзьдзе Песьняра. Дваццаць два санэты Янкі Купалы падаюцца ў перакладах на ангельскую, гішпанскую, нямецкую, польскую, расейскую, украінскую, французскую мовы. Над перакладамі працавалі дзесяць перакладчыкаў.

Істотна ведаць, што менавіта Янка Купала — заснавальнік беларускай традыцыі санэтапісаньня, а не Максім Багдановіч, як лічаць многія. Місія Янкі Купалы як паэта была ў тым, каб распрацоўваць новыя формы, удасканальваць ды ўзбагачаць тэхніку творчасьці. Хочацца прывесьці цалкам адзін з санэтаў паэта. «Я люблю».

Я люблю ўсходы нашых палеткаў,
І спавітыя ў зелень лугі,
І шум бору пануры, глухі,
І шаптаньне крынічнае ўлетку...

Я люблю ўпрыгожану ў мхі
Нашу вёску — сваёй крыўды сьведку,
Свой народ — гэту зьвяўшую кветку,
Цэлы край — родны мне й дарагі.

Я люблю ясны вочы і грудзі
І стан гібкі дзяўчыны-красы:
Аб ёй брэджу на яве і ў сьне.

Я люблю і заву, бы ў нялюдзьдзі, —
Чуюць кліч мой сухія лясы,
Кліч: хто ж любіць, хто любіць мяне?


Янка Купала. Тутэйшыя. Менск, «Мастацкая літаратура», 2003

На пытаньне журналіста «На якую п’есу падобнае жыцьцё беларусаў?» прыма тэатру імя Янкі Купалы Сьвятлана Зелянкоўская адказала: «Тутэйшыя». Мікіта Зносак — заўжды пабіты, заўсёды прыстасоўваецца — гэта беларус у адной асобе..."

Янка Купала напісаў трагічна-сьмяшлівую п’есу на ўсе часы. Нам і не хацелася б, каб яе героі былі і зараз актуальныя, але... Сярод нас жывуць сотні і тысячы калескіх рэгістратараў. Гэты тыпаж, вымаляваны клясыкам, уладкуецца пры любой уладзе. Ён будзе добрым «і вашым, і нашым». З яго «як з гуся вада». Страшныя людзі.

Але ёсьць сярод нас і Янкі Здольнікі. Гэтым шчырым і чыстым героем Янка Купала ня толькі «адцяніў» Зносака, але і даў беларусам надзею на лепшае, веру ў сьветлае ў чалавеку. Зрэшты, у кожным чалавеку ёсьць і ад Здольніка, і ад Зносака. Галоўнае — каб наша здольнасьць да справядлівасьці і вернасьці ідэалам не знасілася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG