Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шарамет: Справа Завадзкага не раскрываецца з-за сабатажу з боку ўладаў


Зміцер Завадзкі

Зміцер Завадзкі

7 ліпеня спаўняецца 12 гадоў з дня зьнікненьня тэлеапэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

Раніцай 7 ліпеня 2000 году Дзіма паехаў ў аэрапорт «Менск-2» сустракаць свайго калегу з Масквы, журналіста Паўла Шарамета. З таго часу пра лёс Дзьмітрыя Завадзкага нічога не вядома.

Пачынаючы з 2000 году, чатыры разы пракуратура закрывала і аднаўляла расьсьледаваньне справы зьнікненьня Зьмітра Завадзкага. Апошні раз крымінальная справа была прынпынена ў красавіку 2006 году, распавяла маці Зьмітра Вольга Завадзкая:

Вольга і Сьвятлана Завадзкія, архіўнае фота.

Вольга і Сьвятлана Завадзкія, архіўнае фота.

​«Ніякіх пэрспэктываў пакуль няма. Справа прыпыненая ўжо 6 гадоў таму. У апошнім лісьце, які нам прыслалі, напісана так: „У сувязі з тым, што ня знойдзены, так бы мовіць, прадмет пошуку, то бок Дзьмітрый Завадзкі, сьледзтва прыпыняецца“. А мы прасілі, каб нам патлумачылі, якія пошукавыя дзеяньні праводзяцца, якія апэратыўныя моманты там адбываюцца. Нам не адказалі. Пішуць, што калі зьявіцца штосьці новае, нам паведамяць».

Фармальна яшчэ ў 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданьні Завадзкага былых байцоў спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча, Максіма Маліка, былога курсанта Акадэміі міліцыі Аляксея Гуза і Сяргея Савушкіна. Ні адзін зь іх віны не прызнаў. Два чальцы групоўкі былі прысуджаныя да пажыцьцёвага зьняволеньня. У дачыннасьць гэтых людзей да выкраданьня Завадзкага мала хто паверыў. Цела яго знойдзена не было. Калега і сябар Зьмітра журналіст Павал Шарамет кажа:

Павал Шарамет

Павал Шарамет

«Я цалкам перакананы, што справа не раскрываецца толькі з-за сабатажу з боку беларускіх уладаў. Таму што да гэтай пары і ў спэцслужбах, і ў кіраўніцтве краіны ёсьць тыя чыноўнікі і палітыкі, якія маюць непасрэднае дачыненьне да выкраданьня і забойства людзей. Прасьвет у справе Завадзкага, як і ў справе іншых выкрадзеных у Беларусі людзей, будзе толькі пасьля таго, як зьменіцца ўлада».

Пасьля зьнікненьня Завадкага і іншых палітыкаў — Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага — Аляксандар Лукашэнка ня раз паўтараў: «Мы павінны знайсьці гэтых людзей, асабліва Дзіму». Ніхто зь іх так і ня знойдзены. Кіраўніцтва краіны пра зьніклых ужо і ня згадвае...

Сёлета Зьмітру Завадзкаму было б 40 гадоў. Фактычна бяз бацькі вырас і рана пасталеў ягоны сын Юры, якому ўжо 21 год. Бабуля Юрыя Вольга Рыгораўна распавяла:

«Ён працуе на транспарце, возіць грузы. Зь пераменным посьпехам вучыцца. Вырашыў сысьці з інстытуту на апошнім курсе, таму што няма калі здаваць сэсіі. Вось мы са Сьвятланай зараз змагаемся, можа, нейкім чынам ўгаворым, каб скончыў інстытут».

Журналіст Павал Шарамет пасьля выкраданьня Завадзкага зьняў дакумэнтальны фільм «Дзікае паляваньне», крыху пазьней — «Дзікае паляваньне-2». Абодва журналісцкія расьсьледаваньні Шарамета па беларускіх каналах не паказалі. Павал Шарамет дагэтуль перакананы, што некалі людзі даведаюцца праўду пра зьнікненьні ў Беларусі:

«Такія справы ня маюць тэрміну даўніны. Канечне, здаецца, што ўсё гэта цягнецца, і ўжо няма надзеі ня тое, што знайсьці Дзіму, а няма надзеі на перамогу справядлівасьці, што выкрадальнікі і забойцы будуць знойдзены і пакараны. Але мы павінны набрацца цярпеньня».
XS
SM
MD
LG