Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч зноў пераабраны на пасаду кіраўніка ЛДПБ


Сяргей Гайдукевіч

Сяргей Гайдукевіч

Паводле вынікаў справаздачна-выбарчага зьезду старшынёй Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі на чарговы тэрмін абраны Сяргей Гайдукевіч — нязьменны кіраўнік ЛДПБ ад 1995 году.

Падзякаваўшы аднапартыйцам за давер, 57-гадовы Гайдукевіч сказаў, што гэта, мабыць, ягоны апошні тэрмін на гэтай пасадзе.

Сярод арганізацыйных пытаньняў дэлегаты зьезду вырашалі, ці браць удзел у восеньскіх парлямэнцкіх выбарах. Аднак яшчэ перад пачаткам мерапрыемства спадар Гайдукевіч у інтэрвію БелаПАН заявіў, што прынцыповае рашэньне пра вылучэньне кандыдатаў па ўсіх акругах ужо прынятае. І хоць сам Гайдукевіч, які ўжо працаваў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, асаблівых ілюзій на гэты конт ня мае, галоўная мэта — падчас агітацыйнай кампаніі праўдзіва расказваць людзям, што адбываецца ў краіне.

Пры гэтым Сяргей Гайдукевіч выказаў перакананьне, што вышэйшае кіраўніцтва з выбарамі ўжо ўсё даўно вырашыла, і ў парлямэнт ніхто, апроч кандыдатаў ад улады, не пройдзе. Ён назваў «трызьненьнем» спадзяваньні асобных лідэраў апазыцыі на тое, што дзейны рэжым дазволіць хоць некалькім апанэнтам улады стаць дэпутатамі: «Нікога не прапусьцяць — ні добрага, ні дрэннага», — канстатаваў Гайдукевіч.
XS
SM
MD
LG