Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Сьвярдлоў — на волі


Сёньня са спэцпрымальніка-разьмеркавальніка на завулку Акрэсьціна ў Менску пасьля 15 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю карэспандэнт «Эўрапейскага радыё для Беларусі» Павал Сьвярдлоў.

Хоць фармальнай прычынай пакараньня журналіста стаў традыцыйны ўжо для апазыцыі адміністрацыйны артыкул за «лаянку ў грамадзкім месцы», сам Павал зьвязвае арышт з прафэсійнай дзейнасьцю.

Нейкі час таму журналісты «Эўрарадыё» зрабілі рэпартаж пра тое, як мінулагодні тэракт у менскім мэтрапалітэне ня стаў урокам для праваахоўных ворганаў — практычна на любую станцыю мэтро можна ўвайсьці зь вялізнай паклажай, да якой міліцыянты не выяўляюць практычна ніякай цікавасьці. Да таго ж, на шэрагу станцый аховы не было ўвогуле.

Такім чынам, як мяркуе спадар Сьвярдлоў, ягонае затрыманьне было элемэнтарнай помстай за праўдзівае журналісцкае расьсьледваньне. Дарэчы, Павал Сьвярдлоў мае афіцыйную рэгістрацыю пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі і не павінен мець перашкодаў у тым, што тычыцца выкананьня прафэсійных абавязкаў.

Пасьля 15-суткавага арышту карэспандэнта «Эўрарадыё» сустракалі ля брамы турмы ягоныя родныя ды калегі. Сам журналіст сказаў, што не зьбіраецца «збаўляць абароты» у журналістыцы, але на ўласным досьведзе пераканаўся ў крывадушнасьці дзяржаўнай сыстэмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG