Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адхіліў скаргу Лябедзькі да гарвыканкаму


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Увечары 6 ліпеня суд Маскоўскага раёну Менску вынес рашэньне па скарзе старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.

Дэмакратычны актывіст абскардзіў адмову менскага гарвыканкаму на ягонае жаданьне правесьці адзіночны пікет у рамках грамадзкай кампаніі «За сумленныя выбары без Лукашэнкі». Лябедзька палічыў, што ў гарвыканкаме парушылі яго канстытуцыйныя правы.

Аднак суд стаў на бок гарвыканкаму. Ён палічыў, што гарадзкія чыноўнікі мелі законную падставу адмовіць у правядзеньні пікету ля крамы «Радзівілаўская», паколькі пікет будзе бліжэй за 50 мэтраў да крамы, што стварае перашкоды для людзей. Другая прычына адказу — якраз у гэты дзень, 15 траўня, плянавалася правесьці рэканструкцыю пляцоўкі каля крамы.

На судзе спадар Лябедзька заявіў, што ніякага рамонту там не было, і падмацаваў гэта фатаздымкамі. Што тычыцца перашкодаў для людзей, якія выходзяць з аўтобуса, то гэты прыпынак не працуе ўжо паўгода. Да таго ж, згадаў старшыня АГП, каля крамы падчас апошняй выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі праводзіліся адначасова па 5–6 пікетаў. І ніякіх скаргаў на гэта ад грамадзян не было.

Аднак раённы суд палічыў, што ў спрэчцы гарвыканкам законаў не парушаў.
XS
SM
MD
LG