Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо выходныя, 21-22 ліпеня: стрыт-арт талака ў менскім Hostel Jazz, гадавіна тэракту ў Нарвэгіі


Менскія вулічныя мастакі размалявалі сьцены Арт Сядзібы

Менскія вулічныя мастакі размалявалі сьцены Арт Сядзібы

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У СУБОТУ…

+18 - +20, пераменая воблачнасьць, магчымы дождж.

НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:
У ЭФІРЫ http://svaboda.org/audio/broadcastprogram/live.html

У суботу:

У 18:30 радыёварыянт онлайн-канфэрэнцыі з кіраўнічкай грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірынай Сухій, якая адбылася на сайце svaboda.org.

У 19:32 працяг радыёсэрыі «10 гадоў «Бібліятэкі Свабоды». Гутарка зь Юрыем Дракахрустам пра кнігу «Праскі акцэнт».

У 19:47 «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча». Суб’ектыўны погляд пісьменьніка на клясыку. Развагі пра творчасьць Андрэя Макаёнка.

У нядзелю 22 ліпеня:

А 18:30 «Праскі акцэнт». Ці ёсьць дылема паміж свабодай і зьмястоўнай дыскусіяй у беларускай онлайн-сфэры? Як адбываецца мадэрацыя на форумах TUT.BY і Радыё Свабода? Ці не ператвараюцца мадэратары ў цэнзараў? Ці адбываецца ў онлайн-сфэры самаачышчэньне ці яно немагчымае без мадэрацыі? Над гэтымі пытаньнямі разважаюць вэб-рэдактар сайту Свабоды, пісьменьнік Сяргей Дубавец, рэдактар сайту tut.by Марына Золатава і блогер Віктар Малішэўскі.

У ГЭТЫЯ ДНІ Ў БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ:
21 ліпеня
Hostel Jazz, Арт Сядзіба і SIGNAL запрашаюць на супольную стрыт-арт талаку! Hostel Jazz вырашыў аддаць на расправу мастакам 28 квадратных мэтраў свайго плоту. Балёнамі з фарбай зябясьпечаць арганізатары! Hostel Jazz, Менск, вул. Мазырская, 37А

22 ліпеня

Гадавіна двайнога тэракту ў Нарвэгіі, які ажыцьцявіў Андэрс Брэйвік і ў выніку якога загінулі 77 чалавек. Радыё Свабода будзе асьвятляць гэтую тэму.

***

Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫЯ ДНІ:
21 ліпеня

Дзень расавай гармоніі ў Сынгапуры

Дзень Бэльгіі — галоўнае нацыянальнае сьвята Бэльгіі. Сьвяткуецца на памятку выбару Леапольда І каралём Бэльгіі ў 1931, пасьля таго, як краіна была аб’яўленая канстытуцыйнай манархіяй з дзьвюхпалатным парлямэнтам.


У 1969 амэрыканскі астранаўт Ніл Армстранг як першы зямлянін ступіў на Месяц. Армстранг, разам з астранаўтамі Майклам Колінзам і Эдвінам Олдрынам, зьдзейсьніў пасадку карабля «Апалён-11» на Месяц днём раней, 20 ліпеня 1969.

У 1995 упершыню выйшла ў эфір адзіная прыватная беларускамоўная радыёстанцыя «Радыё 101.2». Улады зачынілі станцыю ў канцы жніўня 1996 году, бо яна нібыта стварала перашкоды дзяржаўнаму перадатчыку. Аляксандар Лукашэнка 21 верасьня 1996 году на рэспубліканскім Форуме моладзі, адказваючы на зададзенае з залі пытаньне наконт прычыны закрыцьця радыёстанцыі, сказаў літаральна наступнае: «Ні 101.2, ні іншым антыдзяржаўную палітыку праводзіць на дзяржаўнай частаце за дзяржаўныя грошы дазволена ня будзе».

22 ліпеня

У 1930-м годзе ў Менску быў арыштаваны Вацлаў Ластоўскі. НКВД 10 месяцаў трымала акадэміка Ластоўскага ў турме, пасьля чаго выслала ў расейскі горад Саратаў, дзе ў 1937 годзе ён быў зноў схоплены і расстраляны. А арыштавалі яго ў справе прыдуманага ГПУ “Саюзу вызваленьня Беларусі”. Разам з Ластоўскім у ліпеньскія дні 1930 году было арыштавана больш за сто навукоўцаў і літаратараў. Гэта была першая хваля масавых сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, якія зьнішчылі ўсю незалежную нацыянальную інтэлігенцыю.

У 1999 годзе мастак Алесь Пушкін правёў у Менску пэрформанс “Падарунак прэзыдэнту”. Пушкін падкаціў да рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі тачку гною, вываліў яе зьмесьціва на зямлю і ўтыркнуў вілы ў партрэт першай асобы. За пэрформансам назіралі журналісты, публіка і міліцыянты, якія затрымалі мастака.


Нарадзіліся:

21 ліпеня

У 1816 годзе нарадзіўся чалавек, прозьвішча якога мы чуем па некалькі разоў на дзень, але пра самога мала што ведаем. Гэта Пoль Ройтэр, заснавальнік найбуйнейшага сучаснага ангельскага інфармацыйнага агенцтва Ройтэрз. Нарадзіўся ён у Нямеччыне, у габрэйскай сям'і і першапачатковае ягонае імя было Ізраіль Бэер Ясафат. Пачынаў кар'еру як банкаўскі работнік, пасьля хрысьціўся, зьмяніў імя і ажаніўся. Працаваў перакладчыкам у Парыжы, а тады перабраўся ў Лёндан і стварыў там адно зь першых у сьвеце агенцтва навінаў. За гэта ў Нямеччыне яму прысвоілі тытул барона і ён стаў звацца фон Ройтэр (пам. 1899).

У 1899 нарадзіўся амэрыканскі пісьменьнік Эрнэст Хэмінгуэй (пам. 1961), ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1954.

22 ліпеня

У 1596 годзе – Міхаіл Раманаў, пачынальнік расейскай царскай дынастыі Раманавых, бацька цара Аляксея Міхайлавіча, які ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя здратаваў са сваімі войскамі ўсю Беларусь

У 1878 годзе – Януш Корчак, польскі пісьменьнік, пэдагог і лекар, які загінуў у нацысцкім канцлягеры Трэблінка, адмовіўшыся пакінуць асуджаных на сьмерць дзяцей з Варшаўскага гета

У 1887 годзе – нямецкі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізыцы Густаў Герц

У 1895 годзе ў Глыбокім на Віцебшчыне – выдатны авіяканструктар Павал Сухі, стваральнік сямейства расейскіх вайсковых самалётаў Су

У 1919 годзе ў вёсцы Маслакі на Магілёўшчыне – беларускі мовазнаўца Міхась Булахаў, стваральнік грунтоўнага энцыкляпэдычнага слоўніка пра Слова аб палку Ігаравым.



ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
Датуль, пакуль мы, беларусы, не прагаворым самі ў сваёй мове да тарговых фірм і інстытуцый, яны самі не парупяцца гаварыць да нас па-нашаму. А калі мы зачнем зьвяртацца да іх у нашай мове, то яны, хочучы мець у нас пакупцоў на свой тавар, будуць гаварыць з намі па-нашаму...

Вацлаў Ластоўскі

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:

Разьвітаньне зь сядзібай
Мясьніковіч: эканоміка яшчэ не гатовая да свабоднага плаваньня рубля
Осла: выбух ля ўрадавага будынку

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG