Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя са швэдзкім самалётам: усе гавораць — улада маўчыць


Беларускія ўлады працягваюць рабіць выгляд, што ніякага інцыдэнту са швэдзкім самалётам, які перахітрыў радары супрацьпаветранай абароны і раскідаў над гарадамі і вёскамі Беларусі сотні плюшавых мядзьведзікаў, не было. Аляксандар Лукашэнка, які напярэдадні за «асаблівыя заслугі» ўручыў генэральскія пагоны вялікай групе сілавікоў, сёньня ў працоўнай паездцы па Магілёўшчыне, і інцыдэнт пакуль не камэнтаваў. Маўчыць і афіцыйная прапаганда: прэзыдэнцкая «Советская Белоруссия» і дзяржаўнае агенцтва БелТА па-ранейшаму расказваюць пра «грубую фальшыўку» Захаду.

Хоць вайсковае і цывільнае кіраўніцтва Беларусі адмаўляе нават гіпатэтычную магчымасьць парушэньня беларускай паветранай мяжы, доказаў плюшавага дэсанту толькі более. Найперш, зьнялі маскі самі арганізатары дастаўкі цацачнага грузу — супрацоўнікі швэдзкага агенцтва «Studio Total». Яны ў падрабязнасьцях расказалі пра амаль гадавую падрыхтоўку да акцыі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі, пра тое, што прыкрыцьцё экіпажу забясьпечвалі два чалавекі на зямлі і г.д. Па-другое, дзясяткі жыхароў Івянца і Менску бачылі самалёт на ўласныя вочы, некаторыя маюць у якасьці доказаў рарытэтных мядзьведзікаў з прышчэпленымі лёзунгамі за дэмакратыю.

Мапа палёту швэдзкага самалёта па тэрыторыі Беларусі, якую арганізатары акцыі прадаставілі Радыё Свабода.
Мапа палёту швэдзкага самалёта па тэрыторыі Беларусі, якую арганізатары акцыі прадаставілі Радыё Свабода.


Пісьменьнік Зьміцер Плакс ужо паўтара дзясятка гадоў жыве ў Швэцыі і кажа, што да чарговай акцыі «Studio Total» прыкутая ўвага ўсіх цэнтральных мэдыяў, якія, трэба заўважыць, спачатку на навіну рэагавалі скептычна:
Тут перадусім гэта падаецца як чарговая цікавая акцыя вось гэтага рэклямнага бюро.

«Гэта вельмі вядомае піяр-бюро ў Швэцыі, вядомае менавіта сваімі нестандартнымі акцыямі. Але ў чым сэнс гэтай акцыі менавіта цяпер — каб прыцягнуць увагу ў Швэцыі да сытуацыі са свабодай слова ў Беларусі? Дык ня ведаю, ці яны гэтай мэты дасягнулі. Бо тут
перадусім гэта падаецца як чарговая цікавая акцыя вось гэтага рэклямнага бюро. Як здаецца мне, трэба было трохі больш зразумела падаць прычыну самой акцыі. Яны ж зрабілі гэта, наколькі я разумею, зыходзячы зь зімовай акцыі актывістаў „Гавары праўду“ ў Менску, калі былі „арыштаваныя“ мітынгуючыя мядзьведзікі. Вось якраз пра гэта трэба было дакладней сказаць — што гэтая акцыя мела непасрэдны працяг ці сувязь з той, папярэдняй. Тады было б больш зразумела, што яны падтрымліваюць такі рух у Беларусі, а ня проста самі вырашылі прыцягнуць увагу да сытуацыі ў Беларусі. Зь іншага боку, бясспрэчна: любы мэтад яшчэ раз нагадаць, што адбываецца ў Беларусі, — гэта добра. Асабліва калі ён дае вынік».

Па іроніі лёсу, на наступны дзень пасьля плюшавага дэсанту над Івянцом і Менскам Аляксандар Лукашэнка ўганараваў вышэйшы афіцэрскі склад сілавых структураў. Як удакладнялася ў афіцыйных паведамленьнях — «за выдатныя посьпехі і ўзорнае выкананьне воінскага доўгу». Ці не давядзецца ўжо бліжэйшым часам зь сяго-таго генэральскія пагоны зрываць? Як лічыць генэрал-маёр у адстаўцы Валеры Фралоў, у дадзенай сытуацыі ўладам выгодней увогуле ўзяць паўзу і пра непрыемную гісторыю «забыцца»:
Мяркую, наўрад ці галовы паляцяць ужо сёньня-заўтра.

«На яго месцы я б не сьпяшаўся з радыкальнымі рашэньнямі. Бо калі галовы паляцяць, гэта будзе пацьверджаньнем таго, што ўсё гэта сапраўды мела месца. А яму, як мне падаецца, гэта абсалютна не патрэбна, ягоная задача — ператварыць усё ў інсцэніроўку, выгадную нейкім трэцім сілам. Таму,
мяркую, наўрад ці галовы паляцяць ужо сёньня-заўтра. А потым, там ужо столькі галоў паляцела, асабліва ў ваенна-паветраных войсках і войсках супрацьпаветранай абароны, аднаго за другім выштурхоўваюць, што больш няма куды. Мяне ўвогуле расстройвае, што ў сучасным сьвеце, калі ўсё вырашаюць грошы, усё настолькі непрадказальна. Нармальная ваенная сыстэма, якая калісьці існавала, фактычна карумпаваная. Зараз за грошы і маці родную гатовыя прадаць, ня кажучы пра ваенныя сакрэты. Д’ябал яго разьбярэ, што за час...»

Капітан ваенна-паветраных сілаў у адстаўцы Аляксандар Пашчанка ў 1990-х на пасадзе бартавога тэхніка верталёта Мі-24 служыў у вайсковай частцы, раскватараванай блізу вёскі Засімавічы пад Пружанамі. У верасьні 1995 году менавіта адтуль з загадам зьнішчыць паветраны шар з амэрыканскімі паветраплавальнікамі былі ўзьнятыя баявыя верталёты. Парушальнікаў дзяржаўнай мяжы зьбілі недалёка ад Бярозы, амэрыканцы загінулі. Ці магла паўтарыцца трагедыя, калі б радары супрацьпаветранай абароны запэленгавалі швэдзкі самалёт-парушальнік?
Наша войска будзе да апошняга маўчаць.

«Як вышэйшае начальства загадала б, так і зрабілі б, тут ніякага сумневу. Але гэта ня значыць, што абавязкова трэба зьбіваць. Можна згадаць, што ў 2006 годзе нашы ваенныя прымусова пасадзілі літоўскі самалёт у Лідзе, тады ўсё абышлося. А вось у 2008-м такі ж літоўскі лёгкаматорны самалёт у Беларусі разьбіўся, і дагэтуль ніхто ня ведае — ці сам, ці з чыёй дапамогай. Дый ці даведаліся б увогуле, каб паляўнічыя не знайшлі ў лесе парэшткі. Што да выпадку са швэдзкім самалётам, то, як мне падаецца, наша войска будзе да апошняга маўчаць — прынамсі, нічога ўцямнага яны ня скажуць. Але адназначна, што ўдар па іміджы беларускай арміі нанесены адчувальны».

У Міністэрстве абароны Беларусі ня маюць што сказаць адносна няўбачанага радарамі швэдзкага самалёта. На сайтах праўладных СМІ дагэтуль вісяць камэнтары ведамства «па гарачых сьлядох» адносна таго, што, дасьледуючы пададзеныя фота- і відэаматэрыялы, экспэрты выявілі «грубую працу з выкарыстаньнем элемэнтаў візуальнай фальсыфікацыі». Тым часам у інтэрвію тэлеканалу «Белсат» польскі экспэрт у галіне відэамантажу Анджэй Шнайдэр выказаў перакананьне, што відэа, зьнятае і зь зямлі, і з кабіны самалёта, супадае і ні пра якае «фальшаваньне» ня можа быць і гаворкі.

У сваю чаргу, Міністэрства абароны Літвы, мяркуючы па ўсім, не зьбіраецца адмыслова высьвятляць, ці насамрэч швэдзкі самалёт вылецеў у Беларусь зь лётнішча ў мястэчку Пацюны. Яшчэ ўчора літоўскі бок пацьвердзіў, што 4 ліпеня было зафіксаванае парушэньне паветранай прасторы Літоўскай Рэспублікі. Але працяг гісторыі, як падкрэсьліла «Свабодзе» прадстаўніца ведамства Ёвіта Вазэвічуце, наўрад ці будзе:

«Звыш таго, што было сказана ўчора прэсавым сакратаром нашага Галоўнакамандуючага, ніякай дадатковай інфармацыі ў нас няма. Калі б былі новыя зьвесткі, мы б, вядома, пра іх паведамілі. Але ў прынцыпе, як мне падаецца, камэнтароў да гэтага пытаньня ўжо ня будзе, бо яно, па сутнасьці, вычарпанае».

Аляксандар Лукашэнка, адказваючы ў Шклове на пытаньні журналістаў падчас адкрыцьця мосту праз Дняпро, гісторыю са швэдзкім самалётам абмінуў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG