Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 ліпеня — апошні дзень, калі прымаліся заяўкі на залічэньне ў склад акруговых выбарчых камісіяў. 9-га ліпеня усе 110 камісіяў павінны быць канчаткова сфармаваны.

У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, вылучаць сваіх прэтэндэнтаў мелі права палітычныя партыі, грамадзкія аб’яднаньні, працоўныя калектывы й грамадзяне.

Ці выкарыстала гэту магчымасьць апазыцыя? Як ацэньваюць пачатак выбарчай кампаніі дэмакратычныя актывісты ў рэгіёнах ? Адказы на гэтыя пытаньні высьвятлялі сёньня карэспандэнты «Свабоды».
ВІЦЕБШЧЫНА

На Віцебшчыне — 14 выбарчых акругаў. Партыя БНФ накіроўвае ў акруговыя выбарчыя камісіі 9 сваіх прадстаўнікоў, Партыя левых «Справядлівы сьвет» — 11 чалавек.

Яшчэ двое вылучаюцца шляхам збору подпісаў, апавёў віцебскі актывіст Аляксей Гаўруцікаў, прыхільнік партыі Мікалая Статкевіча:

Аляксей Гаўруцікаў

Аляксей Гаўруцікаў

«Прыхільнікі „Народнай Грамады“ вылучаюцца шляхам збору подпісаў, у 17-ю і ў 18-ю акруговыя камісіі, так».

17-я і 18-я выбарчыя акругі — віцебскія. І атрымалася так, што ў іх хочуць трапіць па тры прэтэндэнты ад дэмакратычных сілаў. Між тым ёсьць акругі, куды партыйцы трапіць і не прэтэндуюць. Чаму — тлумачыць Аляксей Гаўруцікаў:

«Як будзе, так і будзе, бо вылучэньне адбывалася без каардынацыі дзеяньняў»

«Падчас вылучэньня ў акруговыя камісіі ніхто ня ставіў пытаньня каардынацыі. Усе „прывязаныя“ да сваіх будучых кандыдатаў, усе ўлічвалі толькі інтарэсы сваёй структуры. А далей ужо як будзе, так і будзе, вось і ўсё!»

Пра тое, як падзеі будуць разьвівацца далей, разважае вылучэнец ад АГП Уладзімер Юржыц. Ён падаў дакумэнты на вылучэньне ў склад акруговай камісіі па Аршанскай гарадзкой выбарчай акрузе № 26.

Спадар Юржыц мае вялікі досьвед працы на выбарах, не аднойчы быў кіраўніком участковай выбарчай камісіі:

«Я былы дырэктар школы, і з 1994-га па 2004-ы гады працаваў на ўсіх выбарах, быў кіраўніком участковай выбарчай камісіі. Так што абвінаваціць мяне ў тым, што я не прафэсійны работнік, нельга!»

Самы распаўсюджаны аргумэнт — адсутнасьць досьведу ў прэтэндэнта — у дачыненьні да Ўладзімера Юржыца не ўжывалі. У 2004-м годзе зь ім здарыўся анэкдатычны выпадак: калі ён яшчэ працаваў дырэктарам школы, яго ўвогуле не ўключылі ў камісію, бо нібыта здарылася «кампутарная памылка».

Але актывіст лічыць, што сапраўдная прычына — яго апазыцыйныя палітычныя погляды. Таму і зараз ён ня пэўны, што трапіць у акруговую камісію:

«Улічваючы заяву Ярмошынай, што „тыя, хто кроў піў“ і „перашкаджаў нармальна праводзіць выбары“, ня трапяць туды, верагоднасьць — адна мільённая!»


ГОМЕЛЬШЧЫНА

Сямнаццаць сваіх вылучэнцаў накіравала ў акруговыя камісіі Гомельскай вобласьці партыя левых «Справядлівы сьвет». Акурат столькі, колькі акругаў будзе сфармавана ў рэгіёне.

Сёньня кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет» Уладзімер Сякерка паведаміў «Свабодзе»:

«Шанец трапіць у акруговыя камісіі невялікі. Але мы вылучылі ў кожную камісію па аднаму нашаму прэтэндэнту. Людзі дастаткова падрыхтаваныя, у большасьці зь іх ёсьць досьвед працы ў выбарчых камісіях».

«Вылучаем у камісіі найбольш падрыхтаваных сяброў»

Восем сваіх прадстаўнікоў прапануе ў згаданыя камісіі Аб’яднаная грамадзянская партыя. Як патлумачыў старшыня рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіль Палякоў, партыя ня ставіла на мэце прапанаваць сваіх вылучэнцаў у кожную камісію:

Васіль Палякоў

Васіль Палякоў

«Мы зыходзім з таго, што вылучаем у камісіі найбольш падрыхтаваных сяброў. І не асобна, а разам з нашымі саюзьнікамі па кааліцыі. І менавіта там, дзе будуць вылучацца нашы сьпікеры».

Партыя БНФ накіравала ў акруговыя камісіі на Гомельшчыне 4 чалавекі. Пратаколы вылучэньня перадалі ў аблвыканкам яшчэ 4 ліпеня.

У камісію Гомельскай-Сельмашаўскай выбарчай акругі № 32 сойм Партыі БНФ рэкамэндаваў двух сваіх сяброў — Івана Адаменку ды Ігара Харытоненку.

Прэсавы сакратар БНФ Натальля Мотуз патлумачыла Радыё Свабода такую ўвагу да акругі: «Справа ў тым, што ў гэтай акрузе вылучаецца ад партыі БНФ наш кандыдат, таму мы й вырашылі падтрымаць яго большай колькасьцю людзей».

Апрача таго, партыя БНФ даручыла свайму сябру Анатолю Паплаўнаму прысутнічаць на сумесным паседжаньні прэзыдыюму Гомельскага аблсавету й аблвыканкаму, якія 9 ліпеня маюць сфармаваць 17 акруговых камісіяў.

Падчас падрыхтоўкі да выбараў у рэгіёне вялося багата размоваў пра самавылучэньне апазыцыйных кандыдатаў у камісіі праз збор подпісаў. Аднак рэальна гэта зрабіў толькі Ўладзімер Целяпун з Мазыра:

Уладзімер Целяпун

Уладзімер Целяпун

«Да сваёй заявы з подпісамі я дадаў рэзюмэ, у якім апісаў усю сваю грамадзкую дзейнасьць. Але яны ня хочуць уключаць масава ўсіх прэтэндэнтаў ад апанэнтаў улады, праваабаронцаў, каб працэс выбараў быў празрысты. Таму вялікага спадзеву на ўключэньне ў камісію асабіста мяне я ня маю».



Уладзімер Кацора: «Вельмі малая цікавасьць да выбараў»

Уладзімер Кацора

Уладзімер Кацора

У сваю чаргу, каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Ўладзімер Кацора зьвяртае ўвагу на нізкую актыўнасьць найперш незарэгістраваных партый і рухаў на этапе фармаваньня акруговых камісіяў:

«Па-першае, вельмі малая цікавасьць да выбараў. Па-другое, адна справа — разважаць пра выбары, і зусім іншая — рабіць канкрэтную працу. Гэта цяжэй, чым разважаць і заяўляць».


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

На Берасьцейшчыне на парлямэнцкіх выбарах сёлета ня будзе Бярозаўскай выбарчай акругі. Паводле рашэньня Берасьцейскага аблвыканкаму адна частка ліквідаванай акругі адышла да Пружанскай акругі, другая — да Івацэвіцкай.

Яшчэ адна навіна ў гэтым рэгіёне — мясцовыя ўлады ўжо забараняюць масавыя акцыі, прымеркаваныя да выбараў.

Па Бярозаўскай выбарчай акрузе зьбіраўся балятавацца сябра БСДП (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў. Аднак пасьля ліквідацыі Бярозаўскай акругі яму давядзецца выстаўляць кандыдатуру ў Івацэвіцкай. Спадар кажа, што гэта — удар па ягонай кампаніі:

«Калі казаць, ці ёсьць шанцы ў нейкіх апазыцыйных кандыдатаў, то адзін з шанцаў у мяне вельмі добры быў па гэтай акрузе. Таму што я родам адсюль, яшчэ жывуць мае аднагодкі, аднаклясьнікі, армейцы. Плюс я тут 14 гадоў працаваў у летніку дзіцячым».

Спадар Лазарэнкаў вырашыў ісьці на гэтых выбарах да канца. Апрача яго, верагодна, што ў Івацэвіцкай акрузе будуць вылучацца прадстаўнікі АГП і БНФ.

Аднак цяпер заканчваецца фармаваньне акруговых выбарчых камісіяў. На Берасьцейшчыне апазыцыянэры выставілі ў іх 32 сваіх прадстаўнікоў.

Яшчэ адна асаблівасьць перадвыбарчай кампаніі на Берасьцейшчыне — забарона ўсіх плянаваных апазыцыяй масавых акцыяў. Гэтак, у Баранавічах забаранілі мітынг і пікет «За свабодныя выбары».

А ў Берасьці суд не адмяніў забарону пікету «за свабодныя выбары без Лукашэнкі», які хацеў ладзіць сябра АГП Марат Несьцярэнка.

Тым ня меней апазыцыянэры не адмаўляюцца ад падачы заявак на масавыя акцыі. Прыхільнікі байкоту парлямэнцкіх выбараў — актывісты БХД сканцэнтравалі сваю ўвагу на салідарнасьці з палітвязьнямі. Як распавёў каардынатар БХД па Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай, зараз актывісты чакаюць адказу на заяўкі на два шэсьці салідарнасьці з палітвязьнямі:

«Галоўныя патрабаваньні да ўладаў з боку дэмакратычных колаў перад выбарамі, каб мы ўдзельнічалі ў гэтых выбарах, — патрабуем, каб былі выпушчаныя на свабоду палітзьняволеныя».

Дазвол або забарона апазыцыйных акцыяў, кажа Зьміцер Шурхай, — гэта лякмусавая паперка таго, дэмакратычна ці не будуць праходзіць выбары.
Аляксей Янукевіч, кіраўнік Партыі БНФ: «Удзельнічаем у выбарах дзеля працы зь людзьмі»

Найбольшую колькасьць дэмакратычных прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі вылучыла Партыя БНФ. Пра гэта паведаміў сёньня «Свабодзе» лідэр Фронту Аляксей Янукевіч. І вось як ён камэнтуе апошнія падзеі:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Мы вылучылі 57 нашых прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі, каб была магчымасьць непасрэдна ацэньваць ступень дэмакратычнасьці выбараў. Як вядома, менавіта камісіі ажыцьцяўляюць кантроль за ўсімі працэсамі, пачынаючы ад рэгістрацыі кандыдатаў і заканчваючы самым важным — падлікам галасоў.

Папярэдні досьвед, безумоўна, не дае нам шмат падставаў разьлічваць на тое, што хаця б большасьць нашых прадстаўнікоў будзе ўключаная. Прагноз можна рабіць, што хаця б 10–15% нашых вылучэнцаў трапяць у склад камісіяў. Але ня будзем загадваць наперад — неўзабаве пабачым, як улады гэтым разам будуць паводзіць сябе ў адносінах да пытаньня, уключаць ці не сябраў апазыцыі ў склад акруговых выбарчых камісіяў».

Карэспандэнт: «Вылучэньне прэтэндэнтаў у склад акруговых выбарчых камісіяў адбылося 23 чэрвеня на Сойме Партыі БНФ. Вядома таксама, што неўзабаве адбудзецца й пазачарговы зьезд Партыі БНФ. Ён склікаецца для вылучэньня кандыдатаў ад Партыі БНФ на парлямэнцкія выбары».

«Гэта так. Мы прынялі рашэньне вылучаць сваіх кандыдатаў. Пры гэтым, вядома, разумеем і цалкам падзяляем ацэнкі адносна таго, што выбары ў Беларусі ў прынцыпе, як і тыя, што маюць адбыцца, не зьяўляюцца свабоднымі, адкрытымі й дэмакратычнымі. Аднак мы вырашылі, што найлепшай тактыкай у сёньняшніх умовах будзе скарыстаць тыя магчымасьці, якія ўсё ж такі дае выбарчая кампанія, дзеля працы зь людзьмі, данясеньня нашага бачаньня таго, што адбываецца ў краіне, і прапаганды нашых каштоўнасьцяў».

Пазачарговы зьезд Партыі БНФ адбудзецца 4 жніўня, — удакладніў Аляксей Янукевіч.
Даведка «Свабоды»:

У адпаведнасьці зь дзейным выбарчым заканадаўствам выбарчыя камісіі (акруговыя і тэрытарыяльныя) утвараюцца сумесным рашэньнем мясцовых выканаўчых і прадстаўнічых органаў у тэрмін ад 75 да 85 дзён да правядзеньня выбараў (участковыя камісіі — за 45 дзён).

Кандыдатуры ў склад камісіі вылучаюцца палітычнымі партыямі, іншымі грамадзкімі аб’яднаньнямі, а таксама грамадзянамі.

Як правіла, ня менш за траціну камісіі павінны складаць прадстаўнікі палітычных партыяў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў. Дзяржаўныя службоўцы ня могуць складаць больш за траціну камісіі.

Грамадзяне вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі на сходах па месцы працы альбо шляхам збору подпісаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG