Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ атрымаў права не пускаць за мяжу


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка даў КДБ права не пускаць за мяжу беларусаў, якія знаходзяцца на прафіляктычным уліку ў ворганах дзяржбясьпекі.

Адпаведны ўказ ад 4 ліпеня 2012 году апублікаваны на сайце Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі і ўступіў у сілу з даты афіцыйнай публікацыі, паведамляе Інтэрфакс.

На пачатку сакавіка гэтага году шэраг беларускіх апазыцыянэраў і журналістаў сутыкнуліся з забаронай на выезд за межы Беларусі. Афіцыйна забарона на выезд не была зьвязаная з апазыцыйнай дзейнасьцю грамадзян. Кіраўнік Беларусі ў сакавіку ў інтэрвію тэлеканалу RT прызнаў існаваньне нейкага сьпісу апазыцыянэраў, якім забаронены выезд за мяжу. Ён паабяцаў выкарыстоўваць гэты сьпіс "на поўную моц". На пытаньне, ці створаны падобны сьпіс, Лукашэнка адказаў: "А мы зрабілі. І то мы яго яшчэ не ўвялі. На поўную моц яшчэ не ўвялі. Але ўвядзем".

Гэтыя крокі беларускія ўлады прадпрымаюць у адказ на пашырэньне візавых санкцыяў з боку Эўразьвязу, які 27 лютага пашырыў сьпіс неўязных на тэрыторыю ЭЗ беларускіх чыноўнікаў і службовых асоб да 231 чалавека. Афіцыйныя органы ЭЗ лічаць гэтых асобаў адказнымі за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.

Вядомы праваабаронца, былы судзьдзя Гары Паганяйла, які быў у сьпісе невыязных, у чэрвені ў выніку судовага разбору дамогся таго, што яго са сьпісу невыязных выключылі. Пры гэтым суд ніяк не адрэагаваў на тое, што спадар Паганяйла апынуўся ў сьпісе невыязных беспадстаўна. Вось як Гары Паганяйла пракамэнтаваў магчымасьць КДБ не пускаць за мяжу людзей праз сыстэму прафіляктычнага нагляду.

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

«Збольшага, калі ўсё будзе пакладзенае на глебу закону і праходзіць у вызначаным парадку, то такія абмежаваньні грамадзянам, асабліва законапаслухмяным, ня страшныя. На прафіляктычны ўлік органы КДБ могуць ставіць асобаў, схільных да злачынстваў, якія падпадаюць пад адказнасьць органаў бясьпекі. Альбо асобаў, якія чыняць правапарушэньні, якія ёсьць у кампэтэнцыі КДБ. Усё гэта фіксуецца і дакумэнтуецца. Пры гэтым грамадзяне могуць у судзе абскардзіць пастаноўку на прафіляктычны ўлік. І тады ў судзе на адкрытым працэсе КДБ мусіць прадставіць неабходныя дакумэнты, якія дакажуць прынятыя адносна грамадзяніна захады. Але... Мы ж разумеем, што жывем не ў прававой дзяржаве, а ў паліцэйскай, дзе, вядома, розныя абставіны могуць падавацца гэтак, як трэба ўладзе ці таму ж КДБ. Каб абмежаваць правы грамадзян. І я не выключаю, што гэты закон будзе выкарыстоўвацца неаб’ектыўна, неабгрунтавана. Якраз у дачыненьні да іншадумцаў, апазыцыянэраў, хто проста крытыкуе ўладу. Да актывістаў грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў. Баюся, што такія рэпрэсіі могуць ужываць і да мяне. Але — мы будзем змагацца з такімі праявамі, змагацца законна — праз суд».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG