Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рост заробкаў абавязкова павінен суправаджацца павышэньнем прадукцыйнасьці працы і рэнтабэльнасьці прадпрыемстваў.

"Шалёных грошай няма, ніхто вам грошы з боку ня дасьць, тым больш не надрукуе", – заявіў Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласьць, размаўляючы з жыхарамі Шклова.

Ён акцэнтаваў таксама ўвагу на пытаньнях вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі, яе рэалізацыі на ўнутраным і зьнешнім рынках.

"Цяпер усяго хапае. Трэба везьці туды, дзе ёсьць попыт, і прадаваць даражэй, каб у людзей была нармальная зарплата", – сказаў Лукашэнка.

Тым часам Міжнародны валютны фонд насьцярожаны павышэньнем заробкаў у Беларусі, якое, магчыма, часткова ажыцьцяўляецца за кошт эмісійных крыніц.

Як заявіў старшыня праўленьня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Георгій Бадзей на пасяджэньні Рэспубліканскага клюбу дырэктараў у Менску, такое меркаваньне экспэрты місіі МВФ выказалі падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускага бізнэсу ў Менску, перадае Інтэрфакс.

"Учора я сустракаўся з прадстаўнікамі місіі МВФ, мы гаварылі пра тое, што трывожна ставімся да некаторых напрамкаў бягучай палітыкі. У прыватнасьці, да павышэньня заробкаў. Мы хочам мець рэальную зарплату, а ня тую, якая забясьпечваецца за кошт друкарскага станка", – сказаў Бадзей.

Бадзей дадаў, што прадстаўнікі МВФ выказалі згоду з гэтай пазыцыяй беларускага бізнэсу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG