Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Deutsche Bank: крэдытаваць беларускія прадпрыемствы рызыкоўна


Дырэктар рэгіянальнага ўпраўленьня па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе Deutsche Bank Дагмар Ліндэр бачыць высокія рызыкі ў прадстаўленьні крэдытаў беларускім інвэстарам для рэалізацыі інвэстпраектаў.

«Я не гатовая ў цэлым ацэньваць эканоміку Беларусі, але зразумела, што краіна, якая абясцэніла сваю валюту амаль на 300% і якая мае дастаткова высокі ўзровень інфляцыі, — гэта даволі рызыкоўны рынак», — заявіла Ліндэр на пасяджэньні Рэспубліканскага клюбу дырэктараў у Менску, перадае Інтэрфакс.

Яна дадала, што сёньня эўрапейскія банкі і без таго працуюць ва ўмовах высокай рызыкі ў эўразоне. Гэтая сытуацыя, а таксама бягучы стан эканомікі Беларусі, уплываюць на працягласьць і ўмовы пазыкаў для беларускіх крэдытаатрымальнікаў.

Ліндэр рэкамэндавала беларускім кампаніям, якія маюць у статутных фондах замежны і, у прыватнасьці, нямецкі капітал, «дамаўляцца са сваімі нямецкімі партнэрамі, каб тыя дамагаліся атрыманьня страхавога пакрыцьця экспартных рызыкаў ад фонду «Hermes».

Калі будзе рэалізаваная гэтая схема, крэдыты будуць давацца фактычна пад гарантыі нямецкага ўраду.

Ліндэр паведаміла, што на сёньняшні дзень Deutsche Bank ажыцьцяўляе крэдытаваньне па двух заяўках зь Беларусі, якія будуць дзейнічаць да 2015 году. Стаўка па гэтых заяўках складае 9%.
XS
SM
MD
LG