Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД: у Беларусі распачаліся рэпрэсіі супраць прыхільнікаў байкоту


Беларуская хрысьціянская дэмакратыя распаўсюдзіла заяву, у якой выказала абурэньне прысудам, вынесеным 5 ліпеня віцебскай актывістцы Алене Семенчуковай.

Алена атрымала 10 сутак арышту за «непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікам міліцыі»: у заплечніку актывісткі знайшлі 34 улёткі за байкот «выбараў».

«Так званае «непадпарадкаваньне» палягала ва ўпэўненасьці, што ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам заклік да байкоту, як і сам байкот, — права кожнага грамадзяніна. Прысуд актывістцы відавочна парушае яе канстытуцыйныя правы на свабоду думкі і на распаўсюд інфармацыі.

Дадзены факт, а таксама вырак актывісту «Маладога фронту» Яўгену Гуцалаву, якога аштрафавалі за распаўсюд улётак, яскрава сьведчаць, што ў Беларусі распачаліся масавыя рэпрэсіі супраць прыхільнікаў байкоту. Гэтыя затрыманьні і прысуды паказваюць на панічны страх уладаў перад байкотам парлямэнцкіх «выбараў», — гаворыцца ў адмысловай заяве БХД, распаўсюджанай 6 ліпеня.

Алену Семенчукову за яе грамадзка-палітычную дзейнасьць ужо пазбавілі магчымасьці навучаньня ў прэстыжным унівэрсытэце Віцебску і цяпер перашкаджаюць яе паступленьню ў адну з эўрапейскіх ВНУ, бо менавіта на час яе арышту прыпадае сумоўе, адзначаюць у БХД.
XS
SM
MD
LG