Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Украіна: пратэсты супраць моўнага закону. У Днепрапятроўску — «новы Майдан»


Некалькі сот чалавек у Кіеве працягваюць акцыю каля Ўкраінскага дому — на знак пратэсту супраць прыняцьця Вярхоўнай Радай закону «Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі». На Эўрапейскай плошчы сталіцы пратэстоўцы знаходзіліся ўжо трэцюю ноч. Вярхоўная Рада сышла на летнія вакацыі, не прыняўшы адстаўку Ўладзімера Літвіна.

Акцыя пачалася ў аўторак, калі некалькі апазыцыйных дэпутатаў Вярхоўнай Рады абвясьцілі галадоўку пасьля прыняцьця парлямэнцкай большасьцю закону, аўтарамі якога зьяўляюцца рэгіяналы Вадзім Калесьнічэнка і Сяргей Ківалаў.

Пасьля да дэпутатаў далучыліся пратэстоўцы. 4 ліпеня яны зрабілі немагчымым правядзеньне ва Ўкраінскім доме выніковай прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнта Віктара Януковіча. Некалькі разоў сілавым спосабам дэманстрантаў спрабавалі адціснуць ад будынка супрацоўнікі спэцназа «Бэркут».

***

У Днепрапятроўску, на плошчы каля Днепрапятроўскага тэатру опэры і балету, пачалася бестэрміновая акцыя пратэсту апазыцыйных сіл на абарону дзяржаўнай мовы. Арганізатары акцыі абвясьцілі аб пачатку «новага Майдану».

У акцыі бяруць удзел каля сотні прадстаўнікоў выбарчага аб’яднаньня «Бацьківшчына», «Фронту пераменаў», «Нашай Украіны», выбарчага аб’яднаньня «Свабода», шэрагу грамадзкіх арганізацый. У руках яны трымаюць партыйныя сьцягі і дзяржаўны сьцяг, некаторыя прыйшлі ў вышыванках. Акцыя не спыняецца нягледзячы на дождж.

Як паведаміў дарадца кіраўніка ВА «Свабода» Андрэй Дзенісенка, кожны вечар на гэтай плошчы будуць адбывацца мітынгі ў абарону ўкраінскае мовы як адзінай дзяржаўнай. Акцыя праходзіць на тым самым месцы, дзе пачыналася Аранжавая рэвалюцыя ў Днепрапятроўску.

«Новы Майдан абавязкова будзе, сёньня мы знаходзімся ў пачатку гэтага працэсу, бо моўнае пытаньне, пытаньні нацыянальнай годнасьці — гэта і іскра, зь якой пачнецца новая ўкраінская рэвалюцыя», — сказаў Андрэй Дзенісенка.

Разам з тым арганізатары падкрэсьліваюць, што яны настроеныя выключна на мірныя акцыі — штодзённыя і штовечаровыя мірныя сходы і мітынгі, выстаўленьне інфармацыйных намётаў і г. д., — і галоўная мэта — мабілізаваць неабыякавых людзей.

«Гэты фармат вельмі правільны. Хоць цяпер лета і людзі настроеныя адпачываць, але яны павінны зразумець, што менавіта гэтым карыстаецца ўлада. Калі людзі больш расслабленыя, улада думае, што можа мяняць канстытуцыю, парушаць канстытуцыю, зьмяняць інтарэсы дзяржавы. Наш плян дзеяньняў — гэта мірныя сходы, гэта прыцягненьне ўвагі людзей », — адзначыў у камэнтары для Радыё Свабода кіраўнік штабу аб’яднанай апазыцыі Андрэй Павэлка.

***

Тым часам сёньня Вярхоўная Рада адмовілася ўключыць у парадак дня 10-й сэсіі пытаньне аб адстаўцы сьпікера Ўладзіміра Літвіна.

Ніводзін з прысутных дэпутатаў у сэсійнай залі ў пятніцу не прагаласаваў за ўключэньне гэтага пытаньня. Супраць націснулі кнопку чацьвёра дэпутатаў. Усяго ў залі было 267 парлямэнтароў.

Згодна з рэглямэнтам, без уключэньня ў парадак дня пытаньне ня можа быць прагаласаванае.

Пасьля заявы Літвіна аб адстаўцы сэсію вёў першы намесьнік Старшыні Вярхоўнай Рады Адам Мартынюк.

На ранішнім пасяджэньні 4 ліпеня старшыня Вярхоўнай Рады Ўладзімір Літвін і яго намесьнік Мікалай Тамэнка заявілі, што падаюць у адстаўку. Падставай для такіх рашэньняў стала галасаваньне за закон «Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі».

Сёньня рада закончыла сваю сэсію і сышла на летнія вакацыі.

***

Пры адсутнасьці Літвіна 3 ліпеня Вярхоўная Рада галасамі 248 дэпутацкіх картак прыняла супярэчлівы закон, які значна пашырае сфэру прымяненьня расейскай мовыь яна можа стаць афіцыйнай у 13 абласьцях Украіны з 27. Апазыцыя кажа пра шматлікія парушэньні і верагодную фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня і заяўляе аб тым, што Літвін ня мае права падпісваць закон. Фракцыя Партыі рэгіёнаў заяўляе, што падпісаць закон — гэта абавязак сьпікера.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG