Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адкрые мост насупраць кватэры Кастусёва


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка наведае 6 ліпеня Магілёўскую вобласьць.

У Шклове кіраўнік дзяржавы адкрые мост праз раку Дняпро, які быў рэканструяваны па яго даручэньню, пагутарыць з прадстаўнікамі працоўных калектываў дарожных арганізацый і жыхарамі горада, перадае прэзыдэнцкая прэс-служба.

Мост праз Дняпро ў Шклове быў пабудаваны ў 1962 годзе.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў сказаў, што вокны ягонай кватэры якраз выходзяць на гэты мост. Патрэба ў рэканструкцыі моста насамрэч была, бо там часта здараліся аварыі і нават машыны падалі ў раку:

«Звычайны мост праз Дняпро, але проста з гэтага робіцца такая працэдура, што нават Лукашэнку запрасілі на яго адкрыцьцё. Але, відаць, Лукашэнка будзе адкрываць мост хутчэй у зьвязку з тым, што сёньня пачынаюцца мерапрыемствы ў Александрыі на Купальле. Прымеркавалі адкрыцьцё моста да гэтага сьвята.

Я бачыў некалькі дзён таму, там на мосьце быў аўрал, сагналі вельмі шмат людзей, каб пасьпець скончыць будаўніцтва і каб Лукашэнка яго адкрыў. Хоць гэта звычайная рэч, якая павінна адбывацца ў краіне проста так. Бо такія масты патрэбныя і яны будуюцца на іншых рэчках. Рабіць з гэтага шумнае мерапрыемства ня варта.

Я бачыў, там перад прыездам працавалі камунальнікі, будаўнікі, садзілі кветкі, нават непадалёк ад моста паставілі помнік расейскаму жаўнеру 1812 году, фарбавалі платы, рамантавалі краму. Падрыхтоўка да візыту Лукашэнкі і адкрыцьця моста была грандыёзная і нават аўральная.

Я лічу, што мост —гэта звычайная справа, якая павінна быць патрэбай, а ня вось такім штучным сьвятам», — сказаў Рыгор Кастусёў.
XS
SM
MD
LG