Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч спадзяецца на новы крэдыт МВФ


Міхаіл Мясьніковіч

Міхаіл Мясьніковіч

Беларусь зацікаўлена ў новай праграме супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам.

Аб гэтым заявіў 6 ліпеня прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч на сустрэчы з прадстаўнікамі МВФ, перадае БелТА.

«Хацелася б пагаварыць пра нашы далейшыя крокі, аб выхадзе на новую праграму. Нам трэба пагаварыць аб далейшых кроках, якія былі б канструктыўнымі як у інтарэсах эканомікі Беларусі, так і ўлічвалі б глябальныя працэсы ва ўсясьветнай эканоміцы», — адзначыў Мясьніковіч, сустракаючыся ў Менску з новым кіраўніком місіі МВФ у Беларусі Дэвідам Хофманам.

Прэм’ер-міністар заявіў, што ў мінулым годзе ад МВФ Беларусь не атрымала адпаведнай падтрымкі, на якую разьлічвала.

«Нашы дзеяньні ў мінулым годзе, у гэты няпросты пэрыяд, былі разьлічаны на ўласныя сілы: канкурэнтаздольнасьць беларускай эканомікі, стабільнасьць грамадзянскай супольнасьці і адказнасьць улады », - сказаў Мясьніковіч.

Кіраўнік урада падзякаваў «стратэгічным партнэрам па ЭўрАзЭС, якія нас падтрымалі ў галіне структурных пераўтварэньняў і стабілізацыйных фондаў».

«Асабліва мы ўдзячныя Расейскай Фэдэрацыі, асабліва Ўладзімеру Пуціну і Дзьмітрыю Мядзьведзеву», — сказаў Мясьніковіч.

Хофман праінфармаваў кіраўніка беларускага ўрада аб тым, што заступае на пасаду кіраўніка місіі МВФ у Беларусі. Ён адзначыў, што
мэтай гэтай місіі зьяўляецца перадача спраў і прадстаўленьне яго уладам Беларусі ў якасьці новага кіраўніка місіі МВФ, перадае Інтэрфакс.

«Наша цяперашняя місія абмежаваная, мы не плянуем рыхтаваць справаздачу. Мы мяркуем выкарыстоўваць гэтую місію для падрыхтоўкі працы будучай місіі па трэцяму постпраграмнаму маніторынгу, які мяркуецца правесьці ў кастрычніку », - заявіў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі.
XS
SM
MD
LG