Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзікаў, скінутых з самалёта, знайшлі ў Сухараве


Жыхар раёна Сухарава ў Менску знайшоў швэдзкіх плюшавых мядзьведзікаў у сябе ў двары і на даху.

«Як толькі мы пачулі, што мядзьведзікаў скінулі на Сухарава, мы з сябрамі выправіліся іх шукаць. Асабліва, калі ўбачылі відэа і пазналі „родную“ ТЭЦ», — распавёў газэце «Наша ніва» жыхар раёна Сухарава, які папрасіў не называць ягонага імя.

У выніку адзін мядзьведзік знайшоўся на двары, другі — на даху.
«Гэта моцна: абысьці ўсе беларускія ПВА. І што б вы думалі, мы знайшлі іх. Цяпер адразу два мядзьведзікі ў нас. Швэды круцейшыя за Руста».

4 ліпеня швэдзкае выданьне The Local паведаміла, што грамадзяне гэтай краіны скінулі на Менск амаль тысячу цацак са словамі падтрымкі дэмакратыі і свабоды ў Беларусі. Пілёты сьцьвярджалі, што раніцай яны скінулі цацкі таксама і ў раёне рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Міністэрства абароны Беларусі абвергла інфармацыю пра парушэньне беларускай паветранай прасторы.

У інтэрнэце зьявіліся відэакліпы, на якіх зь невядомага самалёта скідваюцца нейкія рэчы. Адзін фрагмэнт відэа зьняты ў кабіне пілёта, на другім, дзе самалёт бачна ў небе, — можна пазнаць горад Івянец Менскай вобласьці.

Міністэрства абароны Беларусі заявіла агенцтву Белта, што «скандальнае відэа аб палёце швэдзкіх пілётаў над Беларусьсю зьяўляецца груба сфабрыкаванай правакацыяй.

Тым часам прадстаўнік вайскова-паветраных сілаў Літвы пацьвердзіў выданьню Lietuvos rytas, што ў сераду ў Літве выяўлена парушэньне паветранай прасторы.

Карэспандэнт РС Рыкард Юзьвяк пагутарыў з Томасам Мазэці, пілётам, які раскрыў падрабязнасьці таго, як 4 ліпеня ён ажыцьцявіў палёт на Беларусь і «высадзіў мядзьведжы дэсант» у Івянцы і ў Менску.

Швэдзкія арганізатары «плюшавага бамбардаваньня» Менску зьнялі маскі ў інтэрвію швэдзкаму тэлеканалу SVT і расказалі, хто ажыцьцяўляў акцыю і хто падтрымліваў яе на зямлі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG