Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сакуны — гэта частка беларускага племя дрыгавічоў, што засяляла вярхоўі ракі Пціч. Такую мянушку атрымалі за тое, што ўсе дзеясловы на «-ся» вымаўлялі цьвёрда — на «-са». На пачатку мінулага стагодзьдзя іх налічвалася каля 10 тысяч чалавек. Ці засталіся сакуны сёньня?

Шчыткавічы — вёска вялікая. З дыхтоўным мэмарыялам пасярод немалога сквэру — памяці землякоў, палеглых у апошняй вайне. Каля сквэру вялікі Палац культуры і двухпавярховая цагляная школа. Я гутару зь дзяўчынкай-выпускніцай і настаўніцай роднай мовы.

— Вы ведаеце, хто такія «сакуны»?

— Гэта народ, які жыў на тэрыторыі Беларусі. Яны размаўлялі вельмі цікава. Гаворка заўсёды канчалася на «-са». Напрыклад «Наеўса».

— А вы самі гаворыце на «-са»?

— Не. Ужо ўсё.

Племя сакуноў вылучалася ня толькі дзеяслоўным фармантам «-са», за што і атрымала такую мянушку. Але і іншымі, больш цікавымі рэчамі. Вось як апісвае сакуноў у сваім дасьледаваньні знакаміты этнограф Ісаак Сербаў.

«Жанчыны ў сакуноў карыстаюцца аднолькавымі правамі з мужчынамі. Наняць прыслугу ў іх амаль немагчыма. Дзяўчына ні за якія грошы ня пойдзе служыць, лічачы для сябе гэта вялікай ганьбай. — Калі сакун даў слова, а тым больш прысягнуў „на грудзі“, то ён абавязкова выканае абяцанае. Маральнасьць у іх настолькі высокая, што сямейнай нявернасьці ці парушэньня дзявочай цноты сакуны ня ведаюць. П’янага разгулу і крадзяжу ў іх незаўважна. Ня ведаю, чым растлумачыць, што ў Шчыткавічах бабы ледзь не пагалоўна кураць махорку цалкам адкрыта. На поясе носяць люльку і мяшок з тытунём».


Дырэктар Палаца культуры Мікалай Баравік кажа, што жанчына зь люлькай — ніякая ня выдумка.

— Што адметна. Кажуць, што ў іх быў матрыярхат. Жанчыны курылі самасад і люлькі насілі.

— Гэта ў якія гады?

— Гэта ў 19-м стагодзьдзі. Я яшчэ памятаю, у дзяцінстве бабуля хадзіла, суседка, хадзіла зь люлькай і курыла махорку. Прычым адкрыта. І амаль пагалоўна яны курылі.

— Жанчыны?

— Жанчыны.

— А ў чым-небудзь яшчэ выяўляўся гэты матрыярхат?

— Па-мойму, яны кіравалі ўсёй справай. Калі курылі, то і кіравалі.

У Палацы культуры ёсьць унікальная экспазыцыя этнаграфіі. Большую яе частку складаюць сямейныя рэліквіі бібліятэкаркі Тамары Віктараўны Кафганавай.
— Я праўнучка натуральнай жанчыны-сакункі. Мая прабабка нябожчыца 96 гадоў пражыла. Яна сама люльку не курыла, але ў нашай мясцовасьці, я яшчэ памятаю, жылі жанчыны, яны насілі люлькі і яны курылі. У іх быў матрыярхат. Яны кіравалі ўсёй гаспадаркай.

— У чым гэта выяўлялася?

— Жанчыны ў сям’і стаялі вышэй за мужчын. Кіравалі домам.
Унікальныя абрусы і ручнікі, некаторым зь якіх не адна сотня гадоў, вісяць на сьцяне толькі як упрыгожаньні. Бо няма каму ў Шчыткавічах расчытаць іх арнамэнты. Ды нават правільна павязаць тыя наміткі ўжо ніхто ня здолее.

— Вось гэта фата была. Намёт. Яны насілі гэтыя намёты. Мая бабуля гэты намёт ня ўмела завязваць, а прабабка нам, дзецям, завязвала гэты намёт. Адзін канец гэтага ручніка быў ззаду, а другі абавязкова павінен быць сьпераду. Вышываліся пярэднікі. Калі жанчыны паміралі, ім завязвалі фартух. Замуж выходзіць быў свой узор, у царкву хадзіць быў свой узор. І людзі, якія паміралі, быў свой узор. Як мая пакойная прабабка гаварыла, крамнае мне ня трэба. Заўжды хадзіла ў палатняным.

— А крамнае?

— Яно ў яе не каціравалася. Вось паглядзіце, для чаго гэты ручнік вышываўся? Напэўна, у царкву.

— Якую ролю адыгрывала гэтая люлька?

— Ну, хутчэй за ўсё гэта быў сымбаль улады. Мая нябожчыца прабабка, 1886-га году, у яе была прымаўка любімая: «Калі з пана пан, то гэта пан, а калі з хама пан, то гэта хам». Была рэвалюцыя, многа пакрыўджаных, дык яна казала: «Мы пры пану лепш жылі». Гэта крамола ўжо?

Дазвольце яшчэ адну цытату з кнігі Ісаака Сербава «Беларусы-сакуны»:

«У сакуноў да гэтае пары захаваліся старажытныя звычаі. Напрыклад, правёўшы нябожчыка з галашэньнем на клады, сакуны спачатку ладзяць дома хаўтуры, а пасьля зьбіраюць рэшткі ежы і піцьця і ідуць на задворкі ці на ростані. Сядаюць у кола і правяць трызну, размаўляючы з быццам прысутнымі тут нябожчыкамі. Блізкія ходзяць з галашэньнем на сьвежую магілу і абсыпаюць яе макам».

— У Ляўках і цяпер гаворка на «-са» ідзе. Нават я ў дзяцінстве, пакуль не пайшлі ў школу, мы таксама так гаварылі. У школе нас адвучылі. «Грамотно надо разговаривать».

— А песьні былі адметныя нейкія?

— Былі, але я ўжо іх ня памятаю. Бо калі мы падрасьлі, сьпявалі ўжо сучасныя. Зь дзяцінства запомнілася, што яны зьбіраліся на лаве, і не было ніякай выпіўкі, сьпявалі песьні ўвесь час. Песьня была ў іх любімая...

Як выйду за гору ды гляну дадому.
Вары, мама, вячэру яшчэ й на маю долю.
Вячэру варыла, ня раз гаварыла:
Няма ў цябе, дочка, ані міскі, ні ложкі.
Няма ў цябе, дочка, ані шчасьця ні трошкі.

Я яе помню зь дзяцінства са свайго. І пра п’янку ў бабкі любімая прымаўка была. Калі мужык пайшоў у шынок, яго гаспадаром не лічылі. Прабабка казала, што не пілі. «Каб пілі, мы б, — кажа, — не жылі».

Настаўнік Барыс Ізевіч Галінсон, нашчадак слуцкіх габрэяў і сакуноў, паказаў мне свой радавы дом. Хату мінулага стагодзьдзя. Усярэдзіне больш падобную, кажучы сучаснай мовай, на студыю. Жыльлёвая прастора не перагароджаная сьценамі.
— Мэбля была іншая. Колькі ёй гадоў, я ня ведаю. Гэта тыповы сакуноўскі дом. Тут нічога не мянялі.

— А чым адрозьніваўся сакуноўскі дом?

— У іх заўжды дом на тры вакны. Першае вакно на ўсход і маленькае вакенца ў сені. У іншых дамах перагародкі — на спальню, на кухню асобна.

— Утульны дом.

— Адна печ на палях стаіць. Ацяпляе ўсё.

Як мала я чуў у Шчыткавічах беларускай мовы. Відаць, разам з адметным «-са» ў сакуноў вытручвалі і прыродную беларушчыну. Ад былога калгаса-мільянэра засталіся бэтонныя помнікі былога гандлёвага цэнтру і Палаца культуры.

— Жылі пры савецкай уладзе ў аграгарадку. У 70-я тут усё было. Дом культуры, гандлёвы цэнтар. У гандлёвым цэнтры сталовая, кафэ, харчовая крама, прамысловыя тавары, аптэка, бальніца, лазьня, пральня, кнігарня.

— І кнігарня была свая?

— Свая. Пасьля, як гандлёвы цэнтар разваліўся і ня стала чым паліць, усе пайшлі па сваіх кутах. Гандлёвы цэнтар не было чым паліць, яго закрылі. Стаіць разваліна. Аграгарадок зрабілі. У школе плот паставілі, памянялі сталярку, адрамантавалі дзіцячы садок. А ў вёсцы практычна нічога. Пару вуліц заасфальтавалі. Вось табе і аграгарадок.

Але ёсьць яшчэ адна спэцыфічная дэталь. У вялікім цагляным будынку школы няма туалету. Калісьці ён, вядома, быў. Але падчас «бэбі-буму» стала не хапаць аўдыторый, і туалетныя памяшканьні аддалі пад клясы. Цяпер дзяцей паменела, але яны працягваюць хадзіць у бэтонную шпакоўню зь дзіркамі. Уяўляеце, як гэта адбіваецца на арганізьме дзяўчатак у лютыя маразы? Карацей, новы бэтонны плот аказаўся больш прыярытэтны, чым здароўе нашчадкаў. Але вернемся ў школу.

Настаўніца: Сёньняшняя моладзь, якая ідзе ў першую клясу, — іх бацькі накіравана вучаць расейскай мове. Яны ня хочуць, каб яны размаўлялі на беларускай. Яны мяркуюць, што паедуць дзеці ў горад. Усе хочуць вучыцца ў Менску. Каб не адрозьніваліся ад іншых, каб не здаваліся вясковымі. У першую чаргу ідзе разьмежаваньне гораду і вёскі.

Пытаюся ў вучаніцы:

— А якую музыку вы слухаеце?

— Розную. Не такую, якую слухалі раней.

— А даходзіць сюды што-небудзь ад нашых беларусаў? Вольскі, Вайцюшкевіч, Н.Р.М.?

— Я нават такіх і ня ведаю.

Шкадуючы, што мне не пашчасьціла раскурыць люльку зь якой сакункай, я накіраваўся ў суседнія Ляўкі.

Грымела атака, страчаў кулямёт,
Зямля напіталась крывёю.

Вайна уціхала, а фронт шоў ўпярод,
З Пабедай маць сына страчала.

Аднажды міне пастрачалась адна,
З Пабедаю маць паздраўляла.

Прыдзі, мой сынок, раскажу аба ўсём,
Як зь немцам Наташа гуляла.

Старая сялянка Вера Шумін сьпявае мне жорсткі пасьляваенны раманс. Гэта вельмі цікавы прыклад. І народнай творчасьці з жорсткім сюжэтам, і мовы, якая запанавала ва Ўсходняй Беларусі ў пасьляваенныя гады. Такіх песень хадзілі тады дзясяткі. Дажылі да сёньняшняга дня адзінкі. У тым ліку вядомая «Надзенька» з «Народнага альбому».

Ён скінуў фуражку і скінуў шынэль
І быстра к Наташэ памчаўся.
Па старай прывычке к акну падыйшоў
Ціхонька в акно пастучаўся.

Песьню мне сьпявае жыхарка вёскі Ляўкі — Вера Шумін. Менавіта так яна і запісаная ў пашпарце, у мужчынскім родзе. Вера Паўлаўна Шумін. Ці не прыкмета гэта таго матрыярхату, які панаваў у людзей, якія называлі сябе «сакуны»? Зрэшты, чаму называлі? І зараз называюць. Алена Карэнік, моцная, гаваркая, вясёлая старая і зараз вымаўляе слова «сакуны» з гонарам:
— Нас звалі «сакуны». Мы на «-са» гаварылі. Мы і цяпер прымяняем гэтыя словы. Падружыліса, перавярнуласа.

— Сакуны адрозьніваліся толькі гэтым «-са»? Ці былі свае звычаі?

— У Падарэсьсі, у Дражні, у іх — «вух». «Вух, каб ты здох», «вух, каб ты пайшоў». У іх на «вух», а ў нас на «-са». А так адрозьніваліся... У нас дружныя людзі. Бывала, у нас жылі хата ля хаты. Мы самі жылі дзьве сям’і на адным двары. А людзі жылі па чатыры гаспадары. А былі яшчэ курныя хаты.

Побач тут сумна вядомая вёска Дражна. Дзе ў вайну партызаны разграмілі паліцэйскі гарнізон. Разграмілі разам зь сем’ямі і мірнымі жыхарамі. Наколькі ўсё ж бог вайны няроўна дзяліў беларусаў. Былі вёскі, як тыя ж нарачанскія Наносы, дзе людзі пераседзелі акупацыю, ня бачыўшы ані немцаў, ані партызан. Былі вёскі, як Міхалова і Масюкоўшчына пад Менскам, дзе стаяў нямецкі гарнізон. Былі партызанскія вёскі. А былі Хатыні і Боркі. Дык вось лёс Хатыні маглі падзяліць і Ляўкі.

— У Церыбуце партызаны, у Дражні немцы. Адсюль бой ідзе і адтуль бой. А мы пасярэдзіне. Нам і адтуль, і адсюль.

— Як паміж молатам і кавадлам.
Грукаюць. У цябе адзёжа. Абы-хто. Тым сам ня ведаеш, хто ў цябе бярэ. Абуліса, адзелі твой кажух. Ні страху, ні жалю не было. Вось так перажылі ўсе. Нармальна.

— Так. Мы так жылі. Хто ўцякаў. А страху ніякага не было. І сьмерці не баяліся. Раз цябе вядуць, цябе заб’юць. «Як бы ўцячы, як мне схавацца?» Гэтага не было. Вось жывеш сабе. Адзін дзень пражыў, і слава Богу.

— Гарнізон у нас быў нямецкі. А потым разьбілі яго тут. І ўсе паліцыянты выбраліся ў Дражна. І ўжо былі як нэўтральныя. Нам страшна было. Мы чатыры дні гарэлі. Сяло гарыць, усё забіраюць. Ты нават і ня думаеш. Вядуць цябе, ты думаеш, што так і трэба. У цябе ніякага страху. У цябе нічога няма. Ты ідзеш і знаеш, што назад можаш не вярнуцца.

І вось ідуць. Грукаюць. У цябе адзёжа. Абы-хто. Тым сам ня ведаеш, хто ў цябе бярэ. Абуліса, адзелі твой кажух. Ні страху, ні жалю не было. Вось так перажылі ўсе. Нармальна.

Маю суразмоўніцу яшчэ дзяўчынкай маглі жыўцом спаліць у хляве разам з усімі ляўкоўцамі. Але, як гэта часта бывае, здарыўся цудоўны выпадак.

— Калі пачалася блякада і сталі адступаць гэтыя немцы, усіх у хлеў загналі. Людзей. Памёр на скрыжаваньні на гравейцы немец. Усіх сагналі. Ахоўнікі з сабакамі. А ўрач прызнаў, што апэндыцыт, ці, як казалі, пераварот кішок. Той урач, лічы, выпусьціў усіх людзей. Ён прызнаў, што той умер, яго ніхто не забіваў. І распусьцілі тады людзей.

Наташа ісразу пазнала яго
І быстра яму дзьвер адкрыла,
І плакала горка, і сьлёзы ліла,
Празь сьлёзы «прасьці» гаварыла.

У дасьледаваньні этнографа Ісаака Сербава сакунскія жанчыны апісваюцца як уладныя кабеты, які кіруюць усімі. А сымбалем той улады служыла люлька, якую сапраўдная сакунка курыла прылюдна. На жаль, мне не пашчасьціла пакурыць тую люльку з сапраўднай сакункай. Але жвавая і ўвішная 90-гадовая Марыя Васількова памятае тыя люлькі.
— А ці праўда, што сакунскія жанчыны былі галаўнейшыя за мужыкоў?

— І цяпер ёсьць жанчыны галаўнейшыя. Таму што мужык п’е, а жонка ня п’е. Ага! Вось так.

— А яшчэ я прачытаў, што тутэйшыя жанчыны калісьці люлькі курылі.

— Мая баба курыла. 93 гады жыла. А дзед малады памёр. Сямёра дзяцей кінуў. А цяпер жа Лукашэнка дзеці гадуе. Яна з жыватом ходзіць, а ёй дэкрэт. А я свайго Хведзьку нарадзіла, а назаўтра мне норму картоплей садзіць.

— А гэтую люльку — вы яе захоўваеце?

— На той сьвет бабе паклалі.

Сама Марыя нарадзілася на хутары. У Ляўкі яе сям’я трапіла падчас калектывізацыі.

— Прыехалі, абабралі, і карову на пасту не выганяй. У калгас зганялі. А бацька не хацеў ісьці ў калгас, зямлю аддаваць.

— Дык ён правільна не хацеў.

— Хацеў сам сабе жыць на сваёй зямлі.

— Дык гэта добра?

— Дзе ж добра? Вось цяпер добра! Ня трэба ні калёсы, ні атосы, усё гатовае. Вось калі жыць! Мой бацька памёр, і брата саслалі.

Старая сакунка ніяк ня можа зразумець сваіх унукаў. Чаму тыя не задаволеныя сёньняшнім жыцьцём.

— У мяне свае ўнучкі. Яны сапуць на Лукашэнку. Я сваруся зь імі. Панаядаліся, кажу, хлеба і булак?

— «Сапуць». Ня хлебам жа адзіным жыве чалавек.

— Сапуць. Усё роўна сапуць. А моладзь недавольная. Вось як перажывуць Лукашэнку, панаядаюцца. Тады будзе пералом. Іншы ўрад.

— Будзе лепш ці горш?
Нас Лукашэнка адзеў босых, голых. Мы ў лапцях былі. А ён нас паабуваў. Усе ў бацінках ходзім.

— Ня будуць так уядаць і булкамі шыбацца. Лепшага мы не дажывём, які паляк хай ні заступіць. Цяпер добра жыць. Нас Лукашэнка адзеў босых, голых. Мы ў лапцях былі. А ён нас паабуваў. Усе ў бацінках ходзім.

— А Лукашэнка тут пры чым? Ён у 94-м годзе прэзыдэнтам стаў. У якіх лапцях вы хадзілі?

— У лапцях. Мы да Лукашэнкі ў лапцях хадзілі. Дзеці ідуць у школу, напляці ж лапцей. Я і цяпер лапаць спляту і абуюся.

— Што вы такое, Марыя, гаворыце?

— А моладзь ня любіць цяпер. А што яны хочуць?

— Назад у лапці ня хочуць абувацца.

— Чалавек памрэ, лапці паплятуць і выправяць на той сьвет.

Нешта даводзіць старой Марыі сэнсу ня мела. Бо яна так доўга жыве на сьвеце, што Лукашэнка для яе стаў не жывым канкрэтным чалавекам, а нейкай міталягічнай фігурай. Лукашэнка — гэта і Сталін, і Машэраў, і ўся савецкая ўлада разам узятая. Таму гэта дзякуючы Лукашэнку дзеці зьнялі лапці. І вайну выйграў Лукашэнка. І ў космас паляцелі дзякуючы яму. І ўсё, што ёсьць у жыцьці добрага — усё гэта зьвязана зь ягоным імем.

— Парадак цяпер лепшы, як што. Ня ўмеем ні хлеба пячы, ні бліна. Усё гатовае. Схадзі, купі і еж. Лукашэнка на хлеб дае, Лукашэнка на пахаваньне дае. Лукашэнка за народзіны дае. А я нарадзіла пяць штук, за ніводнае не атрымала.

— А песьні тады сьпяваліся народныя?

— Песьні. Цяпер такіх песень не пяюць. Цяпер — «я люблю цябе, ты любіш мяне. Я прыду к табе. Ты ка мне прыйшоў». А бывала ж, мы запяем. Жыцьцёвую!

Ён выняў наган і прастрэліў ёй грудзь.
Наташа як траўка завяла
За то, што нявернай ў стране ты была,
За то, што ты зь немцам гуляла.
Ня ждала міня, то ня жджы ты яго,
Напрасна ты совесьць цярала.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG