Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кудрычы — вёску з чарацянымі стрэхамі


Вёска Кудрычы Пінскага раёну — адно зь нешматлікіх паселішчаў беларускага Палесься, дзе дагэтуль захаваліся чарацяныя стрэхі, дзе ў разводзьдзе людзі плаваюць адзін да аднаго на лодках, а побыт вяскоўцаў шмат у чым нагадвае жыцьцё палешукоў у далёкім ХІХ стагодзьдзі.

Аўтэнтычную вёску меліся былі зрабіць цэнтрам аграэкатурызму. Але наплыву турыстаў, на якіх былі спадзяваньні, як не было, так і няма.

З двух дзясяткаў жыхароў у Кудрычах толькі чацьвёра — працаздольнага веку, астатнія — глыбокія пэнсіянэры. Ёсьць яшчэ адзін студэнт, ён навучаецца ў Віцебску ў вэтэрынарнай акадэміі. На яго запісана ў Кудрычах бацькава хата, але спадзевы на вяртаньне дыплямаванага спэцыяліста ў вёску блізкія да нуля. Тут няма дзе працаваць — жывёлагадоўчую фэрму даўно скасавалі, школы няма, крамы няма. Жаніцца маладому чалавеку таксама няма з кім.

71-гадовы вясковы стараста Махнавец зь біблейскім імем Майсей кажа на гэта:

«А што маладыя тут будуць рабіць? Ні школы, анічога тут няма. Тым больш, што і ў суседніх вёсках пазакрывалі. Зараз толькі ў Калавуравічах школа. Гэта далёка, кілямэтраў пятнаццаць, ды яшчэ цераз Прыпяць трэба. Калі яшчэ вясною плаціну паставяць на рацэ на гідравузьле, то яшчэ так сабе. А калі не, то трэба лодку трымаць на рацэ ды лодкаю перавозіць дзяцей. Аджывае вёска».

Майсей з жонкай Вольгай выгадавалі чатыры дачкі, але тыя таксама пакінулі «непэрспэктыўную» вёску.

Цікавімся ў гаспадароў: а пры якой уладзе Кудрычы жылі лепей — пры саветах ці цяпер, пры новай беларускай уладзе?

Махнавец: «А нам, галубчык, якая б курачка ні зьнясла яечко, абы добра было».

«Яечко» цяперашняй улады — гэта двухразовы на тыдзень рэйс аўталаўкі зь Пінску. А яшчэ — засеяныя збажыной палеткі там, дзе раней нераставалі шчупакі. У мокры год ураджаю з такіх палеткаў — кот наплакаў.

Прашчуры, як кажа Майсей, сяліліся ля вады дзеля аднае выгоды: побач рыба. Зь яе й жылі. Нават калі саветы арганізавалі калгасы і прымусілі вяскоўцаў працаваць за «палачку», па-іншаму — працадзень, тубыльцы рыбалоўства ня кінулі. Лавілі рыбу, вазілі ў горад на продаж, а адтуль вярталіся зь мяхамі хлеба, каб карміць сям’ю. Цяпер жа да ракі й падыйсьці вяскоўцам боязна — процьма забаронаў, крок улева, крок управа — астранамічныя штрафы.


Вяскоўцы, хто яшчэ мае сілы, жывуць пераважна з уласнай гаспадаркі. У Махнаўцоў яна ці ня ўзорная для палешукоў: конь, карова, свойская птушка, парсюкі, сабачка, два каты. У гародзе — парнік, старадаўнія вульлі-калоды, ці правільней — борці.
Борці Махнаўцоў

Борці Махнаўцоў


Гаспадарчая пабудова, накрытая чаротам, выцягнутая ці не на сотню мэтраў. У ёй асобныя дзьверы для жывёлы, для сена, для інвэнтару.

Спадарыня Вольга кажа, што з усіх паводак, якія яна памятае, найстрашнейшая была летась зімовая:

«Вада багата разьліваецца, але ў хаце ў нас ніколі не было вады. Але такога, як леташняй зімой, не было ніколі, хоць дзяды апавядалі, што здаралася рыбу й на палях лавіць па насту, як мы кажам. А ў тую зіму такая вада была, што, я думала, зойдзе ўжо ў хату. Адчыняю пад падлогай склепік, а вада да падлогі толькі сантымэтраў дзесяць не дастае. А пасьля замерзла ўсё, нібы стэп голы быў. Бульбу з капцоў у студзені вынімалі, у дом стары пераносілі й грубу палілі, каб выратаваць. А там, дзе бульба закапаная была, вада па версе пайшла. Для жывёлы дык у хляве гной мосьцім, каб увесну не затапіла. Пад хату, калі будуем, зямлю мосьцім, а гаспадарчыя пабудовы так ставім».
Вольга Махнавец

Вольга Махнавец


Жанчына кажа, што пры Брэжневу жыць было ўсё-ткі лягчэй:

«Пры Брэжневу жыць было ўсім вельмі лёгка. Паставіш мотара, паставіш лодку — што ні паставіш, ніхто ніколі нічога ня краў. А цяпер — нічога не пакінеш. Калі пакінеш мотара, то на другі ж дзень п’яніцы забяруць і прап’юць».

Мясцовыя ўлады яшчэ нядаўна меліся зрабіць Кудрычы ды некаторыя падобныя да іх навакольныя вёскі цэнтрам аграэкатурызму. Зазывалі сюды замежных турыстаў — падзівіцца на аўтэнтычную вёску й людзей на балоце.

Пінскі філіял «Беларусбанку» зьбіраўся нават выдзеліць грошы на будоўлю гатэлю й гасьцявых дамкоў — з надзеяй прывабіць патэнцыйных інвэстараў-замежнікаў і мець урэшце з турызму добры прыбытак.

У Калавуравіцкім сельскім савеце, да якога адносяцца Кудрычы, кажуць, што пляны давялося адсунуць убок:

«Думалі разьвіваць аграэкатурызм. Але банк пакуль гэта ўсё не фінансуе. Нават нічога не пачыналі — ніякай будоўлі. Тэма, праўда, пакуль не закрытая. Магчыма, некалі й будзе. У сувязі з крызісам усякае фінансаваньне спынілася. Нават не пачыналі, але плянавалі, што дамкі пабудуюць, гатэль».

Цяпер у вёсцы, па падліках Майсея Махнаўца, засталося адзінаццаць «жывых» хат. Наймаладзейшаму з «тубыльцаў», як называюць сябе мясцовыя жыхары, даўно ўжо за пяцьдзесят.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG