Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскай актывістцы «Эўрапейскай Беларусі» — 10 сутак арышту


Belarus – Alena Semenchukova, public activist, Vitsebsk, 17Apr2012

Belarus – Alena Semenchukova, public activist, Vitsebsk, 17Apr2012

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская пакарала дзяўчыну за распаўсюд улётак з заклікам байкатаваць выбары.

Суд над актывісткай распачаўся яшчэ 30 чэрвеня. Напярэдадні Алену Семенчукову разам зь непаўналетнім братам затрымалі падчас распаўсюду ўлётак з заклікам да байкоту будучых выбараў. Непаўналетняга Сяргея Семенчукова адпусьцілі дадому, а на актывістку «Эўрапейскай Беларусі» склалі адміністрацыйны пратакол і на ноч зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

30 чэрвеня суд быў спынены, бо дзяўчына заявіла пра сваё права на абарону. Судзьдзя дала час, каб дамовіцца з адвакатам.

«Мы ўражаныя жорсткім рашэньнем судзьдзі. Бо прысудзіць 10 сутак маладой дзяўчыне — гэта занадта. Нават з улікам таго, што Алену Семенчукову ўжо прыцягвалі сёлета да адміністрацыйнай адказнасьці», — адкамэнтавала судовую пастанову актывістка Тацяна Севярынец, якая прысутнічала ў залі суду.

Алену Семенчукову абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі. Такое самае абвінавачаньне было высунута супраць яе ў Чыгуначным райсудзе 20 сакавіка — тады дзяўчыну затрымалі і судзілі за тое, што яна выйшла ў цэнтар Віцебску з плякатам «Свабоду Сяргею Каваленку!» Тады актывістцы прысудзілі штраф памерам 5 базавых велічынь.Але Віцебскі абласны суд, разгледзеўшы касацыйную скаргу актывісткі, зьменшыў суму штрафу ў дзесяць разоў.

4 ліпеня ў Кастрычніцкім райсудзе, гэтаксама за распаўсюд улётак з заклікам байкатаваць выбары, быў аштрафаваны актывіст «Маладога Фронту» Яўген Гуцалаў. Хлопца затрымалі напярэдадні каля гарадзкога ЗАГСу, дзе ён раздаваў улёткі мінакам. Гуцалаў правёў ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня, а назаўтра быў пакараны двума штрафамі па 12 базавых велічынь кожны — разам гэта амаль 2 з паловай мільёны рублёў.

Тая ж судзьдзя Іна Грабоўская, што сёньня асудзіла на 10 сутак арышту Алену Семенчукову, учора прызнала Яўгена Гуцалава вінаватым у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і брыдкаслоўі ў грамадзкім месцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG