Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу зноў не пусьцілі на завод


Міхаіл Кавалькоў

Міхаіл Кавалькоў

5 ліпеня старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаіл Кавалькоў зноў ня трапіў на сваё працоўнае месца — у офіс суполкі, які знаходзіцца ў будынку заводакіраўніцтва.

Паводле актывіста, разблякаваны 29 чэрвеня сталы пропуск на прадпрыемства сёньня не спрацаваў, а разавы яму адмовіліся выдаваць.

Кавалькоў зьвярнуўся ў суд, каб адміністрацыю заводу вымусілі выканаць судовую пастанову ад 8 чэрвеня. Ёю судзьдзя Бабруйскага суду Тамара Карпоўская абавязала кіраўніцтва заводу разблякаваць Кавалькову сталы пропуск.

«Сёньня ад начальніка бясьпекі рэжыму такі адказ прагучаў, што 29-га мы табе пропуск разблякавалі й выканалі патрабаваньне суду. Сказаў, што пропуск нібыта зламаны й трэба пісаць заяву. Я напісаў заяву на новы пропуск. На пытаньне, калі разгледзяць яе, мне адказалі, што „гэта наша справа“. Часовы й разавы пропуск мне адмовіўся выпісваць. То бок ігнаруецца рашэньне суду цалкам. Я напісаў заяву ў суд на прымусовае выкананьне яго пастановы. Але гэта зойме, зразумела, пэўны час. Дзеяньні адміністрацыі — гэта спроба ня даць мне працаваць як кіраўніку прафсаюзнай суполкі», — заяўляе Міхаіл Кавалькоў.

Як сьцьвярджае актывіст, нядопуск яго на прадпрыемства судзьдзя Карпоўская ў матывіровачнай частцы выраку кваліфікавала як дыскрымінацыю паводле прафсаюзнай прыкметы.

У заводзкай службе бясьпекі рэжыму на прэтэнзіі Міхаіла Кавалькова адрэагавалі так:

«Згодна з пастановай суду рашэньнем па заводзе пропуск яму быў разблякаваны. У пятніцу пропуск спрацаваў, а сёньня — не. Узялі ў яго заяву на замену пропуску. Ён настойліва патрабаваў яго падпісаць і замяніць пропуск. Вы ж пагадзіцеся, падпісаць „на сьпіне“ і ў кабінэце — дзьве розныя рэчы. На што яго памяняць, калі ў нас працэдура пэўная ёсьць? Мы рашэньне суду выканалі. Па разавы пропуск ён сёньня не зьвяртаўся».

1 ліпеня скончыўся тэрмін дзеяньня арэнды памяшканьня, якое незалежны прафсаюз выкарыстоўвае як офіс. Адміністрацыя настойвае, каб суполка яго пакінула. Прапануецца іншае памяшканьне, адкуль няма праходу на тэрыторыю прадпрыемства. Пытаньне з офісам суполкі цяпер разьбіраецца ў абласным гаспадарчым судзе.

Міхаіл Кавалькоў — вызвалены работнік незалежнага прафсаюзу. У лістападзе 2011 году гэты прафсаюз сабраў больш за тысячу подпісаў працаўнікоў заводу пад патрабаваньнем павысіць заробак удвая. Пасьля гэтага ў Кавалькова, як ён сьцьвярджае, і пачаліся праблемы з праходам на завод. Пазьней — і з офісам суполкі.
XS
SM
MD
LG